Лукашэнка мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Макей пярэчыў Лукашэнку. Дэталі сакрэтных размоваў міністра замежных справаў Беларусі

Уладзімір Макей – кіраўнік дыпламатычнага ведамства Беларусі – меўся наведаць Польшчу першага снежня. У Лодзі распачалАся сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Аднак чыноўнік Лукашэнкі раптоўна памёр. Уладзімір Макей вядомы тым, што з ягонай біяграфіі ўпарта выдалялі гады службы ў савецкай вайсковай выведцы. Апошнімі гадамі, перад падзеямі 2020 года, ён паспяхова наладжваў дачыненні рэжыму Лукашэнкі з Захадам. Як выглядала супраца з ім? Распавядаюць экс-міністр замежных справаў Літвы і амбасадар гэтай дзяржавы ў Беларусі Лінас Лінкявічус і колішні амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка. Каго адправілі ў Польшчу замест Макея? Што будзе з рэшткамі дыпламатыі ў Беларусі пасля яго? Матэрыял Юліі Лабанавай.

Лукашэнка мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. Інтэрв’ю з экс-прэм’ер-міністрам Літвы

Аляксандр Лукашэнка стаў хаўруснікам вайсковых злачынстваў Расеі супраць Украіны. Паводле ўсіх параметраў, ён мусіць трапіць пад міжнародны трыбунал. Перамога Украіны залежыць ад таго, колькі зброі ёй пастаўляе Захад. Ад памераў гэтых паставак залежыць, як доўга будзе працягвацца вайна. Так лічыць Андрус Кубілюс, экс-прэм’ер ураду Літоўскай Рэспублікі, а цяпер дэпутат Еўрапейскага парламенту. А еўрадэпутаты заклікалі прызнаць Беларусь акупаванай. Што гэта азначае на практыцы? Адказ у інтэрв’ю Алеся Сіліча з літоўскім палітыкам.

Каго трэба асудзіць за агрэсію супраць Украіны: «Беларусь» ці «рэжым Лукашэнкі»?

Галоўную ўмову прыняцця Украіны ў НАТО агучыў генеральны сакратар альянсу Енс Стольтэнбэрг. Гэта адбылося пасля нарады міністраў замежных справаў саюзнікаў ды іх партнёраў, што прайшла ў Бухарэсце. Я на месцы, у Румыніі, цягам двух дзён сачыў за заявамі і пастановамі дзяржаваў Альянсу. Галоўнай тэмай была дапамога Украіне, а таксама будучае прыняццё Швецыі і Фінляндыі. З’явіўся і беларускі акцэнт – у дэкларацыі, падпісанай усімі міністрамі замежных справаў НАТО, гаворыцца: «Мы таксама асуджаем усіх, у тым ліку Беларусь, хто актыўна спрыяе агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны». Ці не правільней было б асудзіць рэжым Лукашэнкі, а не Беларусь? Падрабязней – Надзея Бельская.

Як Украіне выстаяць у зімовай вайне?

Масаваныя расейскія ўдары па энергетычнай сетцы Украіны – гэта элемент расейскай ваеннай дактрыны. Пра гэта заявіла ваенная выведка Мінабароны Вялікай Брытаніі. Задача – дэмаралізаваць насельніцтва і, у выніку, прымусіць лідараў дзяржавы капітуляваць. Ці прывядзе гэтая стратэгія да поспеху Крамля? Якім будзе матэрыяльны і псіхалагічны эфект ад удараў? Украінцы змабілізаваліся і настроеныя выдужаць, а ўлады ў Кіеве падкрэсліваюць: для таго, каб вытрымаць зіму, патрэбныя генератары і сістэмы СПА. Менавіта на такую дапамогу разлічваюць украінцы. Але ці гатовыя заходнія партнёры яе даць? Ці выстаіць Украіна гэтаю зімою? Пра гэта – сюжэт Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.