Хворы Лукашэнка знік на 6 дзён. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка выглядаў хворым. Зянон Пазняк звярнуўся да яго і да чыноўнікаў

Аляксандр Лукашэнка з’явіўся на публіцы толькі 4 студзеня, на шосты дзень пасля публікацыі 29 снежня апошняга ў 2023 годзе відэа з ім. Зянон Пазняк нечакана звярнуўся да яго і беларускіх чыноўнікаў. Святлана Ціханоўская перайшла з расейскай на беларускую мову, а Павел Латушка паказаў дачку і маці. Усе яны, а таксама Івонка Сурвіла, звярнуліся да беларусаў на Новы год. Што галоўнае прагучала ў іхных зваротах? Сюжэт Вольгі Міцкевіч.

Генерал Захаранка: «Мяне кінулі на вілы». Эмацыйнае інтэрв’ю з дачкою забітага экс-міністра ўнутраных справаў

Рэжым Лукашэнкі баяўся, што генерал Юрый Захаранка павядзе са сабою спецназ. Пра гэта апавядае дачка генерала, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Алена Захаранка ў інтэрв’ю Алесю Сілічу. Ёй балюча згадваць бацьку, кажа, Юрыя Захаранку «пастанавілі зліквідаваць варварскім шляхам». У 2000 годзе былога міністра скраў «эскадрон смерці». Ці аддаваў міністр Захаранка загад збіць дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе? Ці казаў праўду Юрый Гараўскі, былы ўдзельнік «эскадрону смерці», падчас асабістай размовы з Аленаю Захаранкаю? Што яна думае пра апраўдальны вердыкт швейцарскага суда былому спецназаўцу?4 студзеня 2024-га, у дзень 72-годдзя генерала Захаранкі – інтэрв’ю з ягонаю дачкою.

Сакрэт сяброўства Лукашэнкі і Аліева. Рэжым заробіць на Карабаху?

1 студзеня непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка канчаткова спыніла сваё фармальнае існаванне. Ці абавязаны Азербайджан забяспечыць армянам умовы для вяртання ў гэты рэгіён? Баку плануе інвеставаць у Карабах дзясяткі мільярдаў долараў. Ці можа разлічваць на кавалак гэтага пірага Аляксандр Лукашэнка? Што ён здольны прапанаваць узамен? У чым сакрэт шматгадовага сяброўства Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі? Якія дзве небяспекі могуць пагражаць Азербайджану?

Акцэнты ў навагодніх зваротах прэзідэнтаў Літвы, Польшчы і Украіны

Сотні тысяч беларусаў жывуць у суседніх Польшчы, Літве і Украіне. Яны прыслухоўваліся да навагодніх зваротаў лідараў суседніх з Беларуссю дзяржаваў. Што важнага для беларусаў у Літве гучыць з вуснаў яе кіраўніцтва? Якія фрагменты прамовы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды паспрабавала перакруціць расейская прапаганда? Мы прааналізавалі акцэнты ў навагодніх выступах лідараў гэтых трох дзяржаваў. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Крамлёўскі тэрор без адэкватнага адказу. Чаму Пуцін называе ворагам не Украіну, а Захад?

Расея адсвяткавала Новы год масаванымі абстрэламі Украіны з выкарыстаннем ракетаў і дронаў. Маштаб небывалы з пачатку вайны. Цэлямі былі шматлікія цывільныя аб’екты. Украіна аплаквае загінулых, лекуе параненых, ліквідуе наступствы і спадзяецца. Калі не чарговая хваля варварскага пуцінскага тэрору, то што яшчэ можа падштурхнуць заходніх партнёраў павялічыць дапамогу ды ўрэшце вылучыць дальнабойныя ракеты і два фінансавыя пакеты на агульную суму больш як сто мільярдаў долараў? На шчасце, рэакцыя асобных дзяржаваў на навагоднія злачынствы гаспадара Крамля была імгненная. Сюжэт Юліі Лабанавай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu