Як будзем адбудоўваць эканоміку пасля Лукашэнкі?


Беспрэцэдэнтная гісторыя: прэзідэнты Злучаных Штатаў і Расеі збіраюцца абмеркаваць Беларусь без удзелу Беларусі. І перад гэтаю сустрэчаю Лукашэнка імчыцца на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным і нібыта прыязджае адтуль з грашыма і з падтрыманнем. Беларусь траціць вонкавапалітычную легітымнасць? Што чакае эканоміку пасля Лукашэнкі? Разбіраемся ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Офіс Святланы Ціханоўскай ацэньвае сродкі, якія могуць выдаць на развіццё эканомікі па Лукашэнку, да 10 мільярдаў долараў. Як эканаміст, Сяргей Чалы мае пэўныя перасцярогі, чаму гэтую ініцыятыву рана называць Планам Маршала.

«У Плане Маршала было яшчэ 2 важныя складнікі. У 1947-м быў прыняты План Маршала. У 1949-м стварылі блок НАТО, які многія называлі ваенным Планам Маршала. То бок – гарантыямі захавання вонкавапалітычнай бяспекі. І трэцяя рэч, пра якую вельмі шмат хто забывае, але, з майго пункту гледжання, яна была ключавою. Звычайна многія эканамісты кажуць: ну, глядзіце, гэтая дапамога была ўсяго ў памеры ад 2 да 4 адсоткаў ВУП, здавалася штогод. Гэта быццам не вельмі шмат. Але ў рэчаіснасці значна больш важным было Лонданскае пагадненне аб прабачэнні доўгу Нямеччыне».

Звычайная пазыковая нагрузка для пасляваенных эканомік перавышала 100 % ВУП. Для Нямеччыны яе знізілі да 20 % ВУП. Да 1970 года Нямеччына спыніла гэтыя плацяжы. Відавочна, што да таго часу, пакуль ва ўладзе застаецца Лукашэнка, эканамічныя санкцыі будуць узмацняцца. Працягвае адмыслоўца:

«Санкцыі будуць мала таго што мацнейшымі і больш балючымі – яны будуць працяглымі. І так лёгка ад іх пазбавіцца немагчыма. Пераход да палітыкі гандлю палітвязнямі не развязвае цалкам пытання дачынення з Захадам. У той жа самы час гэта прызнанне таго, што мы без вонкавай дапамогі не справімся. Бо Лукашэнка настолькі таксічны цяпер, што нікому не хочацца падпасці пад вось гэтую раз’юшанасць Захаду».

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • ці траціць Беларусь легітымнасць і на міжнароднай арэне;
  • ці сапраўды Пуцін не гатовы пакрываць Лукашэнку;
  • відаць, Беларусь больш залежыць ад Украіны, чым Украіна ад Беларусі.

Калаж з фота: Sergei Ilyin / Russian Presidential Press / Forum

Belsat.eu