Як гэта – ажаніцца з палітвязнем у турме?

Палітвязень Яўген Бароўскі зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Вераніцы за колькі дзён да суда, на якім яго пакаралі чатырма гадамі калоніі. Пара ўзяла шлюб у сценах СІЗА. Вядома ж, вяселле атрымалася не такім, як марыла нашая гераіня: з канвоем замест гасцей, без пярсцёнкаў, віншаванняў і нават без пацалунка. Але нягледзячы ні на што, гэты дзень усё ж стаўся для яе асаблівым. Дзяўчына чакае з турмы свайго мужа.

Дзень вяселля распачаўся звычайным клопатам нявесты: да Веранікі прыехала сяброўка і зрабіла прычоску ды макіяж, і хоць у ЗАГСе параілі не апранацца святочна, дзяўчына ўсё ж паехала ў СІЗА ў белай сукенцы. Цырымонію Вераніка згадвае так:

«У нас з супрацоўніцай ЗАГСу забралі тэлефоны, пашпарты і завялі ў пакой, дзе, уласна, рэгістравалі шлюб. Я чакала, што пакой будзе неяк упрыгожаны, але там стаяла школьная парта і два зэдлікі. Цырымонія заняла не больш як пяць хвілінаў, і яшчэ пяць хвілінаў нам далі, каб паразмаўляць з Жэнем. Мы стаялі нейкія спужаныя, бо не разумелі, што адбываецца. Праз каронавірус нам не дазволілі нават пранесці пярсцёнкі ў СІЗА, бо трэба было заходзіць у пальчатках і ў масцы. Пацалунку таксама не дазволілі, можна было толькі абняцца».

Да вяселля пара сустракалася каля года, пазнаёміліся Жэня і Вераніка выпадкова, здымаючы суседнія пакоі ў адной кватэры. Жэня займаўся ландшафтным дызайнам і будаўнічымі працамі. 15 кастрычніка 2020 года яго затрымалі, калі ён вяртаўся пасля працы дадому. Адразу ж прыйшлі з ператрусам у кватэру, дзе яны жылі з Веранікай.

«11 кастрычніка на «Пушкінскай» станцыі метро яны з хлопцамі пабачылі, як пад’язджае мікрааўтобус, у які пачынаюць запіхваць нейкага мужчыну. Хлопцы падбеглі, каб не даць яго забраць. І на відэа бачна, што Жэня быў там на заднім фоне. То бок ён нейкія крокі рабіў, руку ўзняў, але блізка да гэтай машыны не падыходзіў. І тое, што ён узняў руку, палічылі за баявую стойку, быццам ён застрашваў супрацоўнікаў АМАПу. Яму выставілі абвінавачванне па 364-м артыкуле і ў выніку далі 4 гады калоніі, астатнім хлопцам далі па пяць», – распавядае Вераніка.

Пара думала пра тое, каб ажаніцца. Затрыманне Жэні толькі ўзмацніла пачуцці і змусіла прымаць хуткія рашэнні. Хлопец зрабіў прапанову Вераніцы ў дзень яе народзінаў, даслаўшы з кур’ерам букет кветак, і яна адказала згодай:

«Безумоўна, я не магла кінуць яго ў такой сітуацыі, тым больш я разумею, што ён ні ў чым не вінаваты, і мая справа цяпер яму дапамагаць і быць побач. Раней было неяк цяжка, я не разумела, чаго я чакаю, а цяпер я ведаю, што я чакаю свайго мужа».

Мы хочам пазычыць маладым шчасця і свабоды, а для нашай гераіні сабраць пасаг, з якім яна магла б пачаць сямейнае жыццё.

«Падарункаў на вяселле нам ніхто не дарыў, нават мала хто віншаваў, хоць шмат хто ведаў пра тое, што ў нас вяселле. Ніякага пасагу, вядома ж, не было, магчыма, ён прыдаўся б у будучыні. Я хацела б набыць акварыум для сваіх чарапашак, іх у мяне дзве – хлопчык і дзяўчынка, і яны не могуць жыць адно без аднога».

Хочацца верыць, што і нашыя героі перажывуць разлуку і ў хуткім часе будуць разам.

Калі вы хочаце падтрымаць Яўгена і Вераніку з любога пункту свету, лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце, што беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Верніца-экстрэмістка, якую хваліла Качанава, адсядзела і мусіла эвакуявацца з прыёмнымі дзецьмі

Як беларусы Варшавы выратавалі шматдзетную беларускую сям’ю

Валярына Кустава: «Радзіма – гэта людзі, Беларусь – там, дзе нашая салідарнасць»

Валярына Кустава: «Верце, як веру я»

«Багінская з Берасцейшчыны», печ і беларуская салідарнасць

Як склаўся лёс выпускніцы, што не паціснула рукі дэкану-ябацьку? Сіроцтва, пазыкі і вялікая мара

Усяслаў Чарадзей скампенсаваў прыгажуні час, страчаны на Акрэсціна

Пацярпелым дапамагалі ўсім светам, нават з Краснаярску