Аперацыя «Шлюз»: як клан Лукашэнкаў зарабляе на мігрантах


Беларусь – гэта не «клачок зямлі», і нашая хата – не з краю. Беларусь – гэта еўрапейская дзяржава, якая грае важную ролю практычна ва ўсіх глабальных працэсах. А ўсё, што адбываецца ў свеце, адбіваецца на нас. Сёння ў праграме «Глабальнае пытанне» мы абмяркуем, як Беларусь зрабілася брамаю для масавай нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз. І як на гэтым зарабляе сям’я Лукашэнкаў.

У межах праграмы «Усходняе партнёрства» Беларусь некалькі гадоў атрымлівала ад Еўразвязу дапамогу на ўмацаванне мяжы – дзясяткі мільёнаў еўраў. Грошы паспяхова асвойвалі, спецслужбы і спецпадраздзяленні ладзілі супольныя вучэнні з калегамі з той жа Літвы.

Але калі ў Менску прымусова пасадзілі самалёт Афіны – Вільня, Еўразвяз стаў рыхтаваць шырокія санкцыі. Аляксандр Лукашэнка ў звароце да Савету Рэспублікі загадаў прымусіць еўрапейскіх суседзяў перадумаць.

«Аляксандр Лукашэнка адкрытымі словамі сказаў, што будзе навадняць нас нелегальнай міграцыяй, наркотыкамі, а яшчэ і радыеактыўнымі элементамі, якія раней ён, паводле ягоных словаў, стрымліваў, а цяпер будзе пускаць», – кажа Мантас Адаменас, віцэ-міністр замежных справаў Літвы.

Аб’ектыў
Еўропа разам супраць парушальнікаў мяжы
2021.07.06 22:41

Цяпер групы мігрантаў з Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу літоўскія памежнікі ледзь не штодня затрымліваюць на памежнай паласе з Беларуссю. Мігранты трапляюць туды праз Менск, а сюды іх возяць самалётамі з Багдаду – як турыстаў, нібыта адпачываць. Пуцёўкі мігрантам прадае ўстанова «Цэнтркурорт» – яна належыць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, і іншыя фірмы, падкантрольныя дзяржаве. Цяпер у Менску аўтобуса да літоўскай мяжы чакае не менш за тысячу іракцаў і сірыйцаў.

«Калі раней гэтыя самалёты ляталі вельмі рэдка і кожны адсочвалі, то цяпер яны вылятаюць ледзь не кожны дзень. І іх адмыслова ніхто не чапае. І ў нас была інфармацыя, што памежнікам забаронена затрымліваць нелегалаў у лесе», – распавёў «Белсату» былы начальнік аддзелу ГУБАЗіК Аляксандр Азараў, які цяпер прадстаўляе ініцыятыву BYPOL.

Для Лукашэнкі пагрозы еўрапейскім суседзям адкрытаю мяжой – спосаб нагадаць пра сябе, каб патрабаваць адмены санкцыяў.

«Не настолькі важна, колькі канкрэтна мігрантаў у яго ёсць на тэрыторыі Беларусі і колькі праехала. А важная магчымасць – па-прапагандысцку абыгрываць гэта», – усміхаецца палітолаг Аляксандр Марозаў.

Літоўскія памежнікі зноў затрымалі нелегальных мігрантаў на мяжы з Беларуссю.
Фота: pasienis.lt

А для Літвы ўжо наступіў міграцыйны крызіс. Афіцыйная Вільня адкрыта абвінавачвае рэжым Лукашэнкі ў вядзенні гібрыднай вайны.

«Мы бачым, што гэта арганізаваная міграцыя, якая перавышае тое, што было летась. Цяпер яна дасягае 500 нелегалаў за гэтыя паўгода», – кажа Мантас Адаменас.

Беларускіх памежнікаў заўважалі за знішчэннем слядоў на памежнай паласе.

«Мы бачым актыўную ролю, якую пацвярджаюць змененыя паводзіны беларускіх памежнікаў. Да пачатку гэтага года яны нармальна прымалі нелегальных мігрантаў назад», – тлумачыць віцэ-міністр.

Але больш так не будзе: Міністэрства замежных справаў Беларусі прыпыніла дзеянне Пагаднення аб рэадмісіі – вяртанні неўрэгуляваных мігрантаў. І выйшла з праграмы «Усходняе партнёрства».

Аб’ектыў
Літва абвесціла рэжым экстрэмальнай сітуацыі
2021.07.03 22:31

Арганізацыя нелегальнай міграцыі – гэта злачынства, нават калі яго арганізавалі дзяржаўныя органы. А яшчэ гэта буйны і брудны бізнес з вялізнымі коштамі за кожную нелегальную «пуцёўку».

«15–20 тысяч долараў. У краінах паходжання шмат якія мігранты прадаюць усю сваю маёмасць, каб заплаціць за перапраўку», – кажа Аляксандр Азараў.

Мэта большасці цяперашніх кліентаў «Цэнтркурорту» – перабрацца на тэрыторыю Літвы і здацца ўладам як уцекачы. Там іх адразу скіроўваюць у часовы прытулак.

«Ёсць рашэнне ЕСПЧ (Еўрапейскага суда правоў чалавека), яны калісьці не пускалі тых жа ўцекачоў з Чачэніі, у 2018 годзе было гэтае рашэнне. І цяпер мы бачым, што яны не парушаюць гэтых нормаў, бо людзі, якія на мяжы кажуць: мы хочам прытулку, – іх абавязаныя пусціць, разабрацца ў сітуацыі, і потым вызначыцца, што рабіць», – тлумачыць праваабаронца HUMAN CONSTANTA Наста Лойка.

Праваабаронцы кажуць, што сам тэрмін «нелегальны мігрант», і тым больш «нелегал» – некарэктны. Бо дэгуманізуе людзей і юрыдычна недакладны.

«Звычайна людзі бягуць не ад лепшай долі, і ў апошні час людзі з Беларусі гэта разумеюць, бо шмат хто быў вымушаны ўцякаць», – мяркуе Лойка.

Hавiны
Латвія ўзмацніла ахову на мяжы з Беларуссю
2021.07.03 10:04

Праблема, аднак, шырэйшая, кажа падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Азараў:

«Сказаць, што ўсе мігранты – уцекачы, гэта няпраўда. Ёсць людзі, якія шукаюць лягчэйшага шляху для жыцця. Ведаючы, што ў Еўропе плацяць вялізную дапамогу, яны вырашаюць пераехаць у іншую краіну. Канечне, ёсць людзі, якія бягуць ад вайны. Але ёсць і прадстаўнікі крымінальных груповак, якім трэба проста пераправіцца ў Еўропу».

Беларусь заўжды была транзітнаю краінай. Мігранты з Афганістану, Пакістану, іншых краінаў Азіі траплялі да нас праз адкрытую мяжу з Расеяй. Трэці аддзел Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, якім кіраваў Аляксандр Азараў, лавіў не мігрантаў, а чальцоў міжнародных злачынных груповак, якія ладзілі трафік.

«Чачэнцы маглі выязджаць на тэрыторыю Беларусі, ляжаць у лесе тыднямі і праводзіць назіранне за мяжой. І глядзець, куды перамяшчаюцца памежныя нарады, шукаць лазы для пераходу мяжы. Але былі і выпадкі, калі працаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту, перадусім кантрактнікі, за грошы таксама ўдзельнічалі ў гэтых схемах», – распавядае Азараў.

Цяпер увесь гэты аддзел ГУБАЗіКу скіраваны зверху на барацьбу з экстрэмізмам.

Аб’ектыў
Мігранты з Блізкага Усходу бягуць праз Беларусь у Літву
2021.06.29 22:39

Але беларуская мяжа насамрэч не была «на замку». КДБ рэгулярна праводзіў сакрэтную аперацыю «Шлюз», распавядае Аляксандр Азараў:

«Такія аперацыі праводзіліся, каб улада зарабіла грошай. Калі ў АСАМ, у Дзяржаўным памежным камітэце начальнікам быў Церцель, брат цяперашняга старшыні КДБ, гэтая аперацыя шырока праводзілася. Працаўнікі АСАМ правозілі нелегалаў з Расеі і перапраўлялі праз мяжу. Бо яны ведаюць абстаноўку на мяжы, схемы перасоўвання нарадаў. І бралі за гэта грошы, якія асядалі дзесьці ва ўладзе».

АСАМ – гэта Асобная служба актыўных мерапрыемстваў. Паўсакрэтнае спецпадраздзяленне з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, якое дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Беларусі і падпарадкоўваецца толькі Аляксандру Лукашэнку.

У ручным спецназе Лукашэнкі служылі ягоныя сыны Віктар і Дзмітрый. Віктар Лукашэнка ўваходзіў у Савет Бяспекі, цяпер ён генерал-маёр запасу.

Грошы, якія афіцэры спецпадраздзялення АСАМ атрымалі за арганізацыю трафіку нелегалаў, былі заробленыя абсалютна незаконна, падкрэслівае Аляксандр Азараў:

«Нелегалы пасля прыезду ў Беларусь плацілі грошы. Гэта было зафіксавана, былі ў ГУБАЗіКу справы аператыўнага ўліку, якія потым забраў КДБ, і гэтыя справы зніклі пасля гэтага. То бок, гэта была дзяржаўная палітыка перапраўкі нелегалаў. І цяпер, я так разумею, гэтая аперацыя «Шлюз» аднавілася. Але ў больш пастаянных маштабах».

Але аб’яднаную Еўропу Лукашэнкаў шантаж не спыніць.

«Усе гэтыя пагрозы, якія прадстаўляе Лукашэнка, не падзейнічаюць, не спужаюць Еўразвяз. Бо ў Еўразвязе склалася зусім новае разуменне: што мусіць быць выпрацаваная новая стратэгія адносна Усходняй Еўропы ў цэлым», – перакананы палітолаг Аляксандр Марозаў.

Hавiны
Беларускія памежнікі не заўважылі рэзкага росту колькасці нелегальных мігрантаў на мяжы з Літвой
2021.06.28 10:11

Мяжу з Беларуссю заходнія суседзі пачынаюць узмацняць са свайго боку: будуюць агароджы, ставяць сістэмы відэаназірання.

«Такі досвед ужо ёсць у Еўразвязу падчас мінулага вялікага міграцыйнага крызісу, які быў у Еўропе ў 2014–2015 гадах, і гэты досвед будзе скарыстаны», – кажа Марозаў.

У хмарачосе ў цэнтры Варшавы месціцца штаб-кватэра Еўрапейскага агенцтва бяспекі межаў «Фронтэкс». Праз шэсць гадоў бюджэт «Фронтэксу» вырасце амаль да 1 мільярда еўраў, каб закрыць вонкавыя межы Еўразвязу ад міграцыйных крызісаў. І гэтая служба ўжо сёння прыйшла на дапамогу літоўцам, каб Беларусь не зрабілася прывабнай для арганізацыі масавай незаконнай міграцыі. «Белсат» працягне сачыць за гэтаю тэмай.

Яраслаў Сцешык / Белсат

Калаж з фота: noc.by / pasienis.lt / Sergei Sheleg, BelTA, TASS, Forum