Медык: Статыстыцы пра ковід не верыць ніхто, нават Міністэрства аховы здароўя


Як Беларусь праходзіла праз апошнюю хвалю захворвання на СOVID-19? Ці апраўдаў сябе беларускі шлях барацьбы з эпідэміяй? Як падтасоўваюць статыстыку захворвання і смяротнасці ад каронавіруса – распавядаюць інсайдары ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Міністэрства аховы здароўя праваліла кампанію вакцынацыі. Замест неабходных 60 % насельніцтва прышчапіцца згадзіліся ўсяго 40 %. Ва ўмовах абмежаванага выбару вакцынаў і адсутнасці захадаў, скіраваных на стрымліванне эпідэміі, Беларусь не падрыхтавалася адэкватна да яе апошняй хвалі.

«Шмат якія пацыенты, якія мусілі быць у рэанімацыі, – іх проста не забіралі. Нават у Менску. Бо не было месцаў. З улікам структуры шпіталізацыі многім хуткім адмаўлялі ў шпіталізацыі пацыентаў. Гэта значыць, часта брыгады хуткай дапамогі былі вымушаныя ездзіць па Менску, каб знайсці хоць якое месца. Усё правалена там, насамрэч. Ніякай барацьбы з ковідам няма. Гэтая хваля была самая вялікая, і смяротнасць была проста вялізная. Статыстыка, якая нам дэманструецца, – смешная, і ёй, на маю думку, не верыць ніхто, нават Міністэрства аховы здароўя», – распавядае Сяргей, былы анестэзіёлаг-рэаніматолаг.

Расследaванні
Колькі насамрэч асобаў памерла ад каронавіруса ў Беларусі?
2021.09.20 14:19

Доктарка з менскага шпіталю Галіна згадвае, што за содні ў Менску рэгістравалі паводле неафіцыйных звестак 4–5 тысячаў станоўчых тэстаў толькі ў Менску. Афіцыйная лічба ва ўсёй Беларусі давалася каля 2 тысячаў.

«Відавочна, што статыстыка афіцыйна была сфальсіфікаваная, – кажа Галіна, – тое ж самае са смяротнасцю. Мы бачылі, што афіцыйна нам казалі пра 17, 18, 20 смерцяў за дзень, але я дакладна ведаю, і мае калегі паведамлялі, што толькі ў адным шпіталі памірала больш за 20 асобаў за содні ў Менску».

Таксама ў праграме: як насельніцтву Беларусі дасягнуць калектыўнага імунітэту? Ці можна давяраць расейскай вакцыне «Спутнік-V»? Што не так з замежнымі вакцынамі? Калі з’явіцца беларуская прышчэпка ад ковіду?

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота: Sergei Shelega / TASS / Forum