«Усё стане яшчэ горш». Жорсткі прагноз для Беларусі на 2023 год


Мірнага неба над галавой! Як вам такое навагодняе пажаданне? На жаль, для нашых блізкіх суседзяў украінцаў яно самае актуальнае ў свеце. Чаго чакаць у 2023-м годзе, калі не скончыцца вайна? Давайце разам паглядзім у «Глабальным пытанні».

Бліжэйшы год песімісты назвалі б Годам Дэпрэсіі, а аптымісты – Годам Сталення, мяркуе былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў, адзін з заснавальнікаў парталу REFORM.BY. Бо ніхто за нас нашую працу не зробіць.

«Мы бачым, як у гэтым годзе развіваліся скандалы з выкрыццём асабістых звестак. Беларусы будуць сталець, будуць разумець, што іх бяспека гэта іх адказнасць», – нагадвае Аляксандр Атрошчанкаў.

Пад ціскам няспынных рэпрэсіяў і пераследу будзе цяжка ўсім – журналістам, блогерам, актывістам, у тым ліку апалітычным. ГУБАЗіК і КДБ зноўку пагражаюць знайсці ўсіх, хто ўдзельнічаў у пратэстах супраць крадзяжу выбараў і міліцэйскага садызму ў 2020-м годзе, але на справе праводзяць поўную «зачыстку» усёй грамадзянскай супольнасці.

«Узмацненне рэпрэсіяў кажа пра тое, што беларускае грамадства не скарылася рэжыму Лукашэнкі, і не стала выконваць усе яго загады», – падкрэслівае Аляксандр Азараў, прадстаўнік «BYPOL» і Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Лукашэнка загадаў стварыць новыя атрады спецназу, у планах стварэнне новага парамілітарнага фармавання – Народнага апалчэння. Ягоныя дэпутаты хутка прымаюць законы аб завочных судах за экстрэмізм і пазбаўленне беларусаў грамадзянства, аб расстрэле за спробу тэракту і гэтак далей.

«Яны будуць працягваць прыдумваць новыя рэчы, пакуль усё не заціхне за мяжой. А вы бачыце, што за мяжой усё толькі ўзмацняецца. Створаны Пераходны кабінет, ствараюцца беларускія адзінкі – харугвы, па ўсё Польшчы і Літве», – нагадвае Аляксандр Азараў.

Рэжым ставіць на запужванне. Пад канец года Гомельскі абласны суд вынес вырак тром «рэйкавым партызанам» са Светлагорску, якія псавалі чыгуначнае абсталяванне, каб запаволіць наступ расейскіх войскаў ва Украіну. Алега Маўчанава, Дзмітрыя Равіча і Дзяніса Дзікуна пасадзілі ў калонію строгага рэжыму на 21, 22 і 23 гады адпаведна.

«Беларусь будуць працягваць уцягваць у вайну. Трэба быць гатовымі да фэйкаў, якія будуць зʼяўляцца з мэтай сутыкнуць беларусаў і ўкраінцаў ілбамі», – мяркуе Аляксандр Атрошчанкаў.

Эксперты заўважаюць ідэалагічную падрыхтоўку беларусаў да непасрэднага ўдзелу ў вайне – з боку як ідэолагаў Лукашэнкі, так і расейскіх прапагандыстаў.

«Войска пойдзе, Лукашэнка дасць загад, толькі пытанне – калі? Пакуль не падрыхтаваныя беларускія войскі, і расейскія не прыехалі, каб наступаць на Украіну. Але мы лічым, што ён ужо згадзіўся з Пуціным, пытанне толькі калі», – заявіў «Белсату» прадстаўнік АПК у справе правапарадку.

Год таму, калі ў «Глабальным пытанні» мы распавядалі пра падрыхтоўку поўнамаштабнай агрэсіі пад выглядам вучэнняў «Саюзная рашучасць», не ўсе хацелі верыць у небяспеку.

Вось што ў студзені думалі звычайныя ўкраінцы пра магчымую атаку нашых войскаў ці расейцаў з нашай тэрыторыі:

«Ды не, гэта глупства. З якой мэтай?»

«Расея гэта агулам агрэсар, яна паводзіць сябе з усімі аднолькава, без выключэнняў… Асобных беларускіх войскаў не існуе, гэта частка Расеі».

«Расея бярэ тое, што кепска ляжыць. Данбас і Крым».

«Беларусь гэта сатэліт Расеі… Беларускія войскі цалкам залежныя ад расейскага кіраўніцтва, як і ўсе войскі АДКБ».

«Беларусы, думаю, наўрад ці. Яны неяк больш спакойныя, народ спакойней».

Цяпер жа ўкраінцы лічаць Беларусь саўдзельніцай агрэсіі, ці як мінімум акупаванай дзяржавай. А Лукашэнка зноўку спрабуе стварыць імідж абаронцы беларускай незалежнасці, але ідзе ўсё глыбей у ваенна-палітычныя абдымкі Пуціна.

«У некаторых дзяржаваў на гэта сыходзяць гады, а мы за вечар шмат кропак над і расставілі, працягваючы наш дыялог Менскі», – з усмешкай казаў Лукашэнка Пуціну пасля хуткай сустрэчы ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбурзе

У Менску і Пецярбурзе Лукашэнка і Пуцін дамовіліся пра стварэнне агульнай абароннай прасторы, сумесную вытворчасць зброі і падрыхтоўку беларускіх пілотаў да ўжывання спецбоепрыпасаў – хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе ядравая зброя.

«Беларуская дзяржава, беларуская дыктатура – гэта адзіны саюзнік Расеі ў гэтай вайне. Таму пазбаўляць фармальнай незалежнасці такога саюзніка гэта сабе шкодзіць. Але, на жаль, небяспека ёсць вельмі высокая, што гэтая патрэба зʼявіцца ў Пуціна», – мяркуе сузаснавальнік REFORM.BY.

У Крамлі да апошняга не прызнаюць цяжкіх стратаў на фронце і абяцаюць хуткае разбурэнне ўсяго заходняга свету.

Вось прагноз Дзмітрыя Мядзведзева, намесніка старшыні Савету бяспекі РФ:

«Што можа адбыцца ў 2023 годзе:

  1. Падвышэнне цаны на нафту да $150 за барэль і цаны газу да $5000 за 1 тыс. куб. м.
  2. Вяртанне Вялікай Брытаніі ў Еўразвяз.
  3. Распад Еўразвязу пасля вяртання Вялікай Брытаніі і адмена еўра ў якасці валюты былога ЕЗ
  4. Захоп Польшчай і Вугоршчынай заходніх вобласцяў былой Украіны.
  5. Стварэнне Чацвёртага рэйху на базе Нямеччыны і яе сатэлітаў.
  6. Вайна між Францыяй і Чацвёртым рэйхам. Падзел Еўропы, у тым ліку новы падзел Польшчы…

З надыходзячым вас, англасаксонскія сябры і іх радасна рохкаючыя падсвінкі!»

Гэтую публічную заяву зрабіў трэці прэзідэнт Расеі, шматгадовы прэмʼер-міністр Расейскай Федэрацыі.

На справе кошты на энерганосьбіты на сусветных рынках падаюць, абмежаванне цаны на расейскую нафту працуе, а газ Масква сама перастала прадаваць у Еўропу. Цяжкія часы чакаюць саму федэрацыю.

«2023 год наўрад ці стане фінальным годам крызісу, проста ў 2023 годзе ўсё стане яшчэ горш. І паколькі дзяржава не ў стане накарміць усе галіны, і кіраваць усімі галінамі, адбудзецца… пераразмеркаванне фінансавых плыняў», – карэктна акрэслівае будучыя працэсы Сяргей Асланян, вядоўца праграмаў на канале «Ходорковский LIVE».

Гэта значыць, Маскву і вайскова-прамысловы комплекс будуць карміць да апошняга, а на іншае грошай не будзе.

«Частка будзе ісці спачатку па шляху мінімальнага фінансавання, а потым нулявога: адукацыя, медыцына, сацыялка, падтрымка старых і падтрымка інфраструктуры жыццезабеспячэння гарадоў і населеных пунктаў», – прагназуе Сяргей Асланян.

Сяргей Асланян прадказвае клінічную смерць практычна ўсіх расейскіх прадпрыемстваў, якія не звязаныя з вайной і з абслугоўваннем непасрэдна вышэйшых чыноўнікаў. Гэта адабʼецца і на нас, беларусах.

«Беларуская эканоміка ўсё больш залежыць ад расейскай. Бо туды ідзе ўсё больш тавараў і паслуг з Беларусі. А з Расеі Беларусь атрымлівае фінансавыя рэсурсы, новыя крэдыты, рэструктурызацыя дзяржаўнага доўга, і гд», – нагадвае Алесь Аляхновіч, прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах.

Чыноўнікі Лукашэнкі прызнаюць шкоду ад антываенных санкцыяў, але абяцаюць хуткі ўзлёт і падʼём прамысловасці з поўным імпартазамяшчэннем. Гэтак, старшыня Менаблвыканкаму Аляксандр Турчын заявіў, што санкцыі наймацней ударылі па «Беларуськалію» і машынабудаўнічых заводах, але чамусьці абяцае ў 2023-м годзе падвышэнне сярэдняга заробку ажно на 15%. Але гэта ў рублях, таму хіба будуць друкаваць на поўніцу, як і ў папярэднія крызісныя гады.

Праўда, магчымыя і пазітыўныя сцэнары, калі напад на Украіну скончыцца поўнай паразай Расеі, кажа Алесь Аляхновіч:

«Калі зменіцца ўлада ў Беларусі, то можна чакаць і вяртання часткі беларусаў дадому, часткі беларускага бізнесу. І вяртання даверу да Беларусі, як сістэмы. І новых інвестыцыяў у Беларусь».

Таму самыя актыўныя беларусы і дзейнічаюць, дзе могуць – у добраахвотніцкіх фармаваннях, у валанцёрстве, у грамадскіх арганізацыях, проста ў падтрымцы знаёмых палітвязняў – з мэтай як мага хутчэй вярнуцца дадому, у свабодную Беларусь.

Нашая хата не з краю. Беларусь – заўжды ў цэнтры Еўропы і ў цэнтры падзеяў. А ўсё, што адбываецца ў свеце, адбіваецца на нас. Таму, спадарства, будзьма актыўнымі, трэба дзейнічаць, трэба браць свой лёс у свае рукі.