Канцэрт аб'яднаў беларусаў у Беластоку


Надоечы мы расказалі вам гісторыю Георгія і Дзіяны, актывістаў і вернікаў з Кобрына. Яны пацярпелі ад сістэмы, яго збілі, катавалі, абражалі, пагражалі згвалтаваннем і завялі крымінальную справу.

«Я хадзіў 9–10-га на пратэсты, якія былі ў Кобрыне ў нас. А 11-га я пайшоў на малітву, яна ў нас была а 8-й гадзіне. І па дарозе мяне затрымалі. Затрымалі так званыя ціхары, яны былі без формы і апазнавальных знакаў. І пры затрыманні яны не білі, але білі ўжо, калі прыехалі ў РАУС. Там было вельмі шмат міліцыянтаў. Калі мяне прывезлі, вялі, нахіліўшы вельмі нізка, тварам заўсёды ўніз. Пасля паставілі тварам да сцяны, і я не ведаю, колькі чалавек мяне збівалі. Тры ці чатыры міліцыянты проста білі па целе. І ў канцы ўдарылі галавой аб сцяну», – успамінае Георгій.

Беларус беларусу
Пара ўцякла ад рэпрэсій і хоча дапамагчы іншым беларусам уладкавацца ў Польшчы
2021.11.23 17:30

У выніку пара была вымушаная пакінуць Беларусь. Галоўная каштоўнасць для гэтай сям’і – аднадумцы. Таму іхным галоўным жаданнем было ствараць і наведваць вечарыны і імпрэзы, дзе яны маглі б сустракацца з аднадумцамі, з рэпрэсаванымі беларусамі ў цёплай, душэўнай атмасферы.

І таму ў Беластоку ў клубе «Фама» неабыякавым людзям удалося стварыць такую выспу беларускасці для нашых герояў, дзякуючы фонду «Акно на Усход» і яго дырэктару Паўлу Міцкевічу.

Павел Міцкевіч звяртаецца да гасцей імпрэзы.
Фота: «Беларус беларусу»

Тут адбыўся паказ кінафільму «Пагранічча» пра падарожжа па беларуска-польскім памежжы, прайшла прэзентацыя «Жаночага календара» Яны Шостак і выступ гурта «Naviband». Збіраюцца і на прыемны мясцовы пачастунак і сяброўскую бяседу.

Выступ гурта «Naviband».
Фота: «Беларус беларусу»

«Кожны дзень беларусы ў Беластоку сустракаюцца са штодзённымі праблемамі, са штодзённымі выклікамі, са штодзённым шэрым жыццём. Усе гэтыя праблемы мы як фонд дапамагаем ім вырашаць. І ў гэтай беганіне і ў нервах забываемся пра нашае простае жыццё. Пра кантакты з людзьмі. Пра момант, калі трэба спыніцца, паглядзець вакол. Сёння акурат такі дзень», – падзяліўся ўражаннямі кіраўнік фонду «Акно на Усход» Павел.

Атмасфера была прыемная. Прысутныя адпачылі душой – і атрымалі рэсурс, каб рухацца далей.

«Вельмі класна. Нам вельмі падабаецца. І такога мала насамрэч у Беластоку. Хацелася б, каб гэтага было больш. Мы радуемся, што ёсць. Усё на найвышэйшым узроўні. Музыка на найвышэйшым узроўні, я ў захапленні. Мяжа… яна насамрэч такая адміністрацыйная больш. Мяжы паміж людзьмі няма. Сто працэнтаў. Мы проста, здаецца, больш разумеем, што Беларусь – нашая зямля і не жадаем яе аддаваць. І пакідаць яе пад прыгнётам улады, якая і не ўлада. А калі ўбачыла беларусаў сёння, так цёпла стала на душы. Сто працэнтаў, нашае жаданне ажыццявілася!» – падзяліліся ўражаннямі Георгій і Дзіяна.

Госці і арганізатары «Беларускага вечара ў Беластоку».
Фота: «Беларус беларусу»

Здаецца, у нас атрымалася стварыць Беларусь тут, у Беластоку, сёння. І для нашых герояў, і для іншых удзельнікаў імпрэзы. Гурт «Naviband», беларускае кіно, беларуская музыка і пачастунак. Усё гэта дзякуючы Паўлу Міцкевічу і валанцёрам фонду «Акно на Усход».

Belsat Music Live
Удзельнікі «Еўрабачання–2017» Naviband: сакрэты кахання і сцэны
2017.01.28 21:30

З вамі праект «Беларус — беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць. Калі вы хочаце падтрымаць іншых нашых герояў, публічна альбо ананімна, з любога пункту свету, лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.