Галоўнае свята дыктатараў. Чаму для Лукашэнкі ды Пуціна настолькі важны парад 9 траўня?


Аляксандр Лукашэнка стаў адзіным у свеце, хто ў 2020 годзе, у разгар каронавірусу, правёў парад на 9 траўня. Уладзімір Пуцін вырашыў не адставаць ад яго і таксама правёў парад, што праўда, у чэрвені. Чаму тэма вайны ўвесь час гучыць у рыторыцы Крамля і афіцыйнага Менску?

Адмыслоўцы ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай тлумачаць, што ў дэмакратычных краінах з добрым узроўнем жыцця няма патрэбы прыгадваць гістарычныя падзеі для апраўдання існавання сваёй улады. А вось дыктатарскія рэжымы характарызуюцца стварэннем ворага, якім можна прыкрыць хібы малаэфектыўнай гаспадарчай палітыкі.

Палітолаг Андрэй Ягораў сцвярджае, што наратыў Другой Сусветнай вайны ў Беларусі звязаны з тым, што, маўляў, гэта краіна, якая найбольш пацярпела ў вайне, але яна не мае прэтэнзіяў на пасляваеннае пераўладкаванне свету.

«То бок, няма вось наўпрост гэтай сувязі паміж вялікай перамогай і веліччу сучаснай Расеі», – сцвярджае адмыслоўца.

У Расеі ідэалогія, пабудаваная на перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне, вядзецца больш агрэсіўна, чым у Беларусі. Крэмль падпарадкоўвае жыцці расейцаў ваенным мэтам, падкрэсліваючы веліч дзяржавы. А афіцыйны Менск выкарыстоўвае ваеннае мінулае для падтрымання нібыта стабільнай палітыкі Лукашэнкі.

«Усякая ідэалогія ў Беларусі, яна апісваецца вельмі простай формулай лаяльнасці да палітычнага рэжыму. Як бы Лукашэнка класны, перамог беспарадак 90-ых і як бы зараз у нас усё клёва. Таму сядзіце маўчыце, і падтрымлівайце дзейсны рэжым. Ну, вот урэшце ўсё, што можна сказаць пра беларускую ідэалогію», – каментуе Андрэй Ягораў.

Таксама ў праграме: як Дзень Перамогі ўшаноўваць у заходніх краінах, у тым ліку ў Нямеччыне? Як адбыўся паварот Пуціна да савецкай рыторыкі? Ці ва Украіне адзначаюць Дзень Перамогі ў Другой Сусветнай вайне? Адкуль узяўся і што азначае сімвал яблыневага квету? Прыкметы сучаснага фашызму, што пануе ў Беларусі ды Расеі – называе нямецкі гісторык Фэлікс Акерман.

Фота: Alexei Nikolsky / TASS / Forum