Адкрыюць пункты пропуску, але забароняць рух тавараў праз мяжу?


Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка паскардзіўся, што прамысловасць Беларусі пакутуе ад санкцыяў. Краіны Еўразвязу забароняць рух тавараў праз мяжу, але адкрыюць пункты пропуску для беларусаў – гэта ўльтыматум рэжыму? Новы «Двубой».

Дэмакратычныя сілы павінны сканцэнтравацца на тым, каб дамагчыся перакрыцця пастаўкі тавараў праз мяжу, найперш чыгуначнага, з адначасовым адкрыццём пунктаў пропуску для звычайных беларусаў, найперш для студэнтаў – гэта тое, што сапраўды можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі і прымусіць яго вызваліць палітзняволеных. Так лічаць Дзмітрый Балкунец і Віталь Рымашэўскі.

«Нашым дэмакратычным сілам трэба менш, можа, звяртаць увагу на Лукашэнку, а больш на простых грамадзянаў, бо Лукашэнку зрабіць вы сёння нічога не можаце. Вы не маеце ніякіх інструментаў, каб змяніць уладу ў Беларусі, а вось дапамагчы простым беларусам, звяртаючыся да Еўрапейскага Звязу, каб не закрывалі межаў, – так. Каб гэтыя беларусы, што сёння змагаюцца ўнутры краіны, і так пакутуюць ад рэжыму Лукашэнкі, – каб іх не зневажалі на мяжы», – лічыць палітык Віталь Рымашэўскі, перакананы, што санкцыі ў шырокім сэнсе неабходна адмяніць, – напрыклад, на пастаўкі аўтамабіляў з ЕЗ у Беларусь.

Рэпартаж
У чарзе больш за содні, месцы прадаюць за 150 еўраў. Як беларусы едуць у Польшчу
2024.04.10 08:00

Дзмітрый Балкунец мяркуе, што санкцыі варта адмяніць толькі ў дачыненні простых беларусаў на перасячэнне мяжы, у той жа час захаваць іх на аўтамабілі і на кампанію «Белавія», бо гэта фінансава б’е па рэжыме. У той жа час перамовы з Лукашэнкам не магчымыя, таму што ён здатны дамаўляцца: «Ён для мяне, і я ўпэўнены, для большасці беларусаў ён вораг і чалавек, які развязаў у Беларусі грамадзянскую вайну. Сапраўдная грамадзянская вайна ў гэтай сітуацыі, і якія-небудзь разважанні, што нехта павінен здацца, не магчымыя, – калі мы кажам пра чалавека, які ёсць кіраўніком канцлагеру, у які ён ператварыў Беларусь».

Замест распаўсюджанага апошнім часам лозунгу «Не злаваць дзеда» Віталь Рымашэўскі прапаноўвае іншы:

«Лозунг «Не злаваць дзеда» – поўная бязглуздзіца. Я прапаную іншы лозунг: не зважаць на дзеда. Хопіць факусавацца на Лукашэнку. Звярніце, калі ласка, увагу на беларусаў. Давайце рэальна падумаем разам, што мы можам зрабіць для беларусаў, таму што ўсе бясконца кажуць пра Лукашэнку і нічога не могуць з ім зрабіць. Гэтыя папулісцкія лозунгі трэба спыняць… Але змены надыдуць у Беларусі, калі беларускі народ знойдзе ў сабе патэнцыял на чарговую рэвалюцыю, на паўстанне. Яно непазбежна прыйдзе. І я перакананы, што гэта паўстанне, як у 2020 годзе, падтрымаюць шмат людзей, якія сёння ва ўладзе. Таму што мы бачылі, што было ў 2020 годзе. Нават міліцыя там вагалася на месцы. І гэты час прыйдзе».

Працяг дыскусіі глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

  • Дзмітрый Балкунец, палітолаг
  • Віталь Рымашэўскі, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.