«Расстраляць цывільны бус? Лёгка!» Тактыка расейскіх дыверсійна-выведных групаў


Памежная зона – месца супрацьстаяння расейскіх і ўкраінскіх дыверсійна-выведных групаў (ДВГ). Якія сляды пакідаюць расейцы? Якія задачы выконваюць дыверсанты на варожай тэрыторыі? Пра гэта нам распавёў былы выведнік з пазыўным Юстас.

Юстас праслужыў у ЗСУ каля сямі месяцаў. Як выведнік ён вадзіў украінскія ДВГ у Бранскую і Курскія вобласці.

«Я трапіў у аддзяленне выведкі, мы вельмі шмат хадзілі. Гэта была нашая асноўная праца – хадзіць, такі ўнікальны ў мяне досвед. Я адчуў, што такое выведка мінулай эпохі, – кажа Юстас. – Бо цяпер асноўныя задачы выведкі – выведка боем, напэўна, назіранне нейкае і гэтак далей. А мне пашанцавала менавіта пахадзіць».

Натуральна, «хадзіць» – не значыць «шпацыраваць». Гаворка ідзе пра рэйды па варожай тэрыторыі, дзе паўсюль таіцца небяспека. Юстас распавёў і пра ратавальныя аперацыі. Напрыклад, як ён шукаў у чыстым полі насупраць варожых пазіцыяў прапалы дрон, а таксама, як за гадзіну атрымалася даставіць параненага пабраціма з расейскай тэрыторыі ў шпіталь.

Юстас спадзяецца, што перамога Украіны дасць шанц на вызваленне Беларусі. У свой час ён спрабаваў дабіцца пераменаў адчайным адзіночным акцыянізмам, як ён сам гэта называе. Цяпер ён разлічвае на паразу Расеі, якая, на ягоную думку, абернецца перамогаю Беларусі (не Лукашэнкі).

Болей пра вайну на засыпаным мінамі ўкраінска-расейскім памежжы і тактыку ДВГ глядзіце ў нашай праграме.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: mil.ru; ProkopHapala / Wikimedia Commons