Што засталося ў Беларусі ад бясплатнай медыцыны?


Беларуская сістэма аховы здароўя – самая даступная, а заходнія краіны эканомяць на здароўі сваіх грамадзянаў – такая рыторыка прадстаўнікоў уладаў. Але цяжка хворыя беларусы распавядаюць, як беларускае Міністэрства аховы здароўя адмаўляе ім у лячэнні. Чаму ў беларускай сістэмы здароўя няма грошай і лекаў на цяжкіх пацыентаў? Чаму ў нас не лечаць людзей з рэдкімі захворваннямі, ды што ім рабіць? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Шчыра кажучы».

Кожны грамадзянін мае права на ахову здароўя: гаворыцца ў Артыкуле 45 Канстытуцыі Беларусі. Але не ўсе беларусы маюць роўны доступ да лячэння. Найперш гэта адчуваюць людзі з рэдкім захворваннямі – мукаполісахарыдоз, хвароба Дзюшэна, спінальная цягліцавая атрафія. Рэдкае – гэта значыць, што сустракаецца менш, чым у аднаго чалавека з 2000. Таму іх можна не заўважаць. Нават рэактывы для лабараторных даследаванняў для такіх хворых не заўсёды ёсць.

Героі праграмы «Шчыра кажучы», Віктар з сястрой Ірынай, хварэюць на спінальную цягліцавую атрафію з дзяцінства. Гэта хвароба слабых цягліцаў – людзям цяжка хадзіць, сядзець і глытаць. Але беларускія дактары нават не змаглі ім паставіць дакладнага дыягназу.

Віктар, хворы на СЦА. Фота з прыватнага архіву

Час для гэтай хваробы надзвычай важны. Чым хутчэй атрымаеш дыягназ і пачнеш лячэнне, тым больш верагодны поспех.

Анастасія Грычанікава заўважыла, што з сынам нешта не тое пасля чарговай дзіцячай прышчэпкі. Ён імкліва пачаў слабець. Больш за год хадзілі да дактароў. Толькі аднаго выніку ДНК-аналізу яны чакалі чатыры месяцы.

«Атрымліваецца, калі можна было паставіць дыягназ, Лёша яшчэ добра хадзіў. Яму было паўтара года. І дыягназ яму паставілі ў 3,2. То бок, мы згубілі паўтара года.За гэты час моцна прагрэсавала захворванне, ён вельмі саслаб», – згадвае Анастасія.

Анастасія і Аляксей Грычанікавы. Стоп-кадр з праграмы “Шчыра кажучы”

На што пайшлі героі праграмы, каб здабыць магчымасць лячыцца за кошт бюджэту? Як досвед суседзяў можа дапамагчы ў рэфармаванні айчыннай медыцыны? Які варыянт медычнага страхавання быў бы аптымальны для Беларусі? Глядзіце ў відэа.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота на прэв’ю: прыватны архіў