Аляксандр Аўдзевіч ахвяраваў сваім бізнэсам, каб уратаваць працаўнікоў


Аляксандр адмовіўся ад уласнае кавярні, дзе працуюць людзі з інваліднасцю, каб уратаваць іх ад звальнення. Чым ён насаліў рэжыму Лукашэнкі і над якім новым інклюзіўным праектам працуе – у нашым матэрыяле.

Аляксандр Аўдзевіч – бізнесовец, падарожнік, блогер, адзін са стваральнікаў інклюзіўнага асяроддзя ў Лідзе, Берасці ды Менску. З 2011 года ён мае інваліднасць, таму карыстаецца вазком. На ровары з ручным прывадам ён аб’ехаў паў-Еўропы.

Мапа вандроўкі Сашы Аўдзевіча. Скрын відэа: Беларускі Моладзевы Хаб / Youtube

Аляксандр адкрыў кавярню «Інклюзіўны барыста» ў менскім цэнтры лічбавых паслугаў кампаніі «А1». Яна прыстасаваная для працаўнікоў у інвалідных вазках, а ў дырэктара Васіля – сіндром Даўна.

Аляксандр удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах, таму не можа вярнуцца ў Беларусь. Ён іранізуе, што хоць яго і не «прызналі тэрарыстам», але міліцыя да мамы прыходзіла: «Калі прыедзе Саша, то можа, мы яму пару пытанняў задамо…»

Ад сваёй кавярні Аляксандр адмовіўся. Па-першае, ён з задавальненнем адзначае, што кавярня працуе, людзі, якія раней не маглі знайсці працу, засталіся на сваіх месцах. Па-другое, наш герой захаваў самае галоўнае – свае веды, свае «скілы», сваю энергію.

Цяпер Аляксандр развівае праект «Інклюзіўны барыста» ўжо ў Еўразвязе.

Аляксандр распавёў нам пра свой падыход да бізнесу, які дапамагае яму трываць няшчасці. Якія падрабязнасці стаялі за адмоваю ад бізнесу ў Менску? Чаму ён лічыць сённяшнюю Беларусь турмою, хоць і прызнае, што там можна добра жыць? Якою ён бачыць еўрапейскую сетку інклюзіўных кавярняў?

Каб падтрымаць Аляксандра і ягоную каманду, замоўце ў іх кэйтэрынг і атрымлівайце асалоду ад духмянай кавы. Паверце, ён ведае сваю справу.

Калі вы хочаце падтрымаць Аляксандра іначай, падзяліцца сваёй гісторыяй або дапамагчы іншым нашым героям (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам:

belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.