Полк Каліноўскага аб’яднаў Ціханоўскую з Пазняком? «ПраСвет» са Змітром Міцкевічам


Гарачая канферэнцыя каліноўцаў у Кіеве. Спрэчка праз Валерыя Сахашчыка і падпісанне дакументаў

У Кіеве пад гукі сірэнаў паветранай трывогі адбылася заканспіраваная канферэнцыя «Шлях да волі». У гарачых дыскусіях, спрэчках, дзе эмоцыі часам зашкальвалі, бралі ўдзел беларускія добраахвотнікі, прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь», дзясяткаў іншых арганізацыяў. А таксама беларускія і ўкраінскія журналісты, блогеры, актывісты. Ці ўдалося дамовіцца? Вынікі падсумоўвае Сяргей Пеляса, які прысутнічаў на канферэнцыі ў Кіеве.

Полк Каліноўскага пачаў працу над стратэгіяй вызвалення Беларусі. Інтэрв’ю з Вадзімам Кабанчуком

Як беларускім добраахвотнікам з палка Каліноўскага ўдалося сабраць беларускіх палітыкаў, якія між сабой амаль не размаўляюць – Святлану Ціханоўскую, Зянона Пазняка ды шмат іншых? Як стратэгію вызвалення бачаць уласна каліноўцы? Вынікі канферэнцыі «Шлях да волі» – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Вадзімам Кабанчуком, намеснікам камандзіра палка Каліноўскага, адным з арганізатараў форуму ў Кіеве.

Аляксандр Лукашэнка спрабуе вярнуцца ў Лацінскую Амерыку. Ці чакаюць яго там?

Супраца Беларусі і Венесуэлы – гэтага словазлучэння не было чуваць гадоў дзесяць дакладна. Бо і тут Лукашэнка здолеў пасварыцца. От жа бывае – не знайшлі агульнай мовы дзве дыктатуры. Цяпер сітуацыя зноў мяняецца. Абодва рэжымы ў асобах Мадура і Лукашэнкі, прыдушаныя санкцыямі і міжнароднай ізаляцыяй, надумалі аднавіць стасункі. Для пачатку ў Менск з Каракасу даслалі ганца ў выглядзе віцэ-прэзідэнта Рыкарда Мэнэндэса. Нават намацалі агульныя кнопкі аднаўлення стасункаў. Але ці ўдасца з гэтага што ўцямнае? Сюжэт Надзеі Бельскай.

Беларускае дэжа-вю і гістарычнае паседжанне Рады Украіна – NATO

У Бруселі прайшла сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Альянсу. Адною з галоўных тэмаў для абмеркавання засталося нястомнае падтрыманне Украіны, але і гібрыдная атака Расеі на мяжы з Фінляндыяй на ўзор Лукашэнкі выклікала шмат рэакцыяў. Якімі словамі ў Бруселі згадваюць рэжым у Менску і як Украіна зрабілася бліжэйшаю да NATO – у нашым сюжэце.

Канфлікт паміж Зяленскім і Залужным. У чым сэнс праблемы?

Стасункі паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным нельга ахарактарызаваць інакш як жахлівыя. Пра гэта піша выданне «The Economist». Паводле высокапастаўленай крыніцы ва ўкраінскім урадзе, адкрыты канфлікт у кіраўніцтве краіны быў прадказальным вынікам зацягнутай контрнаступальнай аперацыі, якая не пайшла згодна з планам. Але ці не ёсць гэтак званы канфлікт часткаю гібрыднай спецаперацыі Расеі? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu