«Жанчына без мужа будзе мець праблемы»


«Без фемінізму немагчыма дэмакратычнае развіццё Беларусі», – лічыць Вераніка Лапуцька. Яўген Дудкін заяўляе: «Моцная сям’я – моцная Беларусь. Абарона правоў жанчын – важная частка асноўнай дзейнасці БХД». Хто з іх мае рацыю?

З нагоды Міжнароднага дня жанчын новае выданне праграмы «Двубой» прысвечана тэме «За што змагаецца сучасны фемінізм?»

Паліталагіня Вераніка Лапуцька звяртае ўвагу на праблемы, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў сённяшняй Беларусі. Нам бракуе заканадаўства, якое б абараняла жанчыну ад сексуальных дамаганняў, маюцца абмежаванні па працы, якія могуць выконваць жанчыны, праблема з водпускам для догляду за дзіцём для мужчынаў, няма закону, які б забараняў дыскрымінацыю для жанчын-крэдытаатрымальніц, няма заканадаўства, якое б абараняла жанчыну ад хатняга гвалту. Няма адукацыі для дзяцей, якая б вучыла абараняць дзяцей з маленькага ўзросту сваё цела, свае псіхалагічныя і фізічныя межы. Жанчыны недастаткова рэпрэзентаваныя і на палітычнай сцэне, у медыях, хаця сярод жанчын большы адсотак з вышэйшай адукацыяй, г. зн. яны больш кваліфікаваныя.

«Калі казаць пра вобраз, які навязваецца беларускай дзяржавай, то мы бачым, што ўсе жанчыны, якія звязаныя з уладамі Беларусі, – гэта альбо асабіста знаёмыя, асабіста фаварызаваныя Лукашэнкам і яго прыбліжанымі жанчынамі, альбо безгалосыя жанчыны – без права голасу, якія ні на што амаль не ўплываюць», – заўважае Вераніка Лапуцька.

І апошняе, на што яна звяртае ўвагу сярод шэрагу праблемаў беларускіх жанчын, гэта тое, што яны вымушаныя ў два разы больш прысвячаюць часу дому і догляду за дзецьмі, чым мужчыны, і маюць менш вольнага часу ўласна на сябе.

Яўген Дудкін задаецца пытаннем, што ж такое фемінізм? «Для кагосьці фемінізм – гэта абарона права на працу, права на тое, каб атрымоўваць высокі добры заробак, права на тое, каб чалавеку была гарантаваная бяспека ад сексуальнага гвалту. Але ёсць іншая пазіцыя, калі хтосьці спрабуе ўводзіць нейкія квоты, абмежаванні. І вось калі мы глядзім на пытанне, звязанае ў Беларусі, то пытанне абароны правоў жанчын, а менавіта высокі заробак, магчымасць у дэмакратычных працэдурах ці праз дэмакратычныя працэдуры атрымаць пасаду ў кар’ернай лесвіцы, то нам сёння трэба глядзець, перш за ўсё, на правы чалавека ўсеагульныя – і мужчынаў, і жанчын. І тады мы сапраўды зможам зрабіць так, што беларуская жанчына будзе шчаслівая, і будзе мець і высокі заробак, і абароненая, і, канечне ж, радасная», – тлумачыць Яўген Дудкін.

У новым выданні «Двубою» закранаецца пытанне абортаў, хатняга гвалту, карысці (ці не) ад выкарыстання квотаў для жанчын у разнастайных сферах з падмацаваннем прыкладамі Лідзіі Ярмошынай, Святланы Ціханоўскай і нават Марын Ле Пэн. А таксама пачуеце найбольш тыповыя стэрэатыпы ў адносінах да жанчын, кшталту «А якога абаронцу Айчыны можа выхаваць жанчына?» ці «Трэба дбаць пра тое, каб жанчына мела сапраўднага мужа, які адказны будзе, клапаціцца пра яе». Але найперш вы даведаецеся, што ж такое беларускі фемінізм.

Госці праграмы «Двубой»:

Вераніка Лапуцька, паліталагіня, сузаснавальніца «East center»

Яўген Дудкін, прадстаўнік «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі»

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube

Калаж з фота: Белсат; Наша ніва; скрыншот з відэа «Беларусь 1»