Гераіня новага выдання «Ваяроў» – добраахвотніца з пазыўным Север.
Падчас пратэстаў 2020 года ў нашай краіне Север была студэнткаю Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту, брала актыўны ўдзел у студэнцкіх акцыях пратэсту, пасля першых затрыманняў навучэнцаў-медыкаў далучылася да заснавання студэнцкага прафсаюзу БДМУ, а потым і ўзначаліла яго.
На пачатку 2021 года Север была вымушаная пакінуць Беларусь. З пачаткам расейскай ваеннай агрэсіі дзяўчына далучылася да шыхтоў палка Каліноўскага:
«Узяць і з’ехаць, кінуць усё – для мяне было вельмі цяжка. Я адчувала сябе здрадніцаю хлопцаў, якія ўжо сядзяць. А тут у мяне была магчымасць не толькі застацца, але яшчэ і змагацца з ворагам, які ёсць маім ворагам і ў Беларусі. Гэта значыць, фактычна працягнуць барацьбу, якую мне давялося кінуць».
Цяпер дзяўчына кіруе медычнай эвакуацыяй батальёну «Волат» палка Каліноўскага.
«У палку Каліноўскага я на гэты момант камандзір эвакуацыяй батальёну «Волат», і я займаюся арганізацыяй эвакуацыі ў цэлым, навучаннем байцоў і непасрэдна эвакуацыяй нашых параненых з пазіцыяў. Эвакуацыя – такі складаны механізм, фактычна, транспартаванне нашых параненых пабрацімаў у медычныя ўстановы».
Якія веды з галіны медычнай дапамогі на полі бою павінен мець ваяр? З чаго складаецца праца парамедыка на фронце? Як беларускія добраахвотнікі ратуюць жыцці параненых? Пра тое вы дазнаецеся ў найноўшым выданні «Ваяроў» – а таксама пабачыце эксклюзіўныя відэа зацятых баёў за Севераданецк з асабістага архіву гераіні.