Як у Беларусі змагаюцца з карупцыяй: за хабар з двух шчупакоў – 3,5 года калоніі


Яшчэ ў 1990-я Аляксандр Лукашэнка абвесціў барацьбу з карупцыяй. Але ці выканаў ён свае ж абяцанні? Глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

З 2015 да 2019 года колькасць асуджаных у карупцыйных злачынствах вырасла ўдвая. Толькі апошнія два гады статыстыка паказвае зніжэнне.

Самымі карумпаванымі сферамі застаюцца дзяржаўнае кіраванне, транспартная дзейнасць і прамысловасць – гэтую выснову аўтары праграмы «Шчыра кажучы» зрабілі, прааналізаваўшы карупцыйныя крымінальныя справы.

Беларускі бізнесовец Аляксандр Кныровіч адседзеў за даванне хабару і ўхіленне ад выплаты падаткаў амаль 5 гадоў. З ягоных назіранняў, у калоніі «Віцьба», дзе ён адбываў пакаранне, амаль траціна асуджаных сядзіць паводле карупцыйных артыкулаў – за хабар, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, крадзеж з выкарыстаннем службовага становішча.

Гісторыі
Хто такі Кныровіч? Гісторыя бізнесоўца і крытыка Лукашэнкі, які быў за кратамі 4,5 года
2021.08.18 16:20

Аляксандр Кныровіч у размове з аўтарамі праграмы прызнаў, што хабар даваў. Але не з уласнай ініцыятывы. Ён кажа, што такія ўмовы працы дыктавалі чыноўнікі:

«На жаль, нам, як любому буйному прамысловаму прадпрыемству, якое дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і мае справу з дзяржаўнымі замовамі, прыйшлося ўдзельнічаць у пэўнага роду дачыненнях з беларускімі ўрадоўцамі. Ці мы былі ініцыятарамі гэтых дачыненняў? Не».

Таксама ў праграме бізнесовец распавёў, якой ён убачыў барацьбу з карупцыяй падчас зняволення:

«У калоніі я бачыў асобаў, якія атрымалі тэрміны пры ўмовах карыслівага намеру, які складаўся, да прыкладу, з двух шчупакоў невядомай вагі, невядомага кошту. Чалавек атрымаў 3,5 года зняволення за тое, што яму нібыта далі хабар з двух шчупакоў.

Другая асоба атрымала 3 гады зняволення за тое, што мела карыслівы намер коштам 70 капеек. Гэта з аднаго боку. З другога, я ведаю выпадкі, калі падчас утрымання ў СІЗА КДБ асоба, каб палегчыць сваю долю, піша яўку з павіннай. Пазначае там канкрэтных высокіх урадоўцаў, канкрэтна вялікія сумы. І гэтыя ўрадоўцы цяпер, праз 5 гадоў, працягваюць працаваць на сваіх месцах. Гэта азначае, што матэрыял пайшоў, лёг у тэчку, аднак не пайшоў у справу.

Людзей, якім сапраўды месца ў турме, сапраўды месца ў калоніі, я налічыў, за ўвесь гэты час хіба не больш за дзве ці трыасобы. Рэшце проста не месца ў калоніі, або яны наагул не здзяйснялі злачынства».

Якія пасады пасля вызвалення займаюць карупцыянеры? Супраць каго следчыя не могуць заводзіць крымінальных справаў? Пра што фігурант «цукровай справы» Уладзімір Ціхіня мусіў дамовіцца са злодзеямі ў законе? Што адбылося, пасля таго, як дырэктар «Белкамунмашу» Уладзімір Кароль з’ездзіў з Лукашэнкам у камандзіроўку? Глядзіце ў праграме.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.

Калаж з фота: Facebook, Tut.by