Актывісты з’ехалі з Беларусі пасля пагрозаў школьнай настаўніцы


Нашыя сённяшнія героі – актывісты з Ліды. Яны ладзілі роварныя прабегі салідарнасці ў Менску. Іх затрымлівалі, садзілі ў турму, пагражалі забраць дзяцей. І разам з траімі няпоўнагадовымі дзецьмі яны мусілі ўцячы з Беларусі.

«Яшчэ, мусіць, у 1990-х, з сябрамі, нам было па 15–16 гадоў, мы ўвесь час на мітынгі БНФ хадзілі. Мне проста гэты рэжым не падабаўся першапачаткова. Не падабаўся і не падабаўся. Жыў сабе ціхенька, працаваў. Перад выбарамі, калі гэта ўсё пачалося… Пачалі подпісы збіраць і ў нас у Менску на Камароўцы акцыі праходзіць, я на ўсе акцыі прыходзіў. І потым я разумею: нечага мне не стае. Проста хадзіць – нешта не тое. Я купіў сабе электрасамакат і, думаю, якіх прыхільнікаў знайсці, нешта такое зарганізаваць. І напісаў я тады ў тэлеграм-чат «Мінск 97». Раварыстамі збяромся, на самакатах, роварах. Будзем са сцягамі», – згадвае Андрэй.

«Я як раварыстка пачала падʼязджаць туды, браць удзел. Ну, натуральна, у нас там гурт быў. У асноўным гэта былі тыя людзі, якія ездзілі, мелі ўжо нешта за плячыма. Мелі семʼі, сваю справу і зараблялі, не працуючы на заводах, а сваймі рукамі, сваёй галавой, сфармавалі ўжо нейкі бізнес. Кожны ўсё роўна разумеў, на што ішоў. І, шчыра кажучы, большая частка раварыстаў не лётала ў аблоках і разумела, што кожнага могуць забраць», – сцвярджае Святлана.

Андрэй і Святлана.
Фота: асабісты архіў герояў

«І недзе праз два тыдні я ў нашым чаце бачу нейкія ногі. Ну, нехта, удзельніца гурта. І пачынаю з ёю знаёміцца. І гэта аказваецца мая будучая жонка. 29 ліпеня яна падʼехала да калоны. Мы з ёю пагаварылі, пасля засталіся каля Палацу спорту. І на наступны дзень прызначылі спатканне», – распавядае Андрэй.

Андрэй і Святлана.
Фота: асабісты архіў герояў

«7 жніўня быў адзін з самых вялікіх велапрабегаў. Мы ўлёткі падрыхтавалі. Усё падрыхтавалі, і я павёў частку калоны да «Dana Mall», туды, на Усход. З усіх бакоў панаехалі спецназ, АМАП і я нават не ведаю, хто яшчэ. І мы ўсе ўрассыпную. Нейкі чалавек «падразае» Светку маю, і яна падае. А ўсюды гэты АМАП. Гэта значыць, будзь я адзін – я зʼехаў бы проста. Але тут Света ўпала. Яна кажа: «Едзь!» Я: «Куды я зʼеду?» Гэта значыць, мы разам, усё. І я каля яе застаўся. Яны падʼехалі, скруцілі мяне, забралі. Ровар пакуль каля яе пакінулі. Але дзяўчат у той дзень не бралі. Мяне забралі ў аўтазак. Я сяджу ў аўтазаку, а ў мяне акно адкрытае, мяне так пасадзілі. І я на яе гляджу і думаю: вось толькі пазнаёміўся, так шкада, цяпер ізноў пасадзяць мяне. Мяне завезлі тады ў Цэнтральны РАУС, далі 10 содняў на наступны дзень. Завезлі на Акрэсціна», – кажа наш герой.

Hавiны
АМАП і вайскоўцы жорстка разагналі раварыстаў у цэнтры Менску
2020.08.07 23:40

«Шмат хто думае, што 9 жніўня ўсё пачалося. Ды не 9-га, а задоўга да 9-га», – кажа Святлана.

Hавiны
У Менску затрымлівалі ўдзельнікаў велапрабегу
2020.07.10 22:44

«У верасні я, дарэчы, зрабіў Светцы прапанову. І я яе зрабіў на той лавачцы, дзе мы першы дзень з ёю каля Палацу спорту размаўлялі. Дзеці былі. Я набыў пярсцёнак. Зрабіў прапанову, і менш як праз месяц мы з ёю распісаліся. Сталі мужам і жонкай. І больш не расставаліся. Наагул не расставаліся», – згадвае Андрэй.

Андрэй, Святлана ды іх дзеці.
Фота: асабісты архіў герояў

Далей за сужэнцамі сачылі, пагражалі ім. Яны хаваліся ў Лідзе, начавалі на працы.

Святлана ўзгадвае: «Добра памятаю гэты дзень, калі Андрэй увечары прыйшоў і сказаў: «Света, зʼязджаем». Я, такая: «Не, ні за што. Мы ж здолелі ўцячы ў Ліду. Давай яшчэ куды-небудзь уцячом». А ён: «Света, дзеці!» Бо пачалі ў Лідзе пагражаць дзецьмі. Гэта значыць, нас раскрылі. Калі настаўніца гарлапаніла мне ў трубку: «Мне ясна, хто вы такія. СНС вам забяспечаны. Такія бацькі не павінны выхоўваць дзяцей!» Дзеці пачулі, у істэрыцы: «Мама, тата, мы баімся. Мы не хочам у дзіцячы дом! Нас забяруць».

Сямʼя Андрэя і Святланы. Фота «Беларус беларусу»

Андрэй марыць пачаць займацца беларускаю сувенірнаю прадукцыяй у Варшаве, калі атрымае легалізацыю. Але найбольш хоча, каб у Светы, выдатнай прафесійнай цырульніцы і ў мінулым уласніцы свайго салону, зʼявіліся свае кліенты ў Варшаве.

З вамі праект «Беларус беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць. Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, публічна альбо ананімна, з любога пункту свету лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: Onliner Belarus / YouTube