Паверыў ува ўсіх магчымых багоў: беларус 10 гадзінаў адбіваўся ад расейскіх атак


Першым боем жаўнера з пазыўным Юрыст стаўся зацяты 10-гадзінны штурм украінскіх пазіцыяў расейскімі войскамі. Тады ён сутыкнуўся з кадыраўцамі. З таго часу беларус прайшоў шмат баёў і падзяліўся з намі сваім досведам штурмавіка.

Юрыст быў актыўным удзельнікам пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Калі ён зразумеў, што на радзіме яго чакае або армія, або турма, то з’ехаў у Польшчу.

У снежні 2022 года Юрыст пастанавіў паехаць добраахвотнікам на вайну. Ва Украіне ён трапіў у 79-ую асобную дэсантна-штурмавую брыгаду ЗСУ. Ягоным першым заданнем было «проста трымаць пазіцыю». Але бой быў настолькі адчайны, што Юрыст унутрана развітаўся з жыццём.

«Я ніколі не думаў, што траплю ў першы свой баявы ў такое месца, дзе нас будуць штурмаваць проста неяк пякельна, інакш не назавеш. Штурм доўжыўся з чацвёртай раніцы да другой дня, дзе да дванаццатай гадзіны мы былі нават без падтрымання сваёй артылерыі. Я паверыў ува ўсіх багоў, пэўна, якія ўвогуле могуць быць», – узгадвае Юрыст.

За час службы беларускі ваяр паспеў прабегчыся з падверненай нагой, як алімпіец, скрыжаваць зброю з кадыраўцамі з «Ахмату», апынуцца ў пастцы ў заваленым падвале і перажыць атаку дрона-камікадзэ. У адным з баёў яго выратаваў Рыжы, герой аднаго з папярэдніх выданняў нашай праграмы:

«Штурмаваць куды лепш, чым сядзець у акопе і чакаць сваю міну», – кажа Юрыст.

Наш герой распавядае пра ўсе гэтыя моманты смяротнай небяспекі з жартамі, бо гумар у штурмавікоў заўсёды ёсць і вельмі моцна падымае ім баявы дух. Але гэтая жартаўлівасць не мусіць уводзіць у аблуду: яму баліць смерць пабрацімаў. І з гэтым звязанае тое, якім ён бачыць дзень перамогі.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Донецька обр ТрО; 79 окрема десантно-штурмова Таврійська бригада / Facebook