Расея стане сыравінным прыдаткам Беларусі?


Ці трэба будаваць «мур» паміж Беларуссю і Расеяй? Дзмітрый Балкунец лічыць, што варта запытаць грамадства. Павел Усаў жа ўпэўнены, што цяпер пытаць народ небяспечна, павінен прайсці пэўны транзітны перыяд. Хто з іх мае рацыю?

Тэма новага выдання «Двубою» з Віталём Цыганковым – «Якімі павінны быць адносіны Беларусі з Расеяй?»

Параза Расеі ў вайне з Украінай можа зрабіцца акном магчымасцяў для нашай краіны, як тое ўжо было ў 1990 годзе. Так лічыць палітолаг Павел Усаў і падкрэслівае, што ў такім разе Беларусі неабходна будзе дэнансаваць усе геапалітычныя дамоўленасці з усходняй суседкай.

«Насамрэч Расея заўсёды інвеставала ў беларускі аўтарытарны рэжым, бо аўтарытарны рэжым Лукашэнка не дазваляў Беларусі развівацца самастойна, не даваў магчымасці сфармаваць свой нацыянальны ўнутраны дыскурс і не даваў магчымасці дыстанцыявацца ад Расеі. Фактычна яна дасягнула ў гэтым кантэксце абсалютнай перамогі, абсалютнага поспеху. Гэта тое, што мы сёння назіраем», – тлумачыць Павел Усаў.

Палітолаг Дзмітрый Балкунец прыводзіць прыклад Францыі і Нямеччыны пасля першай і другой сусветных войнаў, якія здолелі перафарматаваць свае адносіны. Магчыма, яны некалі стануць прыкладам для ўзаемаадносінаў Расеі з Беларуссю і Украінай. Але гэта час далёкай перспектывы.

«Пасля таго, што зрабіла Расея, Беларусь павінна выйсці з усіх ваенна-палітычных саюзаў з Расейскай Федэрацыяй, таму што існаванне Беларусі ў гэтых саюзах сёння – гэта пагроза», – салідарызуецца з Паўлам Усавым Дзмітрый Балкунец ды называе Саюзную дзяржаву фэйкам.

Але палітолагі разыходзяцца ў тым, хто павінен прыняць рашэнне аб узвядзенні, умоўна кажучы, «мура» паміж Беларуссю і Расеяй.

«Ва ўмовах пераходу, транзіту пытаць пра геапалітычныя прыярытэты Беларусі ў народу небяспечна, і гэта адказнасць, перш за ўсё, павінна класціся на палітыкаў», – адзначае Павел Усаў і прыводзіць прыклад гісторыі пра Майсея.

Аляксандр Кныровіч у каментары пра тое, колькі неабходна эканоміцы Беларусі, каб выйсці з-пад залежнасці ад Расеі, называе аптымістычны прагноз – «500 дзён» для змены трэндаў і больш пашыраны прагноз – 3–5 гадоў.

Ці можа Расея стаць дэмакратычнай? Як зменяцца адносіны новай Беларусі з нашай усходняй суседкай? Ці можна спыніць размяшчэнне расейскай ядравай зброі? Пра гэта і шмат што іншае глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Дзмітрый Балкунец, палітолаг;

Павел Усаў, доктар палітычных навук, адзін з кіраўнікоў руху «Вольная Беларусь»