Супраць каго беларусы будуць ваяваць у Казахстане?

Ас-саляму аляйкум, беларусы. Калі хтосьці яшчэ думаў, што пра нас пасля паўстання 2020 года забудуць, то цяпер ясна – Беларусь будзе ў цэнтры крызісных і крывавых падзеяў, хоць і не са сваёй волі. Вітаю, спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык, а на «Белсаце» – «Глабальнае пытанне». І сёння мы ляцім у Казахстан разам з віцебскім дэсантам.

Беларускія вайскоўцы паляцелі ў Казахстан на просьбу прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева. Бо ў розных казахскіх гарадах пасля разгону пратэстаў пачаліся беспарадкі і нават вулічныя баі. Такаеў распавядае пра 20 тысячаў тэрарыстаў, якіх ён загадаў забіваць на месцы.

«Праваахоўным органам і арміі мной загадана адкрываць агонь на паражэнне без папярэджання. Нам давялося мець справу з узброенымі і падрыхтаванымі бандытамі, як мясцовымі, так і замежнымі. Менавіта з бандытамі і тэрарыстамі. Таму іх трэба знішчаць», – звярнуўся Такаеў да нацыі.

Забітых і параненых усё больш, тысячы казахскіх пратэстоўцаў арыштаваныя, ім пагражае пажыццёвая турма. Такаеў увёў паўсюль надзвычайнае становішча, замяніў усё кіраўніцтва сілавых структураў – бо раней вайскоўцы і паліцыя не хацелі страляць у людзей. І запрасіў дапамогу з-за мяжы. Адбылася найбуйнейшая ў XXI стагоддзі расейская паветраная аперацыя.

«Створаная Мінабароны Расеі паветраная групоўка з больш чым 70 самалётаў ІЛ-76 і 5 Ан-124 цэлымі днямі перакідвае падраздзяленні расейскага кантынгенту міратворчых сілаў АДКБ у Казахстан», – заявіў прадстаўнік Мінабароны РФ Ігар Канашэнкаў.

Паводле афіцыйных звестак, расейцы прывезлі ў Казахстан агулам 2,5 тысячы вайскоўцаў – у тым ліку з Арменіі, Таджыкістану, Кыргызстану і Беларусі. Камандаваць імі будзе расейскі генерал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў, які займаўся анексіяй Крыму і вайной у Сірыі.

«Гэта працяг вайсковай інтэграцыі Беларусі ў межы сістэмы бяспекі Расеі», – мяркуе беларускі палітолаг Павел Усаў.

Такаеў асабіста падзякаваў Пуціну і Лукашэнку за ваенную дапамогу.

«Казахстан – гэта спроба атакаваць постсавецкія дзяржавы па перыметру Расеі. Ім трэба патапіць у крыві Расею… Мы ў Казахстан прыйшлі не забіваць і нават не ваяваць. Мы – людзі мірныя. І нашыя вайскоўцы таксама мірныя людзі… Там усяго адна рота нашых вайскоўцаў-міратворцаў», – выступаў Лукашэнка ў царкве 7-га студзеня ў межах святкавання Раства.

А канкрэтна – асобная рота са 103-й паветрана-дэсантнай Віцебскай брыгады сілаў спецыяльных аперацыяў. Брыгада мае багатую гісторыю.

«Самым першым злучэннем савецкім, якое ўвайшло яшчэ ў снежні 1979 года, адразу пасля забойства Аміна, у Афганістан, была Віцебская дэсантная дывізія. І цяпер ідзе гаворка якраз пра віцебскіх дэсантнікаў, хоць там не дывізія, а брыгада. І ў Віцебск адразу пайшлі труны, адразу маці хавалі сваіх сыноў», – нагадвае Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XII склікання.

З Афганістану ў Беларусь тады ляцелі цынкавыя труны, а афганцы дагэтуль не маюць мірнага жыцця.

Беларускія вайскоўцы бралі ўдзел і ў іншых ваенных інтэрвенцыях у складзе Савецкай арміі. Паводле загаду з Крамля тапілі ў крыві антыкамуністычнае паўстанне ў Вугоршчыне ў 1956-м. У межах аперацыі «Дунай» душылі танкамі Пражскую вясну ў Чэхаславаччыне. Масква рыхтавала войскі для ўводу ў Польшчу на пачатку 1980-х, але тады генерал Войцех Ярузэльскі сам увёў ваеннае становішча.

«Польскія камуністы, польскі працоўны клас, працаўнікі краіны могуць цвёрда разлічваць на сваіх саюзнікаў. Сацыялістычную Польшчу, братэрскую Польшчу мы ў бядзе не пакінем і ў крыўду не дамо», – выступаў генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў на з’ездзе кампартыі ў 1981.

Тады гэта былі інтэрвенцыі арганізацыі Варшаўскае дамовы, а цяпер першая ваенная аперацыя АДКБ – Арганізацыі дамовы калектыўнай бяспекі.

На пачатку 1990-х нацыянал-дэмакратычныя дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі выступалі супраць далучэння да арганізацыі. Бо ёсць рызыка не толькі стратаў сярод вайскоўцаў. Казахі могуць узненавідзець беларусаў за ўдзел у расейскай ваеннай аперацыі, мяркуе Сяргей Навумчык: «Нават калі б яны выконвалі толькі, як заяўлена, ахоўніцкую функцыю, ахоўвалі нейкія грамадскія ці дзяржаўныя будынкі, не ўступалі ў баявыя дзеянні – нават пры гэтым яны будуць успрымацца казахскім народам, як захопнікі, як тыя, хто здушыў народны пратэст».

Самыя пратэсты разгарэліся другога студзеня ў горадзе нафтавікоў Жанаўэзене, бо там удвая падскочылі кошты на звадкаваны газ, пабочны прадукт нафтаздабычы – асноўнае аўтамабільнае паліва для небагатага насельніцтва. Пратэсты перакінуліся на іншыя гарады. Касым-Жамарт Такаеў звольніў урад і загадаў знізіць цану на газ, але было позна.

Калі глядзець толькі на паведамленні СМІ, асабліва дзяржаўных казахстанскіх, то ў Казахстане нібыта заўжды ўсё было ціха-спакойна, Назарбаеў кіраваў – і ніхто нібыта не супраціўляўся, не пратэставаў. А цяпер мы маем практычна рэвалюцыю. Што гэта значыць, чаму так адбываецца?

«Калі глядзець на паведамленні беларускіх СМІ да лета 2020 года, то там таксама было ўсё добра, спакойна, была падтрымка дзейнага кіраўніка дзяржавы, а потым раптоўна аказалася, што гэта зусім не так. Тут прыкладна такая самая сітуацыя. Тое, што пішуць прадзяржаўныя СМІ, вельмі далёкае ад рэчаіснасці», – тлумачыць Ігар Віняўскі, вядоўца праграмы «Вот Так» на «Белсаце», які паходзіць з Казахстану.

А іншых СМІ ў Казахстане няма наагул, як няма і палітычнай апазіцыі. Іх планамерна пачаў знішчаць на пачатку 2000-х гадоў Нурсултан Назарбаеў. Першы прэзідэнт, які кіраваў яшчэ Казахстанскай сацыялістычнай рэспублікай. За Назарбаевым людзі ў цывільным падпальвалі рэдакцыі газетаў, грамілі тыпаграфіі і офісы, расстрэльвалі тэхніку тэлеканалаў. Журналістаў запужвалі, атакавалі, білі. Назарбаеўскія суды закрывалі цэлыя рэдакцыі. А пратэсты – былі, проста пра іх мала хто ведаў.

«Калі расстрэл у Жанаўэзене 2011 года адбыўся, улады спачатку занялі такую пазіцыю: гэта марадзёры, гэта хуліганы. Паведамілі, што нейкія склады са зброяй знайшлі», – распавядае Ігар Віняўскі.

У тым самым горадзе Жанаўэзен 11 гадоў таму нафтавікі зладзілі шматмесячны страйк, які скончыўся сутычкамі з паліцыяй і расстрэлам натоўпу з аўтаматаў. Ігар Віняўскі тады быў галоўным рэдактарам газеты «Взгляд», адной з нешматлікіх незалежных рэдакцыяў.

«Калі 16 снежня адбыўся расстрэл, і на дзяржаўных каналах паказалі, што гэта былі бандыты, мы сказалі: не, людцы, гэта было не так. Паглядзіце: улады, паліцэйскія стралялі ў спіны людзям, якія ўцякалі. Там не было ніякай зброі, ніякіх расстрэлаў. І нам гэтага не выбачылі», – распавядае журналіст.

Ігар трапіў у Следчы ізалятар Камітэту нацыянальнай бяспекі Казахстану паводле крымінальнай справы аб спробе зрынання ўлады. Але пашанцавала – вызвалілі пад ціскам Еўразвязу.

Наколькі ў Казахстане моцная кланавасць, кланавая сямейная сістэма?

«Я б сказаў, што гэта вызначальны фактар дзяржаўнай і грамадскай сістэмы. Гэта нават без іроніі… Калі адзін чалавек трапляе ва ўладу, то ён стараецца падцягнуць ва ўсе месцы, расставіць сваіх людзей. У гэтай сітуацыі квітнее карупцыя», – тлумачыць Ігар Віняўскі.

Народ Казахстану ў большасці падзелены на тры жузы – гістарычныя родаплемянныя аб’яднанні казахаў-качэўнікаў, што адрозніваюцца і этнічна, і супольнымі інтарэсамі. Кожны жуз у сваю чаргу дзеліцца на плямёны або кланы, а кланы – на роды. Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жамарт Такаеў належаць да Старэйшага жузу, хоць і да розных кланаў. Звычайна кланы спаборнічаюць, але ў казахскай палітыцы бываюць выключэнні.

«Першаснымі застаюцца асабістыя стасункі між палітыкамі. Сваяцкія сувязі, сяброўскія. А потым ужо другую ролю можа граць прыналежнасць да нейкага жузу ці клану», – мяркуе Юрый Пойта, кіраўнік секцыі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну NEW GEOPOLITICS RESEARCH NETWORK (Кіеў).

Дыпламат Такаеў, хай сабе і з іншага клану, але заўжды быў чалавекам Нурсултана Назарбаева. У 2001-м, калі апазіцыя абʼядналася ў рух «Дэмакратычны выбар Казахстану», менавіта прэмʼер-міністр Такаеў дапамог прэзідэнту распачаць масавыя рэпрэсіі супраць апанентаў.

«Я звяртаюся да кіраўніка дзяржавы з настойлівай просьбай зняць з пасадаў непрафесіяналаў і інтрыганаў, якія працуюць у ягоным атачэнні… Калі прэзідэнт не прыме маіх прапановаў у кадравых пытаннях, то ў адстаўку пайду я сам», – заяўляў Такаеў у 2001-м.

І ўсё гэта пад соусам барацьбы з міжнародным тэрарызмам.

«Магу заверыць, што тэрарысты знаходзяцца не так далёка ад нас. Толькі за апошнія 3 месяцы спецслужбам стала вядома пра 2 факты рыхтаваных тэрактаў супраць нашага прэзідэнта», – распавядаў Такаеў па дзяржаўным тэлебачанні.

За свае паслугі Такаеў стаў пераемнікам Назарбаева, прэзідэнтам. Але ўсё адно толькі другім чалавекам у Казахстане.

«Паводле нашых законаў я маю статус першага прэзідэнта – елбасы, лідара нацыі. Застаюся старшынём Рады Бяспекі, які законамі мае сурʼёзныя паўнамоцтвы вызначэння ўнутранай і замежнай палітыкі краіны», – звяртаўся да нацыі Назарбаеў падчас сваёй адстаўкі ў 2019-м.

Назарбаеў мог нават адпраўляць урад у адстаўку. Але сёлета, у працэсе разгону пратэстаў, Такаеў зняў самога «бацьку нацыі» з пасады старшыні Рады Бяспекі і фактычна адціснуў Нурсултана Назарбаева ад усіх рычагоў кіравання. І ў афіцыйных паведамленнях горад Нур-Султан – былую Астану – цяпер называюць проста «сталіца».

«Трэба разумець псіхалогію дыктатараў і дыктатуры. Назарбаеў не сышоў бы з пасады прэзідэнта, калі б яму здароўе дазваляла працягваць выконваць гэтыя функцыі. Другі момант: мы не ведаем, што адбылося. Ці добраахвотна Назарбаеў перадаў свае паўнамоцтвы Такаеву, ці адбылася нейкая нечаканая падзея са здароўем Назарбаева», – звяртае ўвагу Павел Усаў.

І да беспарадкаў, у якія перараслі мірныя пратэсты, таксама нямала пытанняў. Заснавальнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін апублікаваў ліст праверанага працаўніка ФСБ, які сцвярджае, што ў Казахстане былых зэкаў выкарыстоўвалі для арганізацыі пагромаў і марадзёрства.

«Улады Казахстану дакладна мелі дастаткова сілаў, каб без парушэння правоў пратэстоўцаў даць рады пратэстам ды навесці закон і парадак. Таму няясна, чаму яны палічылі патрэбным якое-кольвек замежнае ўмяшанне», – падкрэслівае Энтані Блінкен, дзяржаўны сакратар ЗША.

Кіраўнік суседняга Кітаю Сі Цзінь Пін ужо выказаў сваю падтрымку Такаеву.

«Казахстан – краіна, праз якую праходзіць маршрут ініцыятывы Кітаю «Адзін пояс – адзін шлях», транспартаванне кітайскіх тавараў з Кітаю ў краіны Еўразвязу», – нагадвае Юрый Пойта.

Расея мае там яшчэ больш уласных інтарэсаў: здабыча ўрану для рэактараў і ядравых бомбаў, касмадром «Байканур», тысячы супольных прадпрыемстваў – і агульны Еўразійскі эканамічны саюз.

«У 2020-м годзе гандлёвы абарот між краінамі дасягаў каля $ 20 млрд. Апроч таго, Казахстан – партнёр у АДКБ, у шэрагу эканамічных ініцыятываў РФ», – кажа эксперт.

Але за ваенную дапамогу Такаеву Масква можа запрасіць цану, агучаную Маргарытай Сіманьян, галоўнай рэдактаркай інфармагенцтва «Россия сегодня».

«Гэта фактычна ўвядзенне двухмоўя, пераход зноўку на кірыліцу і прызнанне Крыму. Фактычна, той палітычны прэсінг, які быў адносна Беларусі, будзе цяпер выкарыстоўвацца адносна Казахстану», – тлумачыць Павел Усаў.

У Такаева ёсць і карупцыйныя сувязі з Расеяй. Фонд барацьбы з карупцыяй знайшоў шыкоўную нерухомасць казахскага прэзідэнта, якая існуе фізічна, але юрыдычна – знікла з расейскіх рэестраў.

«Усё гэта робіцца пад соўсам таго, што ахоўваюцца нашыя з вамі дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы Расеі. Але чаму тады сакрэцяць элітную нерухомасць сям’і прэзідэнта Казахстану Такаева? Вось выпіска на 200-метровую кватэру ягонага сына ў Хамоўніках. У нас яна захоўваецца даўно. Сёння такую выпіску ўжо не атрымаць – аб’ект выдалены. Гэтаксама як і 170-метровая кватэра былой жонкі прэзідэнта Казахстану – таксама засакрэчаная. Фармальна адзіным тлумачэннем гэтага можа быць толькі тое, што прэзідэнт Такаеў з’яўляецца кадравым працаўніком расейскіх спецслужб», – распавялі ў сваім расследаванні чальцы Фонду барацьбы з карупцыяй.

Выпускнік Маскоўскага інстытуту міжнародных дачыненняў, Такаеў заўжды быў больш прарасейскім, чым Назарбаеў.

«Тое, што адбываецца ў Казахстане, моцна адрозніваецца ад падзеяў на мяжы з Украінай. Але найноўшая гісторыя дала нам такі ўрок: калі расейцы ўжо ў вашым доме, часам вельмі цяжка прымусіць іх адтуль пайсці», – падкрэсліў дзяржсакратар ЗША.

«Белсат» і «Глабальнае пытанне» будуць сачыць за тым, што адбываецца ў Казахстане. Бо мы бачым, наколькі гэтыя падзеі агульныя і для казахаў, і для беларусаў.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Беларусаў рыхтуюць да вайны з Украінай

«Белсат» прадказаў мігранцкі крызіс

Лукашэнка цягне Беларусь у ядравую вайну

Беларускі спорт: карупцыя, схемы, хабары

Адключэнне ад SWIFT: Лукашэнка стане паддоследным трусам

Што рабіць з грашыма, каб Лукашэнка не забраў

Мігранты прадаюць наркотыкі ў Менску

5 прычынаў, чаму Расея не зможа паглынуць Беларусь