30 гадоў з распаду СССР: ніколі зноў


Расейская імперыя, Савецкі Саюз, імперскія амбіцыі сённяшняй Расейскай Федэрацыі. Здаецца, імперскасць – гэта наканаванне нашай часткі Еўропы. Ці магла гісторыя пасля распаду Савецкага Саюзу пайсці інакш? Высвятляем у праграме «Intermarium»:

Савецкі саюз – гэта не толькі палітычнае ўтварэнне, але і сістэма каардынатаў, сістэма каштоўнасцяў, якая сёння застаецца актуальнай і якой сёння апраўдваюць інтэграцыю, саюзы, анексіі, войны ды палітычныя рэпрэсіі ў нашых дзяржавах.

Расейскі лідар Уладзімір Пуцін сёлета напісаў сумнавядомы артыкул «Пра гістарычнае адзінства расейцаў і ўкраінцаў». Ці ёсць гэтае адзінства акрамя як у галаве аўтарытарнага лідара? Запытаем украінскага гісторыка Алену Сцяжкіну:

«Мы ўсе гэта разумеем. І калі б не вайна, дык можна было б нават і пасмяяцца. Але трэба ўсвядоміць, што Украіна ў выніку гэтай вайны ўжо іншая. Так, вядома, ёсць людзі, якія настальгуюць па мінулым. Але ёсць і пэўная грамадска-палітычная згода, якая палягае на тым, што мы, украінцы, не ведаем і не цікавімся навінамі з Расеі, не цікавімся, хто там прэм’ер-міністр ці які іншы палітык».

Ці можа быць тлумачэннем тое, што беларускія кіроўныя эліты ў сваёй большасці па-ранейшаму не зразумелі ці не адчулі каштоўнасці жыцця ў незалежнай Беларусі?

«Беларусь як ніякая іншая былая рэспубліка вельмі глыбока застаецца ў Савецкім Саюзе, нават не з прычыны інтэграванасці эканомікі, а найперш праз ментальнасць… У Беларусі дасюль жывуць падзеямі ў Расеі. У 1994 годзе людзі прагаласавалі за таго, хто даваў надзею вярнуцца ў СССР. 90 % насельніцтва жыло стэрэатыпамі Расеі. Да марозіва за 22 капейкі не вернешся, але людзі застаюцца ў парадыгме расейкай інфармацыйнай прасторы», – разважае Сяргей Навумчык, палітычны аглядальнік радыё «Свабода».

Таксама ў праграме «Intermarium»:

  • Савецкі Саюз памёр у Беларусі ў 2020 годзе на вуліцах Менску?
  • Чаму замест дэмакратыі Беларусь і Расея пабудавалі таталітарызм?
  • Як зруйнаваць імперыю?

Госці праграмы «Intermarium»:

  • Алена Сцяжкіна, доктарка гістарычных навук, прафесарка, пісьменніца (Кіеў, Украіна)
  • Аляксандр Фрыдман, доктар навук, Інстытут еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту (Нямеччына)
  • Сяргей Навумчык, палітычны аглядальнік радыё «Свабода» (Прага, Чэхія)

Калаж з фота: Oliver J. Graf/Interfoto, World history archive, POOL New/Reuters

Belsat.eu