Зіма блізка. Чым будзем грэцца?


Сёння мы пагаворым пра тое, чаму так рэзка ва ўсім свеце падаражэў газ і пра энергетычную незалежнасць Беларусі.

Кастрычнік для еўрапейскіх біржаў пачаўся з чарговага рэкорду коштаў на газ – $ 1200 / 1 тыс. м³. У медыях – паніка. Але адмыслоўцы не раяць бегчы з балонам на запраўку. Бо падаражэлі кароткія аднаразовыя кантракты.

«Доўгатэрміновыя кантракты не змяніліся, і кошт там не змяніўся. Паводле некаторых звестак, Нямеччына атрымлівае расейскі газ паводле доўгатэрміновага кантракту па $ 220 / 1 тыс. м³», – прыгадвае Таццяна Манёнак, беларуская аглядальніца ў галіне энергетыкі.

Прычынаў біржавога скачка адразу некалькі. Глабальная гаспадарка аднаўляецца ад пандэміі каронавіруса, у Злучаных Штатах на здабычу газу паўплывалі стыхійныя бедствы і адміністратыўныя абмежаванні адміністрацыі Джо Байдэна, на біржах б’юцца быкі з мядзведзямі, і спекулянты разганяюць «папяровы», то бок будучы газ. А яшчэ вялікая планавая эканоміка Кітаю зладзіла вялікі энергетычны крызіс. Камуністычная партыя спачатку гэтак рэзка загадала адмаўляцца ад вугалю, што цяпер жыхары трох правінцыяў – а гэта 100 мільёнаў кітайцаў – у прымусова-добраахвотным парадку адключаюць электрапрыборы. А дзясятак кітайскіх правінцыяў маюць праблемы з начным асвятленнем. У Азіі рэзка выраслі кошты на прыродны газ, і ўсе газавыя танкеры паплылі туды.

«Каля 19 % звадкаванага газу, які планавала купіць Еўропа, не аказалася на рынку. А потым уключыўся «Газпром», – тлумачыць Міхаіл Круціхін, спецыяліст у нафтагазавым рынку (Масква).

«Газпром» пачаў выкручваць рукі еўрапейцам, калі перастаў гандляваць на электронных пляцоўках дадатковымі аб’ёмамі газу, і абвесціў аб скарачэнні транзіту праз Украіну.

«Паставіў на прафілактычнае абслугоўванне спачатку першую «Паўночную плынь», потым маршрут праз Беларусь і Польшчу – 2 разы прычым. І абвесціў, што спыняе запампоўку газу ў еўрапейскія падземныя сховішчы», – нагадвае Круціхін.

«Расея спрабуе любым коштам сертыфікаваць «Nord Stream-2», вельмі супярэчлівы газаправод у Нямеччыну, у абыход Польшчы», – тлумачыць Караліна Баца-Пагажэльска з польскага парталу OUTRIDE.RS.

Масква патрабуе, каб «Газпром» быў уладальнікам і самой трубы «Паўночная плынь – 2», і газу ў гэтай трубе – у парушэнне антыманапольнага заканадаўства Еўразвязу.

«Паводле вызначэння саміх газпромаўцаў, гэта не проста італьянская забастоўка, гэта шантаж. Ніякага новага газу вам не дамо, вы будзеце замярзаць. Вы прыйдзеце і папросіце газ на тых умовах, якія прадыктуе «Газпром», – тлумачыць Міхаіл Круціхін.

Але давайце ад пачатку. Расея прадае газ непасрэдна ў Еўропу трубаправодамі «Паўночная плынь» – Балтыйскім морам, «Ямал – Еўропа» – праз Беларусь, «Прагрэс», «Урэнгой – Ужгарад», «Саюз» – гэты шлях праз Украіну – і «Турэцкая плынь» – праз Чорнае мора. На тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца тры буйныя падземныя газасховішчы: Прыбужскае, Асіповіцкае і Мазырскае. Усе яны цяпер належаць «Газпрому». Запомніце, бо мы яшчэ вернемся да гэтага.

Трубаправод «Паўночная плынь – 2», які будавалі з вялікімі праблемамі, усё ж мае сваё эканамічнае абгрунтаванне – кампаніі з 10-ці еўрапейскіх краінаў хочуць вярнуць свае інвестыцыі, нагадвае Генадзій Рабцаў з эканамічнага дыскусійнага клубу (Кіеў): «Еўрапейскія кампаніі ўклалі ў гэты праект прынамсі 4,5 млрд еўраў. І гэта вельмі сур’ёзная сума, каб проста задаволіць чыесьці палітычныя амбіцыі».

Але расейскі эксперт лічыць запуск «Nord Stream – 2» выключна палітычным праектам, як і трубаправоды з Расеі праз Чорнае мора.

«Задача была – аб’яднаць іх у Аўстрыі, пазбавіць Украіну транзіту расейскага газу і зрабіць непатрэбнай украінскую газатранспартную сістэму», – тлумачыць Міхаіл Круціхін.

А гэта – удар па транзітных прыбытках украінскай эканомікі і магчымасць перакрыць вентыль узімку, каб прымусіць выканаць палітычныя патрабаванні ці нават капітуляваць у выпадку поўнамаштабных баявых дзеянняў. Не будзе транзіту газу праз Украіну – будзе менш еўрапейскіх палітыкаў, ахвотных супрацьстаяць агрэсіі Масквы.

Украіна давала рады расейскім пагрозам пры дапамозе еўрапейскіх саюзнікаў і вялізных уласных газасховішчаў. Падземныя рэзервуары гэта яшчэ і сродак заробку – купляй танны газ летам, прадавай даражэй узімку.

«Падземныя сховішчы прыроднага газу – гэта вялікая перавага Украіны. У папярэднія гады іх не выкарыстоўвалі на 100 %», – прыгадвае Генадзій Рабцаў.

Цяпер законы памяняліся, сховішчамі могуць карыстацца і замежныя трэйдары.

Але прынцыповых зрухаў няма. Украіна нават істотна не нарасціла ўласнай здабычы газу з 1990-х гадоў.

«Забеспячэнне энерганезалежнасці – відавочна, што гэтая задача праваленая. «Нафтагаз» атрымаў толькі за першае паўгоддзе $ 0,5 млрд стратаў, кошт на газ б’е ўсе рэкорды, а запасаў газу ў нас у падземных сховішчах не так і шмат», – крытычна ацэньвае дзеянні цяперашняга ўраду Аляксей Білязэ, украінскі эканаміст.

У суседняй Польшчы справы лепш – там працуе Закон аб запасах газу, нафты і нафтапрадуктаў, які абавязвае прадпрыемствы трымаць рэзерв »на чорны дзень», і рэгулюе дзеянні, калі той «чорны дзень» наступіць. Палякі нават плануюць разбудоўваць сістэму сховішчаў.

«Калі ёсць вялікія запасы газу і аб’ёмныя магчымасці назапашвання, то высокія кошты, як сёння, ужо не страшныя. Тады мы не хвалюемся ні за свае рахункі, ні за тое, што хтосьці паспрабуе шантажаваць нас перакрытым вентылем», – тлумачыць Караліна Баца-Пагажэльска.

Таксама Польшча падлучаецца да нарвежскага газу праз трубаправод «Baltic Pipe» і мае сыравіну, прывезеную морам.

Найлепшая зброя супраць расейскіх танкаў – газавыя танкі, вось гэтыя круглыя рэзервуары газавозаў. Прыродны газ робяць вадкім з дапамогай экстрэмальна нізкай тэмпературы і заліваюць у адмысловыя кампазітныя бакі, якія трымаюць -160 °С. LNG-танкер плыве ў любы порт, дзе стаіць тэрмінал, і там газ з вадкага пераводзяць у звычайны стан ды запампоўваюць у трубаправод ці адразу ў аўтацыстэрну.

Марскія перавозкі дазваляюць рэгуляваць аб’ём спажывання і купляць там, дзе больш выгадна. А значыць, можна не баяцца, што прадавец прыкруціць кран для палітычнага шантажу. Ды гандлявацца з трубаправоднымі пастаўляльнікамі. Нават з выдаткамі на марскі шлях і рэгазіфікацыю танкерныя пастаўкі з Амерыкі ці Блізкага Усходу для еўрапейскіх спажыўцоў былі таннейшымі за газпромаўскія.

Літва ўжо некалькі гадоў купляе звадкаваны газ праз тэрмінал «Незалежнасць» у Клайпедзе, Польшча – праз тэрмінал у порце Сьвінауйсьце.

«Некалькі гадоў таму практычна ўвесь газ у Польшчы быў расейскага паходжання. Сёння гэта прыкладна 60 % імпарту», – нагадвае Караліна Баца-Пагажэльска.

Танкеры вязуць нашым суседзям і газ, здабыты з традыцыйных радовішчаў Катару, і амерыканскі сланцавы газ.

Гэта той самы метан, толькі здабыты з тэхналогіямі гарызантальнага бурэння і гідраразрыву пласта. Гэтыя спосабы выкарыстоўваюць і ў здабычы сланцавай нафты, і каб ажывіць старыя традыцыйныя радовішчы нафты і газу. На глыбіню свідравіны запампоўваюць адмысловую вадкую сумесь, якая разрывае пласты горнай пароды і вызваляе газ, тады яго выцягваюць на паверхню. Гэтая здабыча, у адрозненне ад традыцыйнай, патрабуе высокага ўзроўню дакладнасці ды высокатэхналагічнага абсталявання.

Польшча і Літва прайшлі свой шлях да энергетычнай незалежнасці, Украіна яшчэ змагаецца з перашкодамі. А Беларусь, падсаджаная на іглу таннага расейскага газу, цалкам залежыць ад дылера – «Газпрому», і расплачваецца палітычнымі саступкамі Крамлю.

Мы ніяк не можам гандляваць з суседзямі, бо 10 гадоў таму канчаткова прадалі Расеі ўсю транзітную газатранспартную сістэму – усе кампрэсарныя станцыі, сховішчы і трубы.

«У выніку Беларусь атрымала $ 5 млрд за газатранспартную сістэму. Грошы былі патрэбныя», – тлумачыць Таццяна Манёнак.

Тады Лукашэнка хваліўся, што выгадна прадаў «іржавую трубу». Так што выгадны гандаль на міжнародным рынку – не пры гэтай уладзе.

«Часам мы мусім адказаць сабе на пытанне: ці мае энергетычная бяспека якую-кольвек цану?» – кажа Караліна Баца-Пагажэльска.

Для Лукашэнкі важнейшы іншы кошт – $ 128,5 / 1 тыс. м³

«Пасля таго, як Беларусь прадала сваю газатранспартную сістэму «Газпрому» – гэта быў канец 2011 года, бакі дамовіліся фактычна пра фіксаваны кошт», – прыгадвае Таццяна Манёнак.

Але не варта параўноўваць гэтую лічбу з біржавой – перапрадаць аб’ёмы мы нікому не можам. І гэты фіксаваны кошт – ён не для МАЗу, не для БелАЗу, і не для насельніцтва таксама.

«На мяжы газ каштуе $128,5 за тысячу кубаметраў, а беларускія прадпрыемствы па розных коштах атрымліваюць. Але ў сярэднім па $265-275 за тысячу кубаметраў. Разумееце, якая маржа ідзе пасярэдніку», – тлумачыць беларуская спецыялістка.

Пасярэднік – уладальнік усёй унутранай газавай сеткі, дзяржаўны манапаліст «Белтопгаз», які падпарадкоўваецца Міністэрству энергетыкі. А значыць, маржа ідзе пад кантроль ураду.

Што да абʼяднанай Еўропы – яна і гэтаю зімой не замерзне.

«Калі мы паглядзім на графік запаўнення газавых сховішчаў у Еўропе, там, у прынцыпе, у межах сярэдняга калідора запаўненне і апусташэнне сховішчаў. Крызісу няма ніякага ў пастаўках, крызіс толькі ў розумах і ў спекуляцыях на фінансавым рынку, – перакананы Міхаіл Круціхін, і нагадвае, што раней Еўразвяз распачаў агульны рух да бяспечнага газавага рынку: Гэта дыверсіфікацыя пастаўшчыкоў, не маршрутаў, як Газпром прапаноўвае, а пастаўшчыкоў. Гэта развіццё ўнутрыеўрапейскай сеткі газаправодаў – інтэрканэктары праз мяжу, каб у крытычныя моманты перакідваць значныя аб’ёмы газа, і развіццё сеткі тэрміналаў прыёму звадкаванага прыроднага газу».

Але цалкам адмаўляцца ад газу там пакуль не будуць. Нават Нямеччына, якая развіталася з вугалем і плануе далей закрываць атамныя электрастанцыі.

«Ёй неабходна чымсьці балансаваць растучую долю аднаўляльных крыніцаў. Для гэтага ёй неабходная газавая генерацыя», – тлумачыць украінскі спецыяліст.

Польшча таксама будзе адмаўляцца ад спальвання каменнага і бурага вугалю на электрастанцыях, і паступова пераходзіць на газавую генерацыю. Але ўжо без кабальных расейскіх кантрактаў.

«Разам з Еўразвязам Польшча разглядае газ як пераходнае паліва, бо гэта выкапень, і паліва эмісійнае, з выкідам вуглякіслага газу ў атмасферу, вядома, менш эмісійнае, чым вугаль. Але праз некалькі гадоў, калі скончыцца бітва з вугалем, пачнецца бітва з газам», – дае прагноз Караліна Баца-Пагажэльска.

Ужо цяпер нашыя суседзі будуюць ветравыя фермы на моры і на сушы, ставяць сонечныя батарэі на дахі, ды інвестуюць у энергазбераганне.

Мы яшчэ будзем вяртацца да тэмы энергетыкі і энергетычнай незалежнасці Беларусі. А калі ў вас ёсць прапановы, што абмеркаваць у наступным «Глабальным пытанні», дасылайце іх нам праз «Тэлеграм» @BelsatBot.

Калаж з фота: SHAMIL ZHUMATOV, Reuters, Forum / president.gov.by