Рабацягі супраць Лукашэнкі. Калі новы выбух?


Падчас рэвалюцыі ў 2020 годзе рабочыя пратэсты былі здушаныя. Але ці надоўга? Гэтая брутальная сіла можа стацца фактарам, фатальным для Лукашэнкі? Ці ёсць шанец на новыя страйкі? Абмяркоўваюць гэта ў студыі ток-шоу «План: Б» з Яўгенам Валошыным сузаснавальнік Рабочага руху Юрый Рававы, эканамічны кіраўнік Офісу Ціханоўскай Алесь Аляхновіч, палітычны аналітык Валер Карбалевіч, а таксама госці студыі.

У 1991 годзе адбыліся масавыя страйкі рабочых у адказ на цэны, што гвалтоўна ўзраслі. Да патрабаванняў вярнуць старыя кошты далучыліся палітычныя патрабаванні, што ў выніку прывяло да пераўтварэння БССР у незалежную Беларусь. Пасля здушанай спробы страйку працаўнікоў Метрапалітэну ў 1995 годзе значных пратэстаў рабочых не адбывалася ажно да 2020-га. Ці існуе шанец рабочаму руху праявіцца зноў?

На думку палітычнага аналітыка Валера Карбалевіча, параўноўваць пратэсты рабочых 1991 і 2020 гадоў няправільна:

«Калі казаць пра 1991 год, гэта ўжо фінал гарбачоўскай перабудовы. То бок гэта перабудова была пачатая зверху, з палітычнага кіраўніцтва, і гэтаму спадарожнічаў крызіс элітаў. Эліты прапанавалі пачаць нейкія перамены, а потым нізы падхапілі, і гэта ўжо выйшла з-пад кантролю элітаў. У Беларусі ў 2020 годзе сітуацыя была зусім іншая. Ніякага расколу элітаў, ніякага крызісу элітаў фактычна не было. Гэта зусім іншая сітуацыя. Калі казаць пра патэнцыял рабочага руху, я думаю, што эпоха пралетарскіх рэвалюцыяў прайшла, яна засталася ў XX стагоддзі».

Пры якіх жа ўмовах рабочы рух можа выбухнуць ізноў? Чаму рабочыя не здолелі спыніць заводаў у 2020 годзе? Чаму праваліліся спробы зарганізаваць страйкі з-за мяжы? Што будзе адбывацца з заводамі, якія Лукашэнка не прадаў цягам 28 гадоў? Параза Расеі ў вайне з Украінаю гарантуе змену ўлады ў Беларусі? Якая будучыня чакае кіраўнікоў лукашэнкаўскіх заводаў у Новай Беларусі? Глядзіце ў выданні «План: Б».

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў з функцыяй «Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS і «Android», a таксама ў эфіры «Белсату».

belsat.eu