Берасцейскі фанат пазбегнуў смерці ды ўзяўся дапамагаць украінцам


Вася Пешаход – берасцеец, рэпрэсаваны ў Беларусі. Ён эвакуяваўся ў Варшаву, быў на мяжы смерці і ўратаваны Беларускім домам. Цяпер Вася запісаўся ў валанцёры, каб ратаваць нашых братоў-украінцаў на польска-беларускай мяжы.

ПРА ДАПАМОГУ УКРАІНЕ

«Дабро мусіць вяртацца. І ўсё будзе добра. Калі мы будзем адно аднаму дапамагаць, будзем салідарныя… Тады ўсё будзе добра. І тады мы ўсё вернемся дадому. Першае (хто можа) – гэта прыехаць ва Украіну і быць разам з імі на перадавой.

Я даведаўся, што на тэрыторыі Польшчы, ля мяжы, ёсць намётавае мястэчка. Буду дапамагаць. Не ведаю, прынесці там вады, падаць бінцік, перавязаць. Патрымаць нешта. Проста псіхалагічна, размовай… І не важна, сядзіш ты ў інвалідным вазку або маеш ключы ад «Мэрсэдэса», – кажа наш герой Васіль.

ФАНАТ І ПРАТЭСТОЎЦА

Фільмы
Фанат
2017.12.31 20:00

У сакавіку 2021 года да Васіля прыехалі міліцыянты і забралі ў пастарунак.

«Мяне папрасілі праехаць. Добраахвотна-прымусова, скажам так. Без якіх-небудзь папераў. Калі мяне прывялі ў кабінет ужо, мяне пасадзілі на крэсла і паказалі фотаздымкі, на якіх я на пратэстах. У цэнтры гораду. Сказалі: «Калі хочаш сёння пайсці дадому – дапамагай нам у супрацы. І мы забудземся аб тваёй гэтай фатаграфіі і тваіх гэтых паперах. Гэта значыць, мы пры табе іх рвём». Мне паказалі фатаграфію: «Вось ёсць чалавек. Нам патрэбен менавіта ён» – Я кажу: «Так, я гэтага чалавека ведаю. Падрабязней магу дазнацца праз дваіх-траіх знаёмых. І, вядома ж, мне патрэбны нейкі час». Мне далі 24 гадзіны».

За гэтыя 24 гадзіны Васіль з’ехаў з краіны.

«У сувязі з маім захворваннем, можна ўдарыць адзін раз – і можна памерці на гэтым жа крэсле. Ну гэтая хвароба ў мяне ўжо, атрымліваецца, 10 гадоў. І калі я выходзіў, дапусцім, на нейкія мітынгі, я не адчуваў гэтага болю».

ЗАЛАТЫ БЕЛАРУС

Пакінуўшы Беларусь, Васіль адмовіўся ад неабходнае медычнае дапамогі.

«У мяне ўтварыўся тромб. Гэты тромб паўплываў на страўнік, на харчаванне. І на органы, якія ўнутры – печань і ныркі. Яны пачалі дрэнна працаваць, дрэнна функцыянаваць. І пачаліся цяжкасці, якія маглі прывесці, вядома, да жудаснага стану, лятальнага. І я патэлефанаваў адразу ж у Беларускі дом Алесю Зарэмбюку. І ён сказаў: «Усё будзе добра». Падтрымаў мяне, знайшоў неабходныя словы. А потым, літаральна ў гэты ж дзень, ужо пад вечар… Я ўжо разумею, што мяне дактары проста «абляпілі» з усіх бакоў – я разумею, што ўсё гэта дзякуючы Алесю. І калі ляжаў у шпіталі – ён знайшоў для мяне словы падтрымкі. І не толькі словы».

Бачна, што Алесь Зарэмбюк, старшыня Беларускага дому ў Варшаве, сам перажываў за Васіля надзвычайна.

«Тады не было часу пра страхоўкі думаць. І мы тэрмінова пачалі дапамагаць. Ну і праз пару дзён, калі ўжо пачалі яго лячыць, яму стала лепш. І ўсё лепш і лепш. І вось у студзені атрымалася, каб Васіль паехаў у Люблін. Каб Васіля закваліфікавалі да ўдзелу ў міжнародным даследаванні. Мы яго ў гэтым падтрымалі. Такому чалавеку, як Васіль, хочацца дапамагаць. Ён малайчына, знайшоў працу, вучыць мову, аптыміст», – усцешана расказвае Алесь.

Алесь Зарэмбюк паказвае медычную дакументацыю, якую мае на руках Васіль.
Фота: «Беларус беларусу»

«Я не чакаў, што я прыеду ў Польшчу і мне будуць аказваць нейкую медычную дапамогу на такую колькасць грошай. Каля 50 тысяч злотых», – расчулена ўспамінае Васіль.

Мы працягваем падтрымліваць вас, нашых гледачоў – беларусаў. Але нашыя думкі і сэрцы цяпер у кірунку Украіны, дзе ідзе вайна, дзе нашыя браты змагаюцца ў тым ліку і за нашую незалежнасць і свабоду, супраць тыраніі. І таму мы будзем дапамагаць і ім. Мы будзем агучваць гэтую праблему. Мы будзем гаварыць пра Украіну і пра яе бяду.

Фотарэпартаж
«Калі пачынаю гаварыць, плачу». Як у польскім Жэшаве дапамагаюць украінскім уцекачам
2022.04.03 15:21

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў і валанцёраў, што дапамагаюць Украіне (гэта можна зрабіць як публічна, так ананімна, з любога пункту свету), лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.