Выразалі пухліну памерам з яйка. Неабходна падтрымаць актывістаў, што страцілі дачку


Калі ў Алівіі знайшлі пухліну памерам 5 сантыметраў, дактары сказалі, што шанцаў на выратаванне амаль няма. Аднак аперацыя прайшла паспяхова. Здавалася, што цяпер справа толькі за рэабілітацыяй. Але, калі мы рыхтавалі да эфіру праграму з просьбай аб дапамозе дзяўчынцы, яе нечакана нестала. Цяпер дапамога патрэбна яе бацькам.

«Адзін дзень яна проста прыйшла з садка і сказала, што ёй баліць галава», – распавядае Дар’я, маці Алівіі, і зазначае, што дактары да сёння не ведаюць, як з’явілася пухліна, бо дзяўчынка нарадзілася і гадавалася здаровая. І дадаюць, што ад такога не застрахаваны ніхто – ні дзіця, ні дарослы.

Дар’я разам з дачкой і мужам бралі ўдзел у мітынгах пасля сфальсіфікаваных рэжымам Лукашэнкі выбараў: «У 2020 годзе пасля выбараў выходзілі ў ланцугі салідарнасці жанчын, мой муж быў у Менску, у Берасці на гэтых маршах. І потым, як гаворыцца, пачалі хадзіць па хатах, пачалі тэлефанаваць з ДАІ, з міліцыі: прыйдзіце на размову, у Следчы камітэт. Тады мы зразумелі, што неабходна з’язджаць».

Праз Украіну сям’я Дар’і пераехала ў Польшчу, дзе Аліўка пайшла ў дзіцячы садок. Усё выглядала добра, пакуль аднойчы яна, вярнуўшыся дадому, не пачала траціць прытомнасць. Пасля праведзенага даследавання дактары сказалі: «Няма шанцаў».

Але знайшліся і тыя, што пагадзіліся ўзяцца за Алівію і правялі аперацыю. У выніку яна была паспяховая: дзяўчынцы выразалі ракавую пухліну ў мазжачку памерам з яйка. Пасля гэтага Алівія аказалася ў коме, але і з яе дзяўчынка здолела выйсці.

Ёй паставілі адмысловую трахейную трубку, праз якую яна атрымоўвала ежу і дыхала, прычым дыхаць Алівіі прыйшлося вучыцца наноў. Яна спачатку перамяшчалася на вазку, які бацькі перадалі дзецям, пацярпелым ад вайны ва Украіне.

У дзяўчынкі не былі закранутыя тыя вобласці мозгу, якія адказвалі за маўленне і інтэлект, таму меліся ўсе шанцы зноў стаць тым вясёлым жвавым дзіцём, якім яна была да пухліны: «Алівіі 4 гады. Алівія любіць усё. Яна вельмі любіць музыку. У нас ёсць сінтэзатар: бабуля з дзядулем ёй падаравалі на трэці год нараджэння, бо ў яе тата музыка».

Для вяртання да паўнавартаснага жыцця дзяўчынцы неабходна было пазбавіцца ад трахейнай трубкі і прайсці месячную рэабілітацыю, якая каштавала 5000 еўраў.

Калі мы рыхтавалі праграму да эфіру, Даша паведаміла, што Алівіі больш няма з намі на зямлі. Нашыя шчырыя спачуванні сям’і.

Калі вы хочаце падтрымаць бацькоў Алівіі матэрыяльна, псіхалагічна ці маральна, лістуйце:

belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.