Зянон Пазняк. Палітычны геній ці палітычны вар’ят?


Зянон Пазняк абяцае ў Новай Беларусі пасадзіць Святлану Ціханоўскую за краты. Мікалай Маслоўскі лічыць такія заявы здрадай інтарэсам беларускай нацыі. Павел Усаў лічыць, што мэта Пазняка – адраджэнне Беларусі. Хто з іх мае рацыю?

Зянон Пазняк разам з паплечнікамі наведаў украінскі горад Бахмут, за які цяпер вядуцца актыўныя баявыя дзеянні ЗСУ і войскаў РФ. Там ён наведаў ваяроў палка Каліноўскага, а 7 лютага абвесціў пра стварэнне Нацыянальнай рады бяспекі. Але чаму менавіта цяпер спадар Зянон, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў незалежнай Рэспублікі Беларусь, заняўся актыўнай дзейнасцю?

Нарошчванне палітычнага капіталу, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч, звязанае з падзеннем даверу да асобы Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету.

З крытыкай дзейнасці Зянона Пазняка выступае Мікалай Маслоўскі, блогер і госць праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

«Спадар Пазняк – гэта вельмі цікавая фігура. З аднаго боку, гэта палітычны геній, з другога – гэта палітычны вар’ят, як бы гэта ні здавалася многім беларусам нечаканасцю», – сцвярджае Мікалай Маслоўскі. Ён лічыць, што Зянон Пазняк сее смуту – расколвае беларускі дэмакратычны рух. Ды ўвогуле вядомаму беларускаму палітыку, згодна Маслоўскаму, час выправіцца на адпачынак.

«Немагчыма раскалоць тое, што само расколатае і само працуе ўнутры структур на раскол, бо не Пазняк расколваў, умоўна кажучы, Офіс Ціханоўскай, не Пазняк расколваў Кабінет (увесь час узнікаюць нейкія праблемы). І не толькі ў Офісе, але і ў Кабінеце. Апошні скандал з Таццянай Зарэцкай. У чым тут віна Зянона Станіслававіча? Я не разумею. Калі новыя сілы апазіцыйныя не могуць наладзіць працу новых структураў – сістэмную, інстытуцыянальную працу, то, канечне, лягчэй у гэтым абвінаваціць кагосьці іншага, таго ж Зянона Станіслававіча», – тлумачыць Павел Усаў.

Паводле яго, прадстаўнікі Пазняка намагаліся навязаць кантакт з камандай Ціханоўскай яшчэ ў жніўні 2020 года, але гэтага не атрымалася не з віны спадара Зянона. Намагаліся Пазняк і ягоныя прыхільнікі супрацоўнічаць пры пабудове Аб’яднанага пераходнага кабінету. Але і тут атрымалі адмову. У той жа час Зянон Пазняк актыўна падтрымвае Валерыя Сахашчыка з Кабінету. Таму пра які раскол ідзе гаворка?

Чаму Зянон Пазняк так ставіцца да Святланы Ціханоўскай? Да чаго ён заклікаў у 2020 годзе падчас выбараў і як змяніліся ягоныя погляды на сёння? Што такое Нацыянальная рада бяспекі, якую стварае Зянон Пазняк і полк Каліноўскага? І чаго ўвогуле беларусам чакаць ад Зянона Пазняка? Адказы шукайце ў новым выданні «Двубою» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Павел Усаў, палітолаг

Мікалай Маслоўскі, блогер

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube