Даследнік Байкалу з-пад Маладзечна, уратаваны Бісмаркам. Бенедыкт Дыбоўскі


Адзін з першых прыхільнікаў тэорыі эвалюцыі Дарвіна быў з-пад Маладзечна. Удзельнік паўстання 1863–1864 гадоў, асуджаны на павешанне, але ўратаваны Бісмаркам. Даследнік Байкалу і стваральнік музею ў Львове. Бенедыкт Дыбоўскі. «Вусы Скарыны».

Бенедыкт Дыбоўскі нарадзіўся 12 траўня 1833 года ў маёнтку Адамарын каля вёскі Дубравы (сёння – Маладзечанскі раён Менскай вобласці). Ён скончыў менскую мужчынскую гімназію і быў адным з найлепшых студэнтаў Дэрптаўскага ўніверсітэту, адкуль быў выключаны за тое, што быў… секундантам на адной з дуэляў. Затое пасля гэтага Дыбоўскі паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, дзе абараніў дысертацыю па заалогіі. Ён адным з першых навукоўцаў рашуча падтрымаў тэорыю эвалюцыі Чарлза Дарвіна. У 1863 годзе далучыўся да ліку паўстанцаў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, за што быў асуджаны на смерць, але за яго заступіўся пасол Нямеччыны ў Расейскай імперыі Ота фон Бісмарк. Дыбоўскага саслалі ў Сібір, якую ён актыўна даследаваў, найперш Камчатку і возера Байкал.

Дыбоўскі памёр у 1930 годзе ў Львове, дзе ён пры мясцовым універсітэце заснаваў адзін з найбагацейшых заалагічных музеяў Еўропы.

Гісторыю жыцця Бенедыкта Дыбоўскага глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.