Лукашэнка адчувае, што насоўваецца катастрофа. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка агучыў шэраг цьмяных заяваў пра будучыню. Ён адчувае, што насоўваецца катастрофа, якая можа яго знішчыць. Палітыка Крамля можа знесці ягоны рэжым. Яму патрэбны мір паміж Расеяй і Украінай і «абы не было вайны» з NATO. Прычыны прагматычныя: дыктатар адчувае, што шалёная палітыка Крамля можа прыкончыць ягоны рэжым. Падчас адзінага дня галасавання, у мінулую нядзелю, ён агучыў свае жаданні, а можа і мары, на бліжэйшы час. Сюжэт Надзеі Бельскай.

NATO перакінула сілы хуткага рэагавання бліжэй да Беларусі. Гэта сур’ёзны сігнал Маскве і Менску

NATO перадыслакуе свае сілы хуткага рэагавання з Захаду бліжэй да Беларусі і Расеі, у Польшчу ў межах вучэнняў «Brilliant Jump». У дзяржаве над Віслай пачаліся манеўры «Dragon 24», польскае войска рушыла са сваіх базаў. Натаўскі «Brilliant Jump» і польскі «Dragon» ёсць элементамі вучэнняў «Steadfast Defender» – самых вялікіх за апошнія трыццаць пяць гадоў. Іх мэта – адпрацаваць новыя планы абароны дзяржаваў на памежных з Расеяй тэрыторыях. Швецыя фармальна яшчэ не ў NATO, але дэ-факта яе войска ўдзельнічае ў вучэннях. Гэта сур’ёзны сігнал Маскве і Менску.  Падрабязнасці ў Юліі Лабанавай.

Беларусам трэба разам з расейцамі змагацца супраць Пуціна? Аналіз форуму расейскай апазіцыі ў Вільні

Смерць Аляксея Навальнага і выхад Юліі Навальнай у вялікую палітыку далі надзею на аб’яднанне расейскай апазіцыі і могуць падштурхнуць унутраны супраціў. На Форуме свабоднай Расеі, які прайшоў у Вільні ў мінулыя выходныя, расейскія дэмакратычныя палітыкі і эксперты разам з прадстаўнікамі Украіны паразмаўлялі пра каардынаванне высілкаў. Падчас вайны некаторыя лічаць супрацу з расейцамі непрымальнай. Аднак на фронце беларускія і расейскія добраахвотнікі плячом да пляча змагаюцца супраць ордаў Крамля. Ці варта браць з іх прыклад палітыкам, каб дабівацца пераменаў у Расеі, а значыць – заканчэння вайны?

Рэвалюцыйныя сілы перамагаюць хунту. Чаму паўстанне ў М’янме вучыць беларусаў?

Калі беларускія мірныя пратэсты пайшлі на спад пасля выбараў 2020 года, у М’янме, дзяржаве ў Паўднёва-Усходняй Азіі, вайскоўцы зладзілі пераварот. Пачаліся мірныя масавыя пратэсты, на якія хунта адказала крывавым гвалтам. Пратэстоўцы схапіліся за зброю і пайшлі ў трэнавальныя лагеры, схаваныя ў джунглях. Сёння, на трэці год грамадзянскай вайны, рэвалюцыйныя сілы перахопліваюць ініцыятыву ў вайсковай хунты. Якія высновы з гэтага змагання м’янманцаў з хунтай варта зрабіць нам, беларусам? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

У сучаснай вайне няма пераможцаў. Інтэрв’ю з экспертам з Нідэрландаў

Канфлікты звычайна працягваюцца нашмат даўжэй, чым усе чакаюць, а ў сучаснай вайне няма пераможцаў – лічыць Тым Свэйс, аналітык Цэнтру стратэгічных даследаванняў у Гаазе (Нідэрланды). Якім чынам заканчваюцца войны? Што такое дыпламатыя прымусу – і як яна працуе (або не працуе)? Які галоўны прынцып павінен вызначаць будучую архітэктуру бяспекі ў свеце? Падрабязнасці ў інтэрв’ю Алеся Сіліча з нідэрландскім экспертам Тымам Свэйсам.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu