Сілавікі – інваліду: пасадзім жонку і 15-гадовую дачку


Першы раз Мікалая Бандарэнку затрымалі 19 снежня 2010 года і білі некалькі гадзінаў. Ачуўся Мікалай герой раніцаю за прыпынкам на Нямізе ў Менску з разбітаю галавой. Перанёс некалькі аперацыяў. Пра тыя падзеі падрабязна апавёў у праграме «Беларускі свет».

Мінакі білі Мікалая па твары, каб апрытомнеў. Міліцыянты пакінулі паміраць: у тую ноч было асабліва холадна. У шпіталь Бандарэнка звяртацца не стаў, спалохаўся арышту. Сябар зашыў яму галаву звычайнымі ніткамі.

«Мяне засунулі ў аўтобус, прышпілілі наручнікамі да поручня і былі па галаве гадзіны тры. З першага ці з другога ўдару мне моцна разбілі галаву, кроў цякла. Па спіне, па шыі. Я калі падымаўся, спрабаваў нешта казаць, то білі зноў. Апрытомнеў ад таго, што мяне трэслі людзі, я ляжаў на Нямізе за прыпынкам», – узгадвае Мікалай.

Праз тры гады мужчына аслеп.

У 2020-м Мікалай з жонкай і дачкою хадзілі на ўсе мітынгі. Паводзіліся асцярожна, але ў кастрычніку ў іхны дом прыйшлі няпрошаныя госці. Жонку Мікалая затрымалі і пасадзілі.

«Заходзіць нейкі афіцэр: «Ну, што, яны падпісалі яўку з павіннай?» Пачынае матам на мяне, на маю жонку. Жонка зрабіла заўвагу. «У камеру усіх». Я кажу: «Дзіцяці 15 гадоў, якая камера? Я інвалід», – дастаю пасведчанне. А яны: «Тады гэтую, гаваркую».

А потым – усё як ува ўсіх: званкі, позвы ў РУУС розных раёнаў Менску. У траўні сям’я Бандарэнкаў зʼехала ў Нямеччыну, у горад Вупэрталь. Мікалай узяў удзел у Нюрнбэргскай канферэнцыі, быў спікерам, расказаў сваю гісторыю.Разам з беларускаю дыяспарай ён рыхтуе дакумент аб прызнанні Лукашэнкі тэрарыстам.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Пераслед валанцёра, якія дапамагаў вязнем Акрэсціна;
  • Пачаць новае жыццё ў Польшчы пасля пераследу;

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» у аўторкі а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu