Лукашэнка не ўпэўнены, ці будзе прэзідэнтам пасля 2025 года. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Лукашэнка кажа пра вернасць жанчынам. Гісторыі Галіны Лукашэнкі і Ірыны Абельскай пярэчаць

Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца да выбараў прэзідэнта ў наступным годзе. Незаконны кіраўнік Беларусі выступіў перад актывам прарэжымнага жаночага саюзу і зрабіў там шэраг дзіўных заяваў. Маўляў, ён зацяты прыхільнік жанчын, верны ім. Відаць, забыў пра жонку Галіну, якая дзясяткі гадоў жыве ў ізаляцыі. Пра Ірыну Абельскую, маці пазашлюбнага сына Мікалая Лукашэнкі. Іхныя гісторыі не сведчаць пра павагу да жанчын. Пра каго ён не забыў, дык гэта пра палітзняволеных беларусак на чале з Марыяй Калеснікавай. Пра Святлану Ціханоўскую, якую прымаюць лідары вольнага свету, якім яна апавядае праўду пра Беларусь. Траўма пасля паразы з боку жанчыны не загойваецца. Паводле Лукашэнкі, жанчыны ж павінны нараджаць і падтрымліваць яго. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Спрэчныя заявы Лукашэнкі пра ўдзел у выбарах 2025 года. Інтэрв’ю з польскім аналітыкам

Лукашэнка вядзе цяжкія перамовы з Пуціным пра сваю будучыню. Ён робіць спрэчныя заявы пра магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2025 года. Інтрыга застаецца. Адназначна вядома, што ў палітычнай сістэме пачаліся вялікія змены. Куды яны вядуць Беларусь? Ці адчувае Лукашэнка сябе бяспечна? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Камілем Клысіньскім, аналітыкам дзяржаўнага польскага Цэнтру ўсходніх даследаванняў.

Расейцы стомленыя пасля Аўдзееўкі. Украінцы затрымаюць іхны наступ?

Расея працягвае наступ супраць Украіны на сямі кірунках. Самыя інтэнсіўныя баі – усцяж на захад ад Аўдзееўкі: за содні там даходзіць да 75 баявых сутыкненняў. Сур’ёзных поспехаў праціўнік, прынамсі пакуль, не здольны дасягнуць. Украінцы ў сваю чаргу працягваюць тапіць расейскі Чарнаморскі флот і амаль штодзённа збіваць самалёты Су-34. Пакуль Украіна адбіваецца ад агрэсіі, справа пакету дапамогі ЗША стаіць на месцы, а вось еўрапейскія партнёры не спяць. Падрабязней – у сюжэце Вольгі Міцкевіч.

Непрадказальныя выбары ў ЗША. Кенэдзі пагражае Трампу і Байдэну

Супераўторак у Злучаных Штатах зрабіў Джо Байдэна і Доналда Трампа амаль стоадсоткавымі супернікамі ў гонцы за прэзідэнцтва на будучых выбарах. І экс, – і дзейны прэзідэнты атрымалі ўпэўненую перамогу на ўнутрыпартыйным галасаванні 15 штатаў. Зрэшты, некаторыя паразы пагражаюць патэнцыйнай перамозе кожнага з іх. У гэты момант адное з самых надзённых пытанняў для нашага рэгіёну – якою будзе палітыка ЗША адносна Украіны ў выпадку, калі прэзідэнтам стане непрадказальны Доналд Трамп?

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu