Беларускія кулямётчыкі заслужылі пахвалу камандзіра ў баях з расейцамі


Мы сабралі навагоднія віншаванні ад грузінскіх добраахвотнікаў і мінакоў з Кіева для беларусаў, якія змагаюцца супраць расейскіх захопнікаў. А камандзір палка Каліноўскага распавёў нам, чым запомніўся падраздзяленню 2023 год.

Беларускія добраахвотнікі з самага пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне паказалі сябе адважнымі ваярамі. Гэта адзначаюць тыя, хто ваяваў плячо ў плячо з імі. Беларускіх пабрацімаў павіншаваў Вано Надзірадзэ, падпалкоўнік Дзяржаўнага ўпраўлення выведкі Сілаў спецаперацыяў Украіны, Міро Ванадзэ, ваяр Грузінскага нацыянальнага легіёну, і грузінскія ваяры з 252-га штурмавога батальёну Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.

«Я хачу павіншаваць з Новым годам беларусаў і зычу вам самага галоўнага: свабоды ад дыктатуры. Я вельмі шмат беларусаў бачыў ва Украіне і не толькі. І беларусаў, якія цяпер удзельнічаюць у розных дабрачынных праектах, у розных маніфестацыях на баку Украіны. Вашая барацьба няпростая, і тое, што вы робіце, шануе кожны ўкраінец», – кажа ваяр Міро Ванадзэ.

На выставе, прысвечанай палку Каліноўскага ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне (Кіеў), мы сустрэліся з беларускім ваяром Кусем. Яго камісавалі паводле стану здароўя.

Незвычайнае зычэнне для беларусаў мае ваяр Рыжы. Ён пажадаў беларусам часцей карыстацца беларускаю моваю. Дарэчы, у гэтым вам дапаможа нашая праграма «Мова нанова» з Віктарам Шукеловічам.

«Хачу пажадаць як мага большай колькасці суайчыннікаў калі не перайсці на родную мову, то намагацца дзе-нідзе яе ўжываць. Любіце і песціце нашую прыгажосць, давайце адраджаць нацыянальную свядомасць разам! Са святам, сябры! Няхай у наступным годзе шанцуе ўсім, апроч ворага», – зычыць Рыжы.

Камандзір каліноўцаў Кіт, якім так пужае пуцінская прапаганда, распавёў, чым запомніўся палку Каліноўскага 2023 год, а таксама супакоіў беларусаў, што ўкраінцы разумеюць акупацыйны характар рэжыму Лукашэнкі.

«Жыць у Беларусі, якая кантралюецца рэжымам Лукашэнкі, – вельмі цяжка, вельмі складана, і, паверце, гэта ва Украіне ўжо разумеюць. Таму – не адчувайце сябе вінаватымі ў чымсьці», – сказаў Кіт.

Што беларускі камандзір пажадаў беларусам у Беларусі і за яе межамі, глядзіце ў нашай праграме.

У Кіеве мы запісалі апытанне пра тое, чаго зычаць украінцы беларусам, якія абараняюць Украіну.

Рэдакцыя праграмы далучаецца да зычэнняў абаронцам Украіны і віншуе беларусаў з Новым годам!

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Tessa Rampersad / unsplash