Галоўная бітва Канстанціна Астрожскага


Князь Канстанцін Астрожскі добра вядомы беларусам і ўкраінцам як таленавіты палкаводзец і мецэнат. Якою ён бачыў будучыню Вялікага Княства Літоўскага?

Князь Канстанцін Астрожскі (1460–1530) быў выбітным чалавекам. Ён заваяваў такі давер польскага караля і вялікага князя літоўскага Сігізмунда, якога не пахіснула нават 7 гадоў палону ў Масковіі, куды князь Канстанцін трапіў у 1500 годзе.

Князь Канстанцін праславіўся на вайсковай ніве. Надпіс у грабніцы князя ў Кіева-Пячэрскай лаўры называе яго рускім (не расейскім!) Сцыпіёнам і ўслаўляе 63 ягоныя вайсковыя перамогі. Дзень бітвы пад Воршай 8 верасня 1514 года зрабіўся неафіцыйным днём беларускае вайсковае славы. Імем князя ўкраінцы назвалі 30-ю асобную механізаванаю брыгаду.

Ва Украіне таксама вельмі шануюць род Астрожскіх, якія пераўтварылі сваё радавое гняздо на тэрыторыі сучаснай Украіны, Астрог, у буйны культурны цэнтр. Туды ўцёк з Масковіі першадрукар Іван Фёдараў, які паходзіў з Берасцейшчыны. Там у 1576 годзе адкрылася Астрожская акадэмія, першая вышэйшая праваслаўная навучальная ўстанова.

Дзейнасць князя Астрожскага мела на мэце змяніць Вялікае Княства Літоўскае. Калі б ягоныя планы ажыццявіліся, Рэч Паспалітая магла б зрабіцца дзяржаваю не двух, а трох народаў: палякаў, ліцвінаў і русінаў.

Якім чынам князь Канстанцін заваяваў давер караля? Як ён правёў 7 гадоў у маскоўскім палоне? Як выглядала дзяржаўніцкая дзейнасць князя Канстанціна? Кім былі русіны, інтарэсы каторых ён рэпрэзентаваў? Ці знайшоўся нехта, каб працягнуць справу князя Канстанціна?

Аўтар і вядоўца праграмы – гісторык Цімох Акудовіч.

Праграма «Вусы Скарыны» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: Alex Tora / commons.wikimedia.org