Хто выйграў міграцыйны канфлікт на мяжы? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Лукашэнка нарываецца на канфлікт

Капітуляцыя Аляксандра Лукашэнкі ў памежным канфлікце справакавала шэраг ягоных гучных, ваяўнічых заяваў. Гэта толькі рыторыка ці дыктатар паглыбіць канфлікт з суседзямі Беларусі? Наколькі ім трэба непакоіцца? Як інтэрпрэтаваць словы пра вяртанне ядравай зброі ў нашую дзяржаву? Высвятляў Зміцер Міцкевіч.

Хто прадставіць Беларусь на саміце Еўразвяз-Усходняе партнёрства? Інтэрв’ю з Валерам Мацкевічам

І Святлана Ціханоўская, і Уладзімір Макей апынуліся ў адным горадзе. Прадстаўнік дыктатара прыляцеў паўдзельнічаць у пасяджэнні Рады міністраў замежных справаў краінаў-удзельніц АБСЕ, маўляў, туды запрашаюць усіх чальцоў арганізацыі – нават прадстаўнікоў дыктатураў. Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з прэзідэнтам і генсакратаром Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Яна падкрэсліла, што свой удзел у сустрэчы рэжым успрымае як фармальны ды ігнаруе заклікі спыніць гвалт і рэпрэсіі, а таксама вызваліць палітвязняў. Наперадзе саміт «Усходняга партнёрства» – і пытанне, хто будзе прадстаўляць Беларусь. Інтэрв’ю з Валерам Мацкевічам з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Чым НАТО адкажа Лукашэнку і Пуціну?

Уладзімір Пуцін прапанаваў пачаць перамовы наконт гарантыяў непашырэння НАТО на ўсход. Калі казаць прасцей, перамовы, каб Украіна ці Грузія не маглі стаць чальцамі паўночнаатлантычнага альянсу. У НАТО ж сцвярджаюць: такія рэчы трэба вызначаць без удзелу Масквы. Усё гэта адбываецца на фоне міграцыйнага крызісу на межах Беларусі і ЕЗ, а таксама абвастрэння сітуацыі вакол Украіны. Ці зможа НАТО абараніць сваіх партнёраў і свой усходні фланг? Якім будзе адказ на дзеянні Лукашэнкі ды Пуціна? Высвятлала Святлана Аўчарова.

Фламандцы за больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да Лукашэнкі. Інтэрв’ю з еўрадэпутаткай Асітаю Канко

Жыве Фландрыя! Такога воклічу Асіта Канко, еўрадэпутатка ад Фландрыі, не чула. Але мы ведаем, што за спектакль з гэтымі словамі паляцелі галовы ў Віцебскім тэатры – і спектакль знялі. Што яднае Беларусь і Фландрыю? Пра «анфана тэрыбль» Лукашэнку і слабасць Еўразвязу Алесь Сіліч паразмаўляў у Бруселі з еўрадэпутаткай Асітаю Канко. І ейныя словы гучаць вельмі моцна.

Лукашэнка прайграў у міграцыйным канфлікце?

Гібрыдная атака Лукашэнкі на мяжы не скончылася. Знізілася інтэнсіўнасць спробаў мігрантаў, пры спрыянні так званых беларускіх сілавікоў, прайсці мяжу Еўразвязу. Але тысячам гэта ўдалося, цяпер яны ў Нямеччыне. Праўда, некаторыя заплацілі за гэта жыццём. Іншыя пастанавілі вярнуцца на радзіму. Хто выйграў першы раўнд гэтае страшнае бітвы, дзе дыктатар выкарыстоўваў людзей, што шукалі лепшага жыцця, як гарматнае мяса? Хто будзе плаціць за міграцыйную драму на беларуска-польскай і літоўскай мяжы? Высвятлала Вольга Міцкевіч.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum;