БелАЭС-2. Шалёная ідэя Лукашэнкі ці рэальны план? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Чаму Лукашэнка загаварыў пра другую АЭС у Беларусі?

Не паспелі дабудаваць першай атамнай электрастанцыі са шматлікімі парушэннямі, як Лукашэнка пачаў агучваць ідэю пра БелАЭС-2. Навошта яму яшчэ адно будаўніцтва, якое можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі? Дзе ўзяць яшчэ некалькі мільярдаў долараў крэдыту на яго? Усё гэта на фоне таго, што з першаю БелАЭС ёсць праблемы, чаго не хаваюць на афіцыйным узроўні. Што за гульню вядзе Лукашэнка? Сюжэт Надзеі Бельскай.

Што трэба зрабіць, каб пачалі прызнаваць пашпарты Ціханоўскай? Інтэрв’ю з палітолагам

Якую стратэгію рэжым Лукашэнкі спрабуе зрэалізаваць у міжнародных дачыненнях? Ці ёсць яна наагул? Што мае адбыцца, каб заходнія дзяржавы пачалі прызнаваць беларускі альтэрнатыўны пашпарт? Пра гэта інтэрв’ю Алеся Сіліча з Ондржэем Дытрыхам, старэйшым аналітыкам парыжскага Інстытуту Еўрапейскага Звязу для вывучэння бяспекі.

Ці знішчыць Ізраіль «Хамас» і што будзе пасля вайны?

Армія абароны Ізраілю прасоўваецца ўглыб сектару Газа над кіламетровымі тунэлямі тэрарыстаў «Хамасу». Першыя дні паўнавартаснай наземнай аперацыі мінулі – і пакуль тон у вайне задае Ізраіль. Аднак у той жа час войску даводзіцца кантраляваць напружанне на мяжы з Ліванам і ўлічваць атакі ды пагрозы з боку еменскіх хусітаў, якія абвясцілі вайну. Ці можа Цагаль ва ўмовах ваеннага і палітычнага ціску дасягнуць сваёй найвышэйшай мэты – ліквідацыі «Хамасу»? І што будзе потым, пасля гэтай вайны? Сюжэт Ірэны Кацяловіч.

Казахстан падзелены вайной. Як агрэсія Расеі супраць Украіны паўплывала на настроі?

Колькі казахаў падтрымліваюць агрэсію Расеі, а колькі – за Украіну? Падрабязнасці – у інтэрв’ю Змітра Міцкевіча з экспертам з Казахстану Серыкам Бейсембаевым, дырэктарам аналітычнага цэнтру «PaperLab». Аналітыка будзе цікавая беларусам: паміж Беларуссю і Казахстанам ёсць аналогіі ді шэраг сур’ёзных адрозненняў не на карысць нашай дзяржаве.

Мір паміж армянамі і азербайджанцамі блізкі як ніколі. Што можа перашкодзіць?

Армяне хочуць міру з азербайджанцамі. Аднак ёсць шэраг выклікаў і перашкодаў на шляху да замірэння. Арменія больш не хоча быць у транспартавай блакадзе і мае намер падпісаць мір з Азербайджанам. Прапанова прагучала на форуме «Шаўковы шлях» у Тбілісі. Там жа Нікол Пашыньян прэзентаваў распрацаваны ўрадам Арменіі праект наладжвання камунікацыяў краіны з Азербайджанам, Турцыяй і Іранам. Ці своечасовая гэтая прапанова і ці будзе цікавая найперш Азербайджану? Ці захоча Баку падпісаць мірную дамову і хто можа выступіць пасярэднікам? Шанцы нармалізацыі абстаноўкі на Паўднёвым Каўказе ацэньвала Юлія Лабанава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.