Як даследаваць генетычны код беларусаў?


Навіны навукі – гэта, хутчэй, выключэнне ў сусветных медыях. Але толькі не ў першы тыдзень кастрычніка, калі ў сталіцы Швецыі Нобэлеўскі камітэт абвяшчае лаўрэатаў. І ўвесь свет сочыць, хто атрымае з рук шведскага караля залаты медаль, а таксама грашовы прыз 10 мільёнаў шведскіх кронаў.

«Гэта найбольш прэстыжная навуковая ўзнагарода для большасці навук, перадусім прыродных. І як увесь свет сочыць за спартовымі чэмпіянатамі, так і навукоўцы сочаць за Нобэлеўскай прэміяй», – тлумачыць навуковы працаўнік Нацыянальнага прыроднага навуковага музею Украіны Аляксей Каваленка.

Гэтая навукова-культурніцкая прэмія з’явілася дзякуючы жоўтай прэсе, якая шукала гучныя загалоўкі. У ХІХ стагоддзі шведскі хімік Альфрэд Нобэль, дзякуючы свайму востраму розуму і ўпартай працы, вынайшаў адзін з рухавікоў індустрыйнай эры – дынаміт. І добра зарабіў грошай на вынаходніцтве гэтай бяспечнай і надзейнай выбухоўкі ды іншых рэчаў.

Дынаміт дапамог будаваць дамбы, масты і тунэлі, здабываць вугаль і іншыя карысныя выкапні. Але несумленныя журналісты заўважылі толькі ваеннае выкарыстанне выбухоўкі і назвалі Нобэля гандляром смерцю. Навукоўцу-пацыфісту Альфрэду гэта вельмі не спадабалася. Пад канец жыцця ён запісаў увесь свой капітал у спадчыну адмысловага фонду, які б штогод узнагароджваў выбітных навукоўцаў, літаратараў і грамадскіх дзеячаў незалежна ад краіны паходжання. Каб адзначаць учынкі, якія робяць свет лепшым.

Альфрэд Нобэль загадаў вылучыць сродкі на ўзнагароды ў пяці кірунках: медыцына, фізіка, хімія, літаратура і дапамога ў станаўленні міру. Значна пазней, у 1968 годзе, Банк Швецыі стварыў сваю прэмію памяці Нобэля за дасягненні ў эканамічных навуках.

Намінантаў выбіраюць не за мінулы год, а за цэлыя дзесяцігоддзі.

«Адкрыцці правяраюцца часам, правяраюцца іх выкарыстаннем у тэхналогіях, і адпаведна, праз нейкі час становіцца зразумелым, што менавіта гэтае адкрыццё вялікую ролю адыгрывае», – падкрэслівае беларускі магістр фізікі Валянцін Аскірка.

У гэтым сэнсе вельмі паказальная сёлетняя прэмія ў галіне медыцыны і фізіялогіі. Яе атрымаў шведскі генетык Свантэ Пээба – хросны бацька палеагенетыкі ці археагенетыкі. Кажучы проста, гэта навука, як са старажытных костак дастаць узор ДНК.

«Што сапраўды падштурхоўвае нашую працу – гэта цікаўнасць. Можна рабіць археалагічныя раскопкі, каб даведацца пра мінулае. А мы капаем у геноме чалавека. Напрыклад, мы пабачылі, што падчас пандэміі каронавіруса найбольшая рызыка цяжка захварэць ці нават памерці ад віруса перайшла сучасным людзям ад неандэртальцаў», – распавёў лаўрэат журналістам на прэс-канферэнцыі ў Інстытуце Плянка.

«Свантэ Пээба быў першым чалавекам, якому паспяхова ўдалося прачытаць геном неандэртальца. Да гэтага моманту людзі задавалі сабе пытанні, як яны адрозніваліся ад сучасных людзей, ці былі паміж імі шлюбы, ці быў абмен генетычнай інфармацыяй», – распавядае кандыдат біялагічных навук Алена Кушнярэвіч з Інстытуту геномікі Тартускага ўніверсітэту (Эстонія).

Антрапалагічна – па костках – неандэртальца сабралі даўно. Але менавіта навуковая група Свантэ Пээба, упершыню прачытала неандэртальскі геном і расшыфравала геном дзянісаўца, іншага гамініда, ад якога засталося ўсяго некалькі костак. Іх упершыню знайшлі ў Дзянісавай пячоры на Алтаі. Аналіз старой ДНК зрабіў пераварот ва ўяўленні, адкуль наш род.

«Неандэртальцы і дзянісаўцы не проста вымерлі, яны пакінулі ўсярэдзіне сённяшніх людзей часткі свайго геному. У геноме еўрапейцаў найчасцей застаецца 1–4 % неандэртальскай ДНК. У геномах багата каго з жыхароў Азіі – 1–6 % ДНК дзянісаўцаў», – тлумачыць Аляксей Каваленка.

Як і ў выпадку Альфрэда Нобэля, імпульс для развіцця шведскі генетык атрымаў з пэўнай няўдачы.

«Спробы вылучыць ДНК з памерлага арганізму былі здзейсненыя Свантэ Пээбэ яшчэ ў далёкія 1980-ыя гады. Гэта была спроба вылучыць ДНК з тканінаў егіпецкіх муміяў», – адзначае Алена Кушнярэвіч.

Але аказалася, што ДНК муміяў была забруджаная, змяшаная з ДНК працаўнікоў лабараторыі. Свантэ Пээбэ ператварыў гэтую няўдачу ў поспех: распрацаваў метадалогію, як працаваць са старымі матэрыяламі, як не забруджваць, як вызначыць, што гэта археалагічны матэрыял.

«Доўгі час мы даследавалі мінулае толькі з дапамогаю нейкіх рэштак і кантэксту раскопак. А цяпер маем магчымасць даследаваць архаічную ДНК, геномы даўніх арганізмаў. Доўгі час лічылася, што іх немагчыма даследаваць», – тлумачыць Аляксей Каваленка.

На жаль ці на шчасце, генетычная машына часу, зробленая набэліятам, не дазваляе вярнуць да жыцця дыназаўраў ці нават разгадаць іхнай ДНК.

«ДНК – вельмі пяшчотная малекула, якая хутка руйнуецца. Доўгі час непераадольным барʼерам было расшыфроўванне геному векам больш за мільён гадоў. Толькі летась удалося расшыфраваць і з костак ды зубоў маманта вылучыць ДНК, старэйшую за мільён гадоў», – кажа ўкраінскі адмысловец.

Генетычнаю машынаю часу карыстаюцца і беларусы. Алена Кушнярэвіч абараніла дысертацыю ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі ў Менску. А цяпер у Тартускім універсітэце ў Эстоніі даследуе старажытныя ўзоры ДНК, знойдзеныя ў Беларусі – ад сярэднявечча нават да каменнага веку: 10 тысячаў гадоў таму.

«Мы таксама робім даследаванні, таксама робім свой унёсак у разуменне і пашырэнне ведаў пра гісторыю беларусаў, ці тых людзей, якія жылі на тэрыторыі Беларусі тысячагоддзямі», – тлумачыць значэнне сваёй працы спадарыня Кушнярэвіч.

Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі падзялілі Ален Аспэ з Францыі, Джон Клаўзэр са Злучаных Штатаў і Антан Цайлінгер з Аўстрыі – за даследаванні ў квантавай механіцы. То бок у даследаванні рэчыва на ўзроўні элементарных частак, якія захоўваюць сувязь між сабою на вялізных адлегласцях.

«За доследы, звязаныя з заблытанымі фатонамі і за адкрыццё новай навукі – квантавай інфарматыкі фактычна… Ёсць абʼекты, напрыклад, фатоны – часціцы святла, якія ў пары нейкім чынам ствараюць адзінае цэлае. І ўласцівасць аднаго абʼекту з гэтай пары азначае і вызначае ўласцівасць другога абʼекту з гэтай пары. Нават калі адлегласць між гэтымі парамі вельмі вялікая», – распавядае магістр фізікі Валянцін Аскірка.

Адкрыцці лаўрэатаў-фізікаў далі чалавецтву прататып квантавага кампʼютара, які можа быць наймагутнейшым паводле характарыстыкі. А таксама квантавую крыптаграфію, а гэта бяспечная перадача інфармацыі, і… квантавую тэлепартацыю. Не зусім так, як у «Star Trek».

«Перадача інфармацыі адбываецца не праз капіяванне інфармацыі, а праз водгук другога абʼекту пры змяненні ўласцівасцяў першага. Атрымліваецца вельмі спецыфічная сітуацыя, пры якой не ўтвараецца копіі, а стан аднаго аўтаматычна вызначае стан другога», – тлумачыць Валянцін Аскірка.

«Амаль кожная Нобэлеўская прэмія – гэта яшчэ і гісторыя таго, як нейкая невырашальная задача ў выніку была вырашаная», – кажа Аляксей Каваленка.

Менавіта! Хімічнага нобэля падзялілі Кэралін Бэртозі і Бэры Шарплес са Злучаных Штатаў і Мортэн Мэльдаль з Даніі за тое, што спрасцілі складаныя працэсы. Яны заснавалі і вывелі на новы ўзровень функцыйнай формы хіміі – клік-хіміі, дзе хутка і эфектыўна малекулярныя будаўнічыя блокі складваюцца ў складаныя малекулы. Як кубікі «Lego».

«Прэмія прысуджаная за канцэпцыю арганічнага сінтэзу малекулы. Гэта азначае, што біялагічных малекулаў, у тым ліку такіх, якія потым выкарыстоўваюцца для сінтэзу лекавых сродкаў», – распавядае Валянцін Аскірка.

А гэта, напрыклад, матэрыялы з запраграмаванымі якасцямі, або дакладны сінтэз лекаў.

Чацвёртым нобэлем на гэтым тыдні стала прэмія ў галіне літаратуры, якую прысудзілі Ані Эрно. Французская пісьменніца апублікавала свой першы раман 48 гадоў таму. Беларусам пашанцавала: гэта той выпадак, калі мы можам прачытаць творы набэліяткі аднымі з першымі ў рэгіёне. Выкладчык ЕГУ Уладзіслаў Гарбацкі пераклаў кнігу Ані Арно «Падзея» яшчэ 2 гады таму.

«Яе няма па-літоўску, па-ўкраінску і па-расейску, але ён ёсць па-беларуску ў рэгіёне», – справядліва ганарыцца перакладчык.

Прэзентацыя кнігі па-беларуску адбылася ў Вільні ў гэтую пятніцу. Тэксты французскай пісьменніцы вельмі беларускія, кажа Уладзіслаў Гарбацкі: пра цяжкае жыццё ў няпростых умовах, часам пра бедных і маргінальных людзей.

«Мы, як савецкага паходжання, або з Беларусі, мы таксама з гэтым сутыкаліся, асабліва ў 1990-ыя гады. Вы маладзейшага пакалення, мо не сутыкаліся… Таму, калі я чытаю тэксты Ані Эрно, я разумею гэтае пасланне. Як яна ад пралетарства вырасла, абуржуазілася, стала прафесаркаю, стала вядомаю пісьменніцаю», – зазначае Уладзіслаў Гарбацкі.

У незалежнай Беларусі ўжо ёсць два нобэлеўскія лаўрэаты: гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі і сусветна вядомая пісьменніца Святлана Алексіевіч. Пакуль пра іх пішуць усе замежныя медыі, Бяляцкі сядзіць у турме за праваабарончую дзейнасць, Святлана Алексіевіч пад пагрозаю жыццю і здароўю выехала з Беларусі. Ейныя кнігі забароненыя ў школьных бібліятэках і дзяржаўных кнігарнях. Абаіх лаўрэатаў дзяржаўная прапаганда і чыноўнікі абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі і падрыўной дзейнасці.

Прэмію Шведскага нацыянальнага банку памяці Альфрэда Нобэля называюць нобэлеўскаю неафіцыйна. Бо сам навуковец і мецэнат Альфрэд Нобэль яе не заснаваў. 10 кастрычніка лаўрэатамі ў галіне эканомікі сталі амерыканскія эканамісты Бэн Бэрнанке, Даглас Даяманд і Філіп Дыбвіг – за даследаванне банкаў і фінансавых крызісаў.