Вячаслаў Быстроў адказаў на расследаванне ByPol


ГУБАЗік даслаў агента ў Польшчу, каб той сачыў за ўцекачамі і здзяйсняў план забойства кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. Такую версію нядаўна агучыў ByPol. Але ці ёсць насамрэч падставы для такога гучнага абвінавачвання? Што на гэта адказвае сам меркаваны агент Вячаслаў Быстроў – глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Вячаслаў Быстроў прыехаў у Польшчу ў канцы мінулага года і папрасіў міжнароднай аховы на падставе палітычнага пераследу. Пакуль ягоная справа разглядаецца, Быстроў жыве ў лагеры для ўцекачоў пад Варшавай.

Нядаўна ByPol выпусціў відэа, дзе абвінаваціў Быстрова, што той агент беларускіх сілавікоў і быў адпраўлены ў Польшчу з мэтай ліквідацыі лідараў ByPol і апанента Лукашэнкі Паўла Латушкі. Таксама Быстроў, маўляў, збірае інфармацыю пра іншых беларускіх уцекачоў.

Сам Быстроў у інтэрв’ю праграме «Шчыра кажучы» гэтую інфармацыю аспрэчвае і распавядае пра Азарава наступнае:

«Я ведаю, многія калегі называлі яго карнікам, бо ўсе карніцкія аперацыі выконваў ён. І ён ездзіў, біў людзей, сам біў людзей! Я ведаю людзей, якіх ён біў ва Фрунзенскім РАУС, калі іх забіралі з нейкіх акцыяў ці з чагось яшчэ. […] Ён да 2018 года не даваў мне жыцця. І ён дакладна ведае, што я, прыехаўшы сюды, натуральна, скажу, кім ён ёсць».

Каманда «Шчыра кажучы» звярнулася да Аляксандра Азарава з просьбай пракаментаваць расповед Быстрова пра ягонае збіццё, але прадстаўнік ByPol адмовіўся. Азараў аргументаваў гэты тым, што не хоча ствараць Быстрову дадатковага піяру, які, на ягоную думку, толькі на карысць ГУБАЗіКу.

Азараў таксама сцвярджае, што Быстроў яшчэ да пераезду ў Польшчу працаваў на МУС і падпісаў грашовы кантракт з супрацоўнікамі менскага СІЗА № 1, якое празвалі Валадаркай.

Прадстаўнік ByPol дадае, што Быстроў нібыта чыніў ціск на зняволеных, у тым ліку палітычных. Быстроў гэта катэгарычна адмаўляе. Наадварот, кажа, сябраваў з палітычнымі, у тым ліку з анархістамі.

У анархісцкіх групах «Прамень» і «Чорны крыж» гэтай інфармацыі не пацвердзілі.

Яшчэ адзін былы зняволены на ўмовах ананімнасці распавёў у праграме, што ведае Быстрова і пазнаёміўся з ім менавіта на Валадарцы. Паводле ягоных сведчанняў, герой відэа ByPol адбіраў у сукамернікаў ежу, чытаў уголас іхныя лісты і выкарыстоўваў фізічную сілу. Сам Быстроў гэтую інфармацыю аспрэчвае.

Аўтары праграмы папрасілі псіхолагаў пракаментаваць інтэрв’ю з Быстровым.

Які быў вердыкт адмыслоўцаў? Што яны пацвердзілі, а што зняпраўдзілі – глядзіце ў відэа.

Таксама ў праграме: якім чынам да смерці Віталя Шышова, кіраўніка Беларускага дому ва Украіне, могуць быць датычныя бізнесмены, якія сябруюць з Аляксандрам Лукашэнкам.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Калаж з фота: belsat.eu, TUT.BY