Медыкі за кратамі. Перад затрыманнем Андрэй Любецкі даў інтэрвʼю «Белсату»


Чаму беларускія лекары з’язджаюць за мяжу? Як яны ацэньваюць узровень медыцыны ў краіне? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

У паслявыбарчы перыяд, калі медыкі сутыкнуліся з масавым наплывам пацярпелых ад гвалту сілавікоў, ім прыйшлося працаваць звышурочна не толькі на працы, але і па-за ёй – па хатах. Рэч у тым, што людзі нават з сур’ёзнымі траўмамі не жадалі звяртацца ў дзяржаўныя ўстановы, бо асцерагаліся, што іх аддадуць назад тым, ад каго яны пацярпелі.

Яўгенія Тачыцкая, якая працуе ў дзяржаўным псіхіятрычным дыспансеры, апавядае, што зварот у дзяржаўныя ўстановы – адзін з распаўсюджаных страхаў у ейных пацыентаў.

«Яны баяцца звяртацца да каго б там ні было: да траўматолага, тэрапеўта, псіхіятра, да гінеколага. (…) Людзі, у якіх былі сурʼёзныя пашкоджанні мяккіх тканак, пераломы касцей, цяжкія страсенні, не звярталіся. Яны звярталіся па валанцёрскую дапамогу. Тыя, у каго ёсць сродкі, часам звяртаюцца ў прыватныя клінікі. Былі людзі з траўмамі канечнасцяў, якія прыводзяць да калецтва. Былі людзі з траўмамі ўнутраных органаў. У тым ліку похвы і прамой кішкі».

Але пацярпелі не толькі пратэстоўцы. Паводле фонду медычнае салідарнасці, пасля выбараў з палітычных матываў звольнілі каля паўсотні работнікаў аховы здароўя.

Аднаго з найлепшых сківічных хірургаў Беларусі Андрэя Любецкага спачатку звольнілі з дзіцячай больніцы, дзе ён адпрацаваў 18 гадоў, потым з прыватнай медустановы. Перад сваім затрыманнем Андрэй Любецкі паспеў паразмаўляць у праграме «Шчыра кажучы» пра стан медыцыны:

«Калі ўлічыць тое, што ўсе мае калегі працавалі больш, чым на стаўку ў больніцы, гэта заўсёды была дзённая праца і дзяжурствы, тады атрымліваецца 1,5–2 стаўкі. Гэта дзесьці 500–700 долараў, гэта максімум. Але гэта з улікам таго, што ў нас тыя ж аперацыі па пластыцы вуснаў, паднябення пры расколінах, высокатэхналагічныя. І за гэта ішла надбаўка.То бок калі браць голую стаўку, то, безумоўна, значна менш, чым тыя славутыя 500 долараў. Па вялікім рахунку ў прыватных клініках той заробак можна зарабіць на 1–2 пацыентах».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Што насамрэч адбывалася ў шпіталях падчас першай хвалі каронавіруса?
  • Колькі гадоў трэба чакаць аперацыю на калена ў сталічных больніцах?
  • Як працягваюць вучобу за мяжою адлічаныя студэнты медустановаў?

Belsat.eu