Дзе беларускім і ўкраінскім творцам ратавацца ад Пуціна і Лукашэнкі?


У складаную пастку трапілі цяпер беларусы. Тыя беларусы, якія з’ехалі з Беларусі з палітычных матываў. І гэта тычыцца ў тым ліку беларускіх творцаў. У Польшчы, пад Варшавай, была створаная рэзідэнцыя «Дом творцаў» адмыслова для беларускіх творцаў, якія выступілі супраць рэжыму Лукашэнкі і супраць вайны з Украінай.

Яе арганізаваў Сяргей Доўгушаў. А Беларускі моладзевы хаб забяспечыў памяшканнем для рэпетыцыяў, для стварэння новых твораў. А таксама знайшлася магчымасць арандаваць дом – цэлую рэзідэнцыю для творцаў пад Варшавай.

Рэзідэнцыю ўжо прайшоў шэраг музыкаў.

«Мы гуртом нашым гралі на дваровых актыўнасцях. Ну, і ўдзельнічалі ў маршах. Схапілі. У выніку – Савецкі РАУС. Содні там. Недзе 17 гадзінаў тварам у плот стаялі. Пры тым, што вось – плот, вось – мы, а між намі калючка ляжыць. Вось. А потым – Жодзіна. І недзе да 13-га быў у Жодзіне. Потым выпусцілі. Я вам скажу, што амаль кожны наш крок тут, кожны ўздых… Ён накіраваны на тое, каб вярнуцца дахаты. І як музыкі, скажам так, што ўмеем – тое і робім. І стараемся», – дзеліцца сваймі ўспамінамі Дзяніс з гурта «Літы Талер».

Дзяніс грае на дудзе.
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

«Я з’ехала ўлетку, – распавядае Кетэван, спявачка і артыстка з Беларусі. – У ліпені. Бо, напэўна, не магла заставацца там, дзе я не магу быць свабоднай у сваіх поглядах. Не магла пайсці на кампраміс. Я ўсё ж лічу, што, застаючыся там, даводзіцца ісці на кампраміс з тым, што там ёсць. Я ведаю свой характар, што я заўсёды іду ўрожкі. Таму падумала, што лепей зʼехаць і быць карыснай хоць недзе. У творчай сферы – калі ты выпадаеш з прафесіі хоць ненадоўга, то ты потым губляеш упэўненасць у сабе ў гэтай справе. І плюс творчасць – гэта адзіная мова, якой я магу гаварыць і магу нешта рабіць, таму рэзідэнцыя мне вельмі дапамагла».

Паўліна, куратарка рэзідэнцыі, правяла для нас экскурсію ў «Доме творцаў».

«Я б назвала гэта месцам сілы. Таму што тут усё ж такі такі спакой прысутнічае… Але і працоўная атмасфера таксама. Тут у нас адбываюцца рэпетыцыі. Тут мы працуем. І сядзім каля каміна вечарамі, таксама добра адпачываем і размаўляем.

У мяне, як шмат у каго, быў складаны час пасля пераезду з Беларусі ў Польшчу. Я прыехала… Доўга шукала працу. Вучыла польскую мову. На той момант я працавала ў кавярні. Рабіла ўсё, пачынаючы ад выціскання соку да прыборкі за сабакамі гасцей, якія прыходзілі ў гэтую кавярню. Мыла падлогу, мыла прыбіральні. Усё рабіла. І ў пэўны момант у мяне з’явілася думка, што, напэўна, трэба думаць пра тое, каб вяртацца ў Беларусь.

І тады я пазнаёмілася з Сяргеем Доўгушавым. Ён прапанаваў мне паспрабаваць пасупрацоўнічаць. Мы прыехалі ў Бялку-Татшаньску. І там адбылася нашая першая рэзідэнцыя тэатральная», – кажа Паўліна.

Паўліна.
Фота: «Беларус беларусу»

«У рэзідэнцыі творчыя беларусы маюць магчымасць цягам месяца жыць у Варшаве. Яны не думаюць пра тое, дзе ўзяць грошы на ежу, дзе жыць, каб не на вуліцы. У іх ёсць магчымасць займацца сваёй любімай справай – творчасцю», – працягвае Паўліна.

«Каля месяца цягнулася гэтая рэзідэнцыя. А ў выніку гэта быў вельмі вялікі лэвэл-ап у сэнсе музычным. Таму што былі заняткі па імправізацыі з Аляксеем Варсобам. Быў першы ў жыцці досвед, я спадзяюся, не апошні, грання разам з аркестрам. Гэта вельмі крута», – дадае Дзяніс.

Аналітыка
«Пік звальненняў іншадумцаў яшчэ наперадзе». Што адбываецца сёння ў беларускай культуры?
2021.12.22 10:51

Для шмат якіх рэзідэнтаў апошнія гады і месяцы былі асабліва складанымі. У тым ліку для тэатразнаўцы, аўтара тэкстаў Змітра.

«Я напісаў у рамках рэзідэнцыі арыю Цырцэі. Таму што я браў такі напрамак музычнага тэатру. І гэта як бы матывы Адысеі. Як такой Адысеі беларусаў, якія шукаюць цяпер свой шлях дамоў, да сваёй ідэальнай шчаслівай Беларусі. І мы запісалі ў першы дзень вайны твор Вольгі Падгайскай на мае вершы ў выкананні Дар’і Новік, якую лічу сёння сапраўднай зоркай беларускай эміграцыі. Гэта твор, які адпавядае і нашым настроям, і ўвогуле гэтаму часу. І які атрымаўся надзвычай, як мне падаецца, грунтоўным», – кажа Зміцер.

Мэты «Дому творцаў» – гэта, па-першае, псіхалагічная рэабілітацыя для творчых людзей, якія стаміліся эмацыйна, якім трэба шукаць рэсурсы ўнутры сябе; па-другое, каб на хвалі гэтай рэабілітацыі людзі мелі магчымасць ствараць штосьці новае, рэалізавацца. І каб такая магчымасць была ў людзей, якія прайшлі праз рэпрэсіі. І каб усё гэта адбывалася ў бяспечным месцы бяспечнай краіны.

Фота
Напамін аб вогненных днях. У цэнтры Варшавы адкрылася выстава пратэснага мастацтва
2022.02.19 13:10

ДАПАМОГА РЭЗІДЭНЦЫІ «ДОМ ТВОРЦАЎ»

Рэзідэнцыя мае патрэбу ў фінансавым падтрыманні, каб забяспечыць рэзідэнтаў усім неабходным. Арганізатары знайшлі ўтульны дом, стараюцца зрабіць праграму рэзідэнцыі максімальна цікавай, карыснай і насычанай.

«Імкнемся, каб ім тут было ўтульна, камфортна. Але ёсць рэчы, якія на першы погляд могуць падавацца дробязямі, але гэта важна. І было б вельмі крута, калі б нам дапамаглі, напрыклад, з прыездам творцаў. Набыць ім праязныя квіткі на месяц. Калі праз нас, напрыклад, штомесяц праходзяць 15 чалавек. І кожнаму чалавеку трэба праязны. Ну і вось, 110 памножце на 15. Потым неабходныя сродкі гігіены: шампуні, мыла, пабытовая хімія. Нават мяхі на смецце таксама трэба. Пыласос новы неабходны.

Таксама калі ёсць магчымасць дапамагчы нашым рэзідэнтам з прыездам сюды. З тым, як прайсці мяжу. Калі ёсць людзі, якія ведаюць, як гэта рабіць правільна і дакладна, каб гэта працоўны быў варыянт, то мы таксама будзем вельмі радыя такой дапамозе, як кансультацыя», – кажа Паўліна.

10 снежня была падпісаная дамова на арэнду асобнага дома пад рэзідэнцыю «Дом творцаў».
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

Вы можаце звярнуцца да нас з любога пункту свету. Як публічна, так і ананімна. Каб падтрымаць беларускіх творцаў, што паўсталі супраць рэжыму Лукашэнкі. Супраць вайны з Украінай. Калі ёсць такая магчымасць – адгукніцеся.

ВЫРАШАНА: РЭЗІДЭНЦЫЯ ПРЫМЕ І ЎКРАІНСКІХ ТВОРЦАЎ

У часе рыхтавання праграмы мы даведаліся, што каардынатары рэзідэнцыі і яе стваральнік, музыка Сяргей Доўгушаў прынялі рашэнне пашырыць кола тых творцаў, для якіх адкрыла дзверы творчая рэзідэнцыя.

Сяржук Доўгушаў на адкрыцці Беларускага моладзевага хабу.
Фота: Беларускі Моладзевы Хаб / Białoruski Młodzieżowy Hub / Facebook

«Будзем цяпер і ўкраінцаў прымаць. Вось і збор запусцілі, да якога можа далучыцца кожны ахвотны» – падзяліўся з намі Сяргей.

А днямі завершылася і мастацкая рэзідэнцыя. Некалькі працаў з яе выставілі на аўкцыён, сабраныя сродкі пойдуць на падтрыманне рэпрэсаваных дзеячаў культуры і мастацтва, яшчэ можна паўдзельнічаць. Выстава цяпер адбываецца ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве.

Перадусім мы звяртаемся да беларускіх бізнесоўцаў. Да беларускіх дыяспараў, да ўсіх еўрапейцаў, што хочуць захаваць беларускую культуру, беларускую нацыю, беларускія каштоўнасці на гэтай зямлі.

З вамі праект «Беларус – беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць. Калі вы хочаце падтрымаць нашых сённяшніх герояў, публічна або ананімна, з любога пункту свету лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:30 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.