Беларус, якому сілавікі адарвалі ступню, навучыўся хадзіць нанова


Памятаеце гісторыю маладога хлопца Георгія, якога ў часе мірных пратэстаў на «Пушкінскай» у Менску падарвалі святлошумавой гранатай? І ў выніку яму ампутавалі нагу. Пасля Гоша трапіў у Польшчу на рэабілітацыю, дзе для яго стварылі адмысловы пратэз. Давайце паслухаем Георгія і разам падумаем, чым мы можам яму дапамагчы цяпер.

З вамі праект «Беларус беларусу». Ідзе вайна. Мы працягваем дапамагаць рэпрэсаваным беларусам, але частка нашых выданняў будзе прысвечаная эвакуяваным з Украіны беларусам і ўкраінцам, у якіх вайна забрала дом. Бо менавіта ў салідарнасці – наша сіла.

Фота: сацсеткі Георгія Сайкоўскага

Сілавікі адарвалі нагу: кваліфікавалі «побытавая траўма»

«9 жніўня недзе гадзіне аб 11-й пайшоў прагаласаваў на сваім участку. Думаў, што паеду да стэлы. Дзесьці гадзіне, напэўна, а 7-й выехаў. Пабачыў, колькі людзей на «Пушкінскай» – ну, якая стэла, тут застаюся! Было адчуванне, нібы пачалася вайна… Каля мяне недзе метры за тры-чатыры рвецца снарад. Такая яркая ўспышка… на нагу глядзець немагчыма. Мой красовак адляцеў з крывёй.

Раніцай прачынаешся… Ты прыходзіш у сябе, прыкаваны да каталкі. У рэанімацыі. На нагу глядзіш… Проста пфф… Ты прыкаваны. Толькі што галаву падняў, паглядзеў і думаеш: «Ды ну нафіг…» На такое проста немагчыма глядзець. Мне хацелася, каб проста схавалі. Каб гэтага не бачыць. Праз тыдня паўтара мне прыйшлося рабіць другую аперацыю. Яшчэ прыйшлося ампутаваць», – успамінае Георгій.

Дактары кваліфікавалі траўму як побытавую, але ж гэта няпраўда. У тым, што адбылося з ім, Гоша вінаваціць спецпадраздзяленне «Алмаз»: «Адпаведна, я і пісаў заяву на іх, быўшы ў БХМД. Ну, вядома, толку ад гэтага ніякага. 51 дзень я правёў у больніцы. Выйшаў з групай інваліднасці».

Зноў змог хадзіць, да гэтага замест ступака закладаў газеты

Пратэз Гошу зрабілі пасля эвакуацыі – у Варшаве.

«Хаця калі я быў на рэабілітацыі, мне сказалі, што немагчымы пратэз. Потым на мяне выйшла адна дзяўчына з Францыі. Яна мяне пераканала. Казала: «Ты, галоўнае, знайдзі спецыялістаў!» Яна выйшла ўжо на Беларускі дом, які адыграў вялікую ролю: я ні разу не атрымаў ад іх адмовы. Яны мне знаходзілі адмыслоўцаў. Кошт склаў 16 400 злотых – сабралі за 4 дні cуму цалкам.

Раней, напрыклад, набіваў красовак гэты газетамі, каб перасоўвацца. Але мог губляць яго на хаду недзе… Мне яшчэ ў Менску сказалі, што наўрад ці нешта з пратэзам выйдзе… Вядома, я пачаў ужо змірацца. Але тады я яшчэ ездзіў на вазку. І сюды прыехаў я на вазку інвалідным. І недзе тыдзень я ездзіў на ім. А ўжо недзе ўжо пад канец рэабілітацыі я ўжо больш-менш кульцяпаў…

Пратэз Георгія.
Фота: «Беларус беларусу»

Асабліва першы час проста жудасная дэпрэсія была. Праблемы дома былі. Маці практычна стала таксама інвалідам на нервах. Яна практычна сляпая. Гэта часам накрывае», – стрымліваючыся, апавядае Георгій.

Пра мары

Гоша набыў недарагую машыну – і марыць навучыцца ездзіць на ёй з пратэзам, каб была магчымасць уладкавацца на працу курʼерам.

Георгій ля сваёй машыны.
Фота: «Беларус беларусу»

«Вядома, хацелася б закончыць курсы польскай. Падцягнуць свой узровень», – кажа хлопец.

Вы, нашыя гледачы, можаце дапамагчы Гошу зноў адчуць паўнавартаснае жыццё. Знайсці працу.

А для адаптацыі Гошу неабходныя курсы польскай мовы.

І, вядома, калі сярод вас ёсць тыя, якія жыве ў Беларусі і хоча падтрымаць Гошыну маму, неяк ёй дапамагчы, таксама лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам, там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.