Беларускае пытанне на задворках еўрапейскіх інтарэсаў? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Глядзіце ў праграме:

Хітры план Лукашэнкі. Перадачы ўлады не будзе?

Аляксандр Лукашэнка хваліцца добрымі вайсковымі дачыненнямі з Расеяй і прапаноўвае размясціць у Беларусі расейскія самалёты. На якіх умовах і чаму менавіта цяпер ідзе размова пра вайсковую прысутнасць Расеі ў нашай краіне? Што раскрыў Лукашэнка ў сваёй прамове на сустрэчы з топавымі сілавікамі? Паводле якога плану ён дзейнічае? Каментуюць палкоўнік запасу Леанід Спаткай і дарадца Святланы Ціханоўскай палітык Анатоль Лябедзька. Матэрыял Змітра Міцкевіча.

Колькі ў Віктара Лукашэнкі спецназу?

Адстаўка Віктара Лукашэнкі з пасады памочніка Аляксандра Лукашэнкі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі ды новае прызначэнне, у Нацыянальны алімпійскі камітэт, не маюць вялікага значэння. Галоўнае – ці застаўся ён кіраўніком Міжведамаснага савету спецыяльных падраздзяленняў. Інтэрв’ю Аліны Коўшык з Ігарам Тышкевічам, беларускім аналітыкам Украінскага інстытуту будучыні.

Што агульнага ў Лукашэнкі і Пашыньяна?

Арменія загразла ў палітычным крызісе. Частка вайскоўцаў і апазіцыя патрабуюць адстаўкі прэмʼер-міністра. Урад на чале з прэмʼер-міністрам Ніколам Пашыньянам і парламенцкая большасць выступаюць супраць кіраўніцтва Генеральнага штабу Узброеных сілаў Арменіі. Эксперты «Freedom House» папярэджваюць, што «беспарадкі ў Арменіі ставяць пад пагрозу з цяжкасцю выпрацаваны прагрэс і могуць наблізіць Арменію да аўтакратычных тэндэнцыяў, што пераважаюць у суседніх краінах». Каму выгадная нестабільнасць, і якія шляхі выхаду з крызісу бачаць эксперты і палітыкі? Каментуюць палітолагі Рубэн Мэграб’ян і Сцяпан Грыгар’ян, а таксама апазіцыйныя палітыкі: дэпутат партыі «Квітнеючая Арменія» Наіра Заграб’ян, адзін з лідараў партыі «Рашэнне грамадзяніна» Сурэн Саак’ян і сустаршыня «Еўрапейскай партыі Арменіі» Тыгран Хзмальян. Сюжэт Святланы Аўчаровай.

Ці застаецца беларускае пытанне на задворках еўрапейскіх інтарэсаў?

Як глядзяць на Уладзіміра Макея ў Бруселі? Ці застаецца Беларусь у прыярытэце для палітыкаў абʼяднанай Еўропы? Што еўрадэпутатка зразумела пасля візіту ў нашую краіну? Карэспандэнт Алесь Сіліч паразмаўляў з віцэ-старшынёю дэлегацыі Еўрапарламенту ў пытаннях сувязяў з Беларуссю Карын Карлсбра (Karin Karlsbro), якая шчыра называе Лукашэнку лузэрам.

Першая пілігрымка падчас пандэміі. Навошта Папа Рымскі ляціць у Ірак?

Нягледзячы на пандэмію каронавіруса кіраўнік Касцёлу выпраўляецца ў пілігрымку. Прычым не ў святыя месцы і каталіцкія краіны, а кіруецца на Блізкі Усход, у самае сэрца былой ужо Ісламскай дзяржавы. З чым звязаны візіт Папы Францішка ў Ірак? Ці не кідае ён выклік ісламскаму свету? Дазнаваліся Вітальд Рэпэтовіч і Наста Ільіна.

Калаж з фота: Panos Pictures / Panos Pictures / Forum

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.