«Жыццё без надзеі, барацьба без канца» – як у Баранавічах робяць самы стылёвы фанацкі рух у Беларусі


ФК «Баранавічы» – другі найстарэйшы клуб у Беларусі сярод тых, што існуюць цяпер. Ён быў заснаваны ў 1945 годзе і за ўсю сваю гісторыю ні разу не выступаў на найвышэйшым спартовым узроўні. А сёлета ўвогуле вылецеў з другога дывізіёну чэмпіянату Беларусі, заняўшы апошняе месца і здабыўшы перамогу толькі ў дзвюх гульнях за сезон.

Аднак горад з насельніцтвам каля 180 тысячаў чалавек не мог не падарыць Беларусі нечага цікавага. І адметныя «Баранавічы» ў першую чаргу фанацкай групай Goodfellas, якая робіць без сумневу самае стылёвае падтрыманне сваёй камандзе ў краіне. Афішы да матчаў і перформансы з адсылкай да шэдэўраў літаратуры і мастацтва – звычайная справа для гэтых хлопцаў. Яны прынеслі ў беларускі футбол метамадэрн яшчэ да таго, як вы пачулі гэтае слова ад Славы КПСС. Проста паглядзіце на некаторыя з іх твораў – гэта якраз тое, чаго не хапае айчыннаму футболу дзеля паляпшэння іміджу.

Афіша матчу супраць пінскай «Хвалі»
Выезд у Ліду – паводле матываў «Лідскага Аксамітавага»
Яшчэ адна лідская класіка
Для ўсіх аматараў Retrowave – стыль проста з 1980-х
А цяпер – для ўсіх аматараў анімэ
Выезд на цягніку – класіка ва ўсіх сэнсах
І як было не гайпануць на такім папулярным фільме?
Адгадаеце, выезд у які горад рэкламуе афіша?
Падчас выезду ў Наваполацк – зусім не блізка ад Баранавічаў

Як і для чаго гэта ўсё робіцца, «Белсат» пагутарыў з лідарам Goodfellas Максам Радрыгесам (менавіта пад такім іменем ён вядомы ў фанацкім асяроддзі).

– Адкуль у Вас ідэі для стварэння перфаў, афіш і зінаў? Што нахтняе на такі дызайн?

– З галавы. Сакрэт просты: кантэкст + культурны бэкграўнд. Афішы ў нас у краіне, ды і не толькі ў нас, – вельмі недаацэнены фармат. Як правіла, калегі па справе абмяжоўваюцца інфармацыяй пра матч і калажом у колерах клубу. Але дасціпная ці хаця б проста нестандартная афіша лепш вірусіцца, прыцягвае новую аўдыторыю. Мы прыйшлі да таго, што ўжо нават на ёй не пішам інфармацыю аб матчы – яна ідзе тэкстам, а карцінка – для прыцягнення ўвагі. Гэта стварае пэўны імідж у сеціве, ды і проста зʼяўляецца адносна простым спосабам выказацца або падкалоць апанента.

Першапачаткова слоган фанаў «Лівэрпулу» даўно стаў культавым. Фота прадстаўленае belsat.eu

З перформансамі сітуацыя падобная, толькі іх не атрымліваецца рабіць кожны матч, таму пару разоў у год ёсць сэнс замарочыцца. Наогул калі глядзець на гэта ў больш шырокім сэнсе, то перформанс (у кантэксце ультрас) можа быць мастацтвам. Калі стрыт-арт можа, то чаму б і не. Гэта выклікае нейкія эмоцыі ў тых, хто ўдзельнічае ў перформансе, у тых хто яго бачыць, і галоўнае – гэта зʼўляецца мастацтвам толькі ў гэты момант. Гэта нельга падоўжыць, гэта нельга прадаць ці хаця б ацаніць. Нешта на стыку акцыянізму і выяўленчага мастацтва. Але гэта толькі адзін з кутоў, з якога можна разглядаць гэтую зʼяву. Камусьці гэта можа падацца занадта прэтэнцыёзным, аднак разуменне таго, што можна не абмяжоўвацца стандартным наборам штампаў кшталту Эндзі Кэпа, келіха піва, рэтра-мяча, значна пашырыць ўяўленне.

– Колькі часу займае працэс стварэння сярэдняга перформансу? Колькі гэта каштуе і колькі людзей звычайна ўдзельнічае?

– У сярэднім тыдзень. Пасля працы / вучобы. Бывала нават па начах. Прычым складанасць уплывае толькі на тэмп, з якім перформанс ствараецца. Як правіла, адначасова ўдзельнічае не больш за 5 чалавек, бо як паказвае практыка, пры большай колькасці людзі пачынаюць замінаць адзін адному.

Мода пройдзе – фанацтва ніколі.

– Ваша група называецца Goodfellas. Патлумач, чаму менавіта такую назву абралі?

– З назвай доўга не маглі вызначыцца. Я вялікі прыхільнік фільмаў пра мафію і больш груп з такой назвай мы не ведалі. Ну і тэматычна нам гэта блізка.

– Вы раўняецеся на нейкую замежную фанацкую сцэну? Хто для цябе асабіста з’яўляецца самым крутым прыкладам ультрас-групоўкі?

– Ды раўняцца бессэнсоўна. Бо як мінімум з-за менталітэту ў нас ніколі не будзе, як у Італіі ці Германіі. Хоць вядома, што тычацца паняццяў, то наш арыенцір – Італія 80-х (перыяд росквіту ультрас культуры). У розныя перыяды натхнялі розныя сцэны і рухі. Вылучу ЛКС Лодзь – вельмі стыльны рух з стромкімі перформансамі, мерчам, графіці, плюс да ўсяго прыемныя беларускаму сэрцу бел-чырвона-белыя колеры. «Дынама» Дрэздэн – супер-арганізаваны масавы рух, класічны прыклад нямецкай сцэны. «Сампдорыя» і «Аталанта» – гэта адны з нешматлікіх італьянскіх рухаў, якім удалося захаваць дух ультрас.

Асобна можна вылучыць лацінаамерыканцаў, хоць іх ультрас нельга назваць. Асабіста мне імпануе Сан-Ларэнса. У асноўным з-за колераў. Тое, што адбываецца там на трыбунах, – гэта сапраўднае варʼяцтва. Дарэчы, гэта любімы клуб цяперашняга Папы Рымскага.

Жыццё без надзеі – барацьба без канца

– Вашыя перформансы і ўвогуле любая прадукцыя – вельмі нетыповыя для Беларусі. Наколькі людзі ў нашай краіне і за мяжой здольныя ацаніць тое, што вы робіце?

– Нават унутры руху не заўсёды ўсе разумеюць, а па-за яго межамі – складана ацаніць, тым больш у іншых краінах. Аднак тут можа быць паказнікам тое, што перыядычна пра нас пішуць папулярныя фанацкія рэсурсы, і нядаўна нават выйшаў матэрыял у польскім фан-зіне ТМК +. З праблемай недаразумення сутыкнуліся даўно, і першы час гэта хвалявала. Але ў выніку я прыйшоў да таго, што лепш хай нас будуць разумець людзі, блізкія па духу, і бачыць у гэтым ківок змоўшчыка.

– Што ўвогуле рухае табой у фанатызме? Для чаго ўсё гэта?

– Напэўна, кожны з нас задаваў сабе пытанне: а для чаго я гэта раблю? Для каманды? Для кіраўніцтва, якому пляваць на гісторыю і імя клуба? Для гульцоў, якія забываюць пра матч, ледзь перасягнуўшы межы поля, якім абыякава, ці ёсць наогул хтосьці на стадыёне? Ці можа, для людзей з руху? З нашай «цякучкай» – гэта глупства. Рэдка хто застаецца больш чым на 5 гадоў, ды і ці ледзь знойдзецца дзясятак людзей, якімі ты там рэальна даражыш. Вось і атрымліваецца, што робіш ты ўсё для сябе. І робіш гэта таму, што табе гэта падабаецца: падабаецца спяваць на трыбуне, угараць у слэме пасля забітага гола, махаць сцягам, ехаць на выезд, маляваць банеры. Табе падабаюцца гэтыя моманты і свабода ў іх. Хтосьці любіць рыбалку, а хтосьці аддае перавагу паездцы на выезд. Вядома, гэта можна назваць адной з формаў эскапізму, але ўсім нам трэба мець нейкую аддушыну. У любым выпадку, усё што з адбываецца, мае толькі той сэнс, якім мы яго надзяляем.

– Як гэта – фанацець за каманду, якая нічога ў гісторыі значнага не выйгравала і ў перспектыве такіх перамог не відаць? І што ўвогуле адчуваеш пасля сезону практычна без перамог?

– Ды не горш, чым, напрыклад, за БАТЭ. Многія думаюць, што ФК «Баранавічы» ня варты любові: у яго няма буйных тытулаў, ён не ўдзельнічае ў еўракубках і наагул у нас вечныя смутныя часы. Для мяне ФК «Баранавічы» – гэта 74 гады гісторыі, другі па ўзросце з цяпер існуючых клубаў краіны. Гэта 2 чэмпіёнства ў другой лізе. Так, дасягненне сціплае, але, чорт яго бяры, наша, і ганарымся мы ім не менш, чым «Дынама» Мінск тытулам 82 году.

Год практычна без перамог ужо не першы. Вядома, гэта эмацыйна вельмі вымотвае. Не заўсёды проста знайсці матывацыю пайсці на матч, дзе твая каманда практычна гарантавана прайграе, і матывацыі ўжо няма нават у футбалістаў. Пасля такіх перыядаў і перамогі ўспрымаеш як нешта асабістае, да чаго сам датычны. Гэта ўсё роўна мая каманда, частка маёй ідэнтычнасці, як бы дзярмова яна не гуляла. Як спяваў Элвіс: «Не магу цябе не любіць».

– «Жыццё без надзеі, барацьба без канца» – на маю думку, гэта найлепшы перформанс у гісторыі беларускага футболу, бо ён адлюстроўвае сітуацыю ў айчынным фанатызме ўжо шмат гадоў. Што асабіста для цябе і для фанатаў вашага клубу значаць гэтыя словы? Які сэнс ты ў іх укладваеш?

– Ды гэта можна лічыць нашым крэда. Мы заўзеем за клуб, які нічога значнага за 74 гады не выйграваў, і няма ніякіх бачных перадумоў што гэта зменіцца. Мы жывем па беларускіх мерках у буйным прамысловым горадзе, дзе літаральна ўсе асноўныя прадпрыемствы перажываюць перманентны заняпад, з нармальнай працай у горадзе туга – шмат хто зʼязджае ў Менск ці за мяжу. Ды і для беларусаў у цэлым гэты лозунг актуальны ўжо як мінімум 3 стагоддзі.

– Чаму беларускаму фанатызму, ды і ўвогуле футболу, зараз настолькі дрэнна? У нас рэдка здараецца штось цікавае на трыбунах. А ў той жа суседняй Польшчы нашмат весялей каляфутбольная атмасфера, хоць і ўзровень самой гульні недалёкі ад нашага. Ад чаго залежыць актыўнасць людзей на стадыёнах і зацікаўленасць іх футболам?

– Футбол у нас – не масавая зʼява. Безумоўна, ёсць сувязь паміж наведвальнасцю стадыёна ў цэлым і велічынёй фан-сектара. Праблема нашага футбола вельмі тыповая для многіх сфер жыцця краіны – людзі займаюць не свае месцы.

Чаму, напрыклад цяперашні кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу – былы ваенкам? Як ён туды наагул трапіў? У клубах таксама працуюць сваякі, сябры ці проста зручныя людзі, і прафесіяналы там – рэдкая зʼява. Пакуль футбольныя функцыянеры думаюць, што наведвальнасць залежыць толькі ад выніку або абстрактнай «якасці футбола», то нічога добрага не будзе.

Чарлз Букоўскі тапіў за «Баранавічы»! Расшыфроўка: «Стыль. Стыль – вось адказ на ўсё. Свежы падыход да чагосьці дурнога або небяспечнага. Лепш рабіць нешта дурное стылёва, чым рабіць нешта небяспечнае без стылю. Рабіць нешта небяспечнае стылёва – вось тое, што я называю мастацтвам. Бой быкоў – можа быць мастацтвам, бокс – можа быць мастацтвам, каханне – можа быць мастацтвам, адкрыць бляшанку сардзінаў – можа быць мастацтвам. Няшмат хто мае стыль, нешматлікія могуць трымацца стылю. Я бачыў сабак, больш стылёвых за людзей, хоць няшмат сабакаў мае стыль, а ў котак стылю хоць адбаўляй». Баранкі – гэта стыль.

Наш футбол – сумнеўнае задавальненне. Вакол няма медыйнай шуміхі, пра нашы клубы мала што вядома, практычна няма нармальных стадыёнаў, адэкватныя актыўнасці ў дзень матчу ёсць у лепшым выпадку ў трох клубаў у краіне. У людзей у форме таксама не заўсёды ёсць разуменне, што людзі прыходзяць на футбол адпачыць.

Ну і праблема культуры заўзення таксама маецца. У нас яе няма, і гэта трэба культываваць. У людзей нават няма банальна лаяльнасці да клуба. Каб сітуацыю неяк выправіць, клубам варта больш увагі надаваць маркетынгу і працы з заўзятарамі. Але гэтага чакаць не даводзіцца, мала хто з кіраўнікоў зʼяўляецца заўзятарам сам і разумее сутнасць пытання.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Стужка навінаў