На што зараз будуць хварэць беларусы?


Чаму стала настолькі складана трапіць да доктара? На што ішлі медыкі, каб атрымліваць «ковідныя» надбаўкі, а дзяржава – каб гэтыя надбаўкі ім не заплаціць? Што чакае беларусаў пасля эпідэміі COVID-19? Глядзіце ў новым выданні «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Летась напачатку чэрвеня ў Беларусі не хапала амаль 6500 медыкаў. Прааналізаваўшы весткі службы занятасці, аўтары праграмы заўважылі, што праз год колькасць вакансіяў павялічылася больш чым у паўтара разу, а для медычных сёстраў – на траціну. Адная з прычынаў нястачы медыкаў у Беларусі – масавая міграцыя за мяжу, перадусім у Польшчу. Падчас другой хвалі каронавіруса там спрасцілі ўмовы працаўладкавання для замежных медыкаў. Сярэдні заробак доктара-спецыяліста ў Польшчы большы за $ 1400, медычныя сёстры, фізіятэрапеўты, фармацэўты зарабляюць $ 1200.

У Беларусі сярэдні заробак ва ўсёй сферы аховы здароўя цяпер – крыху большы за $ 500. Суразмоўцы-медыкі ў праграме распавядаюць, што падчас пандэміі каронавіруса іхныя заробкі значна падвысіліся дзякуючы «ковідным» надбаўкам.

Надбавак не адмянілі. Але ў шпіталях атрымалі загад «зверху» зрабіць усё магчымае, каб памер выплатаў зменшыўся:

«Сталі абмяжоўваць узяцце мазкоў на ПЛР і антыген, каб проста не выстаўляць дыягназам ковід. […] Пацыент праляжаў у аддзяленні трое содняў і даведаліся, што ён станоўчы. Пацыента выпісалі дадому, гісторыю анулявалі, зрабілі так, быццам пацыент у шпіталі не ляжаў, каб не плаціць медперсаналу», – распавядае медык адной з раённых больніцаў.

Цяпер хварэць на каронавірус сталі менш. Раней, распавядае медык, лекары маніпулявалі ковідным пацыентамі і ў адваротны бок:

«У нас грошы атрымлівалі някепскія, таму ўсе кінуліся, і ўсе пры магчымасці знаходзілі як мага больш сабе пацыентаў, каб гэтыя грошы выплачваліся. […] І былі такія выпадкі, што нават прыходзілі і прасілі: «Ну, напішы, што ў чалавека пнеўманія двухбаковая полісегментарная, каб доктар атрымаў, скажам так, грошыкі».

Паводле звестак кіберпартызанаў, ад COVID-19 у Беларусі памерлі 25 тысячаў асобаў. Гэта ў 17 разоў больш, чым кажуць улады. У бліжэйшай будучыні медыкі прагназуюць рост смяротнасці беларусаў ад анкалагічных захворванняў, якія не лячылі падчас распаўсюджання каронавіруснай эпідэміі.

Таксама ў праграме:

  • Чаму ў Беларусі медыкі працуюць на састарэлым абсталяванні
  • Як чыноўнікі ды бізнесоўцы Лукашэнкі раскрадаюць бюджэт на медыцыну
  • Чаму затрымалі траўматолагаў
  • Што думае пра сучасную сістэму аховы здароўя былы міністр Ігар Зелянкевіч