Зміцер Дашкевіч падаў заяву на амапаўцаў, якія яго збілі пасля затрымання на адкрыцці помніку Леніну


За слова «Ганьба» – збіццё і пагрозы сексуальнага гвалту. Гэтак АМАПаўцы напярэдадні расправіліся са Змітром Дашкевічам, які разам з паплечнікамі прыйшоў на адкрыццё помніка Леніну каля Менскага трактарнага заводу. Сёння лідар «Маладога фронту» падаў заяву ў пракуратуру і Першамайскі РУУС сталіцы. Былы палітвязень, на рахунку якога 2 турэмныя тэрміны і дзясяткі затрыманняў, напісаў заяву на міліцыянтаў упершыню за 15 гадоў сваёй актыўнай апазіцыйнай дзейнасці.

«Таму што гэта абсалютна дзікунская сітуацыя. Асабіста я… магчыма, былі і больш жорсткія затрыманні і збіццё, але такой неадэкватнасці, замешанай на нейкіх хворых сексуальных уяўленнях я ўпершыню сустрэў», – абураецца Зміцер Дашкевіч.

Дашкевіч не першы і не апошні

Беларускія праваахоўнікі даволі часта пагражаюць затрыманым сексуальным гвалтам ці, як у гучнай гісторыі, калі АМАПавец памачыўся ў аўтазаку на падлетка. Судовы вырак – 2 гады абмежавання волі… для хударлявага падлетка, які нібыта збіў накачанага міліцыянта. А таму заканамерным гучыць пытанне Дашкевіча, якое палітык скіраваў у пракуратуру.

«Паводле якіх патрабаванняў падбіраюць АМАПаўцаў на службу? Мы ведаем выпадкі калі яны пагражаюць сексуальным гвалтам, выбачаюся, мочацца людзям на галаву пры затрыманні. Мне дубінкай тыкалі ў рот і крычалі: «Смакчы, падла!» Магчыма, ёсць нейкі крытэр абавязковы – наяўнасць сексуальных вычварэнстваў, схільнасці да гвалту. Калі ёсць, то няхай пракуратура азнаёміць з такімі патрабаваннямі, каб мы ведалі», – патрабуе Зміцер Дашкевіч.

Зміцер Дашкевіч перакананы, што пракуратара мусіла б быць зацікаўленая ў расследаванні, каб гэткія гісторыі зняслаўлівання затрыманых не з’яўляліся штодзень у медыях. Але, як заўважаюць праваабаронцы, дагэтуль абсалютная большасць гэткіх выпадкаў заставаліся беспакараная.

«У такіх варунках міліцыянты, тыя ж АМАПаўцы, працаўнікі спецпадраздзяленняў робяць што хочуць, пераступаюць межы закону і такім чынам заахвочваюцца афіцыйнымі ўладамі, яна іх прыкрывае, абараняе ў гэтых бясчынствах, таму такія факты маюць месца быць», – патлумачыў Гары Паганяйла, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага Камітэту.

А таму і ў лідара «Маладога фронту» няма ілюзіяў, што, як ён кажа, «адзін злодзей асудзіць іншага злодзея». Абараніць сябе і грамадзянаў можна толькі незамоўчваннем гэткіх крымінальных дзеянняў міліцыянтаў.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: TUT.BY

Стужка навінаў