Дыктатура – глабальная пагроза міру


Зусім нядаўна – 10 гадоў таму – Беларусь называлі апошняй дыктатураю Еўропы. Тады Уладзімір Пуцін яшчэ імітаваў дэмакратычныя настроі, Масква супрацоўнічала з блокам NATO. Цяпер палітычныя рэжымы і Беларусі, і Расеі ў дэмакратычных дзяржавах называюць крыніцаю міжнародных пагрозаў.

Cёння мы разгледзім, што такое аўтарытарныя рэжымы, і як неабмежаваная ўлада аднаго чалавека становіцца бядою для ўласнага народу і суседзяў.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Еўразвязе – не ідэальная. Праваабаронцы фіксуюць парушэнні правоў мігрантаў, ромаў, ЛГБТ.

Але ў параўнанні з Беларуссю гэта неба і зямля, кажа Віціс Юрконіс, дырэктар офісу «Freedom House» у Вільні:

«Беларусь выглядае бліжэйшай да краінаў Цэнтральнай Азіі: поўная дыктатура, дзе прыгнятаюцца правы чалавека, няма выбараў, узровень карупцыі вялікі, няма свабодных медыяў, юстыцыя не працуе ці падпарадкаваная, а на цэнтральную ўладу няма ніякіх рычагоў уплыву».

Сённяшнія рэпрэсіі, якія так ці іначай зачапілі кожную сям’ю, – вынік мэтанакіраванай дзейнасці Аляксандра Лукашэнкі з 1994 года.

«Ён узмацняў вертыкаль улады, манапалізаваў усё палітычнае поле, зрабіў усё магчымае, каб зніклі іншыя інстытуты ўлады», – тлумачыць Юрконіс.

Аўтарытарных рэжымаў у свеце нямала. Часта яны з’яўляюцца ў тых краінах, якія гістарычна нядаўна атрымалі незалежнасць.

«Мы бачым, што першыя прэзідэнты шэрагу дзяржаваў – напрыклад, Амані Дыяры ў Нігеры і Муктар Ульд Дада ў Маўрытаніі – хоць і прыйшлі да ўлады дэмакратычна, з дапамогаю англічанаў адбылася дэмакратычная перадача ўлады, але з часам гэтыя людзі самі абдыктатарыліся, калі можна так сказаць», – усміхаецца Андрэй Рудык, эксперт у палітыцы афрыканскіх краінаў.

Дыктатар можа вырасці з рэвалюцыянера. Малады палкоўнік інжынерных войскаў Муамар Кадафі, зрынуўшы караля Лівіі, паступова ператварыўся ў Братэрскага Правадыра – і гэта афіцыйны тытул.

Улада разбэшчвае. Абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Неабмежаваныя паўнамоцтвы рабіць што заўгодна – дзеля дзяржавы і шчасця народу, канечне, – кружаць галаву і робяцца сапраўдным наркотыкам. Быць першым пасля бога – адмовіцца ад такой спакусы здатны не кожны.

Каб утрымаць уладу ў адных руках, праз дзяржаўную прапаганду няспынна ствараецца вобраз мудрага лідара, смелага генералісімуса і бацькі нацыі.

«Дыктатар, аўтарытарны лідар, ён заўжды стварае карцінку, што яго падтрымлівае маса народу, большасць, таму мы заўжды бачым масавыя мерапрыемствы, парады і гэтак далей», – кажа Віціс Юрконіс.

І дыктатар сам пачынае верыць у гэтую ілюзію. Даходзіць да культу асобы, калі партрэт правадыра з’яўляецца паўсюль: у школах, кнігах, нават на грошах.

«У дыктатурах адбываецца кансервацы апарату. Ён пачынае вырабляць тое, што хоча бачыць гэты лідар. І ў гэтым сэнсе карціна свету скажаецца», – тлумачыць Аляксандр Марозаў, палітолаг Карлавага ўніверсітэту (Прага).

Улада ў аўтарытарным рэжыме бывае размеркаваная, напрыклад, паміж чальцамі палітбюро.

Але калі які генеральны сакратар пазбаўляецца ад канкурэнтаў, то больш няма каму крытыкаваць яго. І лідар нацыі непазбежна скочваецца ў самадурства.

«Чалавеку, які доўга пры ўладзе, пачынае здавацца, што ён усё ведае лепш за ўсіх, у яго вялізны досвед, і ніхто не можа яму сказаць чагосьці новага ў эканоміцы ці замежнай палітыцы», – кажа Аляксандр Марозаў.

Гаспадарчыя і палітычныя памылкі растуць, як снежны ком. А хто не задаволены – таго прымусяць замаўчаць, а калі трэба, рэпрэсуюць, знішчаць, расстраляюць.

«Няма такіх дыктатураў у свеце, аўтарытарных рэжымаў, не важна, з мяккім ці жорсткім аўтарытарызмам, дзе абмяжоўваюцца правы чалавека, а людзі шчаслівыя», – падсумоўвае Андрэй Рудык.

Каб апраўдаць рэпрэсіі, прыдумваюць ворагаў, вонкавых і ўнутраных. І ў кожным з такіх рэжымаў непазбежна расце параноя.

«Яны пачынаюць на ўсё глядзець праз прызму пагрозы. І ўзмацняюць не толькі прапаганду гэтай пагрозы, але і саміх сябе ўгаворваюць, што ва ўсім, што яны бачаць, трэба шукаць небяспеку, не важна, з якога боку», – тлумачыць Аляксандр Марозаў.

І пачынаюць біць па жыццёва неабходных інстытутах грамадства.

«З боку судовай сістэмы – раптам там нелаяльнасць. Ці медыі – яны падрыўныя. Ці парламент – нельга даваць магчымасці развіваць парламентарызм, бо ў ім возьмуць верх варожыя сілы, якія фінансуюцца кімсьці аднекуль», – Аляксандр Марозаў тлумачыць паранаідальную логіку рэжыму.

Дэмакратычныя дзяржавы ніколі не ваююць між сабою – грамадзяне проста не дапусцяць такіх непатрэбных выдаткаў. А для дыктатуры вайна – спосаб мабілізаваць народ, бо ідзе яднанне супраць ворагаў, і паспрабаваць захапіць штосьці каштоўнае.

Прэзідэнт Іраку Садам Хусэйн ваяваў супраць іранскіх аятолаў за рэгіянальны ўплыў і багатыя нафтаю землі, нават ужываў хімічную зброю. Загінулі больш за 700 тысячаў чалавек. Уварваўся ў суседні Кувейт – і канчаткова стаў для дэмакратычнага свету праблемай № 1 на Блізкім Усходзе.

Муамар Кадафі ваяваў з Егіптам, Чадам, арганізоўваў тэракты – у тым ліку ўзрывы двух пасажырскіх авіялайнераў – і стварыў гвардыю Джамахірыі – грамадскага ладу, заснаванага на ісламскім сацыялізме. Кадафі абвесціў Каран законам грамадства – але сам жыў у золаце ў атачэнні прыгожых жанчын.

«Іслам і ісламскія нормы ў праўленні Муамара Кадафі выкарыстоўваліся толькі ў выгадным рэчышчы, у выгадным вектары. Нельга казаць, што нейкія дыктатары Афрыкі ці Азіі слепа следавалі нормам маралі ці рэлігіі. Усё спрабавалі падладзіць пад палітычны рэжым і палітычную кан’юнктуру», – распавядае Андрэй Рудык.

Падвойныя стандарты – аснова такой сістэмы. Дыктатару Італіі Бэніта Мусаліні ды іспанскаму каўдыллё Франсіска Франка прыпісваюць фразу «Сябрам – усё, а ворагам – закон».

Бо ўсе рэпрэсіі адбываюцца ва ўстаноўленым законам парадку, а заканадаўства ў прынцыпе выкарыстоўваецца не для абароны грамадзянаў, а дзеля іхнага кантролю і прыгнёту.

«На англійскай мове гэта завецца «rule by law», а не «rule of law», калі ўлада карыстаецца законам, мае падвойныя стандарты, а грамадзяне толькі караюцца і кантралююцца гэтымі законамі», – тлумачыць Віціс Юрконіс.

Рана ці позна аўтарытарны рэжым робіцца праблемаю для суседзяў. Кіраўнікі Ірану, Іраку, Сірыі спрабавалі стварыць ядравую зброю, каб пагражаць усяму свету.

А Кім Чэн Ын – афіцыйна Новая Зорка і Бліскучы Таварыш – ужо мае не толькі бомбы, але і ракеты, здольныя данесці іх на іншы кантынент.

У Аляксандра Лукашэнкі ядравай зброі няма, толькі атамная станцыя. Але ён цяпер пагражае ўсяму Еўразвязу ростам нелегальнай міграцыі, кантрабанды наркотыкаў і нелегальнага правозу праз Беларусь ядравых матэрыялаў.

«Ёсць цэлая інфраструктура, не толькі крымінальная, але і дзяржаўных службаў, якія ўдзельнічаюць і арганізуюць узрослую плынь мігрантаў у Літву», – заявіла ў Афінах Інгрыда Шыманіце, прэм’ер-міністр Літвы.

«Я выказваю прэм’ер-міністру Літвы маё поўнае падтрыманне. Тое, што робіць Беларусь, – непрымальна», – заявіў ейны грэцкі калега Кірыякас Міцатакіс.

Эканоміку, падарваную рэпрэсіямі ды некампетэнтнасцю, падтрымаць можна хіба субсідыямі іншых аўтарытарных рэжымаў – Кітаю, Ірану, Расеі. Узамен за штосьці.

«Яны ведаюць пункт, на які трэба ціснуць. І ў гэтым плане Лукашэнка гадоў дзесяць казаў пра стабільнасць і што ён гарант незалежнасці. А ён не гарант незалежнасці, а ўразлівасць суверэнітэту, бо выбудаваў вертыкаль улады, дзе людзі не маюць права голасу», – тлумачыць Віціс Юрконіс.

Не маюць, бо для дыктатара грамадзяне – штосьці кшталту быдла, якое патрабуе моцнай рукі. Аўтарытарныя лідары даволі часта заяўляюць, што людзі не дараслі да дэмакратыі або ўвогуле гэты лад не характэрны для іхнага рэгіёну.

Хоць нават у посткаланіяльнай Афрыцы эксперты ведаюць прыклады паспяховых дэмакратычных дзяржаваў – як Сэйшэльскія Астравы і Маўрыкій.

«Калі мы кажам пра кантынентальную дзяржаву, – гэта Батсвана. Адназначна Батсвана. І тэмпы эканамічнага росту, і стабільнасць палітычных інстытутаў. Увогуле цікавая палітычная сістэма. Прэзідэнт узначальвае выканаўчую ўладу, як у ЗША, але выбіраецца парламентам», – распавядае Андрэй Рудык.

Беларусь – гэта Еўропа. І ў нас ёсць гістарычная спадчына дэмакратычных інстытутаў. Беларускія гарады – Ворша, Берасце, Слуцк – мелі Магдэбурскае права. Гэта гарадское самакіраванне, выбары заканадаўцаў, чыноўнікаў, суддзяў. Нават князя ў Вялікім Княстве Літоўскім выбіралі феадалы, і ён не меў абсалютнай улады.

Дэмакратыю як палітычную сістэму часам называюць тэхналогіяй узаемадзеяння грамадства. Аднойчы мы – беларусы – асвоім гэтую тэхналогію не горш за інфармацыйныя.