Полк Каліноўскага робіць тое, ад чаго іншыя адмаўляюцца


Ігар Краўчанка вымушаны быў з’ехаць пасля палітычнага пераследу ў Беларусі, перажыў акупацыю Бучы і пайшоў бараніць Украіну ў полк імя Кастуся Каліноўскага.

Ігар Краўчанка (пазыўны Сапіенс) жыў у Гомлі, пакуль не быў арыштаваны ў 2021 годзе. Пасля месяца ў ІЧУ з’ехаў ва Украіну. Цяпер ён начальнік харчовага забеспячэння палка Кастуся Каліноўскага.

На пачатак вайны Расеі з Украінай Ігар Краўчанка жыў у Бучы ды стаўся сведкам злачынстваў, здзейсненых расейскімі вайскоўцамі. «Я бачыў трупы, бачыў, як людзей расстрэльвалі проста так», – распавядае Ігар Краўчанка і згадвае гісторыю, што здарылася з ягоным сябрам, які вывозіў людзей з Ворзэлю і Гастомэлю.

«У нас сусед, Коля, дапамагаў вывозіць людзей з Ворзэлю і Гастомэлю. Ён уляцеў у расейскі блокпост. У машыне былі пяцёра дзяцей і маці. Яны паказалі: разварочвайся. Ён развярнуўся, каб ехаць іншаю дарогай. І сталі страляць. У маці было скразное раненне нагі, кулявое. Вырвала кавалак мяса. І яны ўляцелі, гэта было самым ранкам, яшчэ не было сёмай». На аўтамабілі меўся надпіс «Дзеці», ён быў паўсюль.

Што было самае страшнае ў Бучы? Як украінцы ставяцца да беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць краіну? Як да палка Каліноўскага ставяцца іншыя вайсковыя адзінкі ЗСУ? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Беларускі свет».

Таксама ў праграме:

  • Мянчук Эдвард уцёк ад сілавікоў праз акно і дабраўся да Лодзі
  • Кацярына Мірзоева ў 63 гады сталася палітычнай эмігранткай і пачала дзейнасць у Кракаве

Праграму «Беларускі свет» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на YouTube.