Журналістаў «Белсату» судзяць за матэрыял, які рабілі іншыя журналісты «Белсату»


Адразу трох журналістаў нашага каналу: Алеся Дзянісава, Алеся Кайрыса і Катажыну Ляўдацкую – спрабуюць прыцягнуць да адказнасці за нібыта выраблены імі матэрыял пра кампазітара і спевака Чэслава Немэна. Пры гэтым на паседжанні прысутнічалі журналісты, якія сапраўды рабілі гэты матэрыял, але суд гэта не зацікавіла.

Суд над Кайрысам, Дзянісавым і Ляўдацкай. Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

Суд Ленінскага раёну ў Горадні пачаў разгляд справы супраць нашых калегаў за нібыта выраб відэа-сюжэту пра 80-я ўгодкі Немэна ў вёсцы Старыя Васілішкі. Працэс ад пачатку выглядаў парадаксальна: напрыканцы сюжэту ідуць тытры, дзе ўказаныя іншыя прозвішчы (Фралоў, Роман, Шота), але судзяць чамусьці зусім іншых людзей. Сумнавядомы артыкул ужо стандартны для супрацоўнікаў «Белсату»: 22.9 АК РБ («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»).

Суд над Кайрысам, Дзянісавым і Ляўдацкай. Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

У якасці сведкаў былі выкліканыя Уладзімір Сянюта (кіраўнік музею Чэслава Немэна ў Старых Васілішках) і Томаш Маркевіч (колішні сябар спевака, які хадзіў з ім у маладыя гады на танцы). Абодва мужчыны сталага веку: 1947-га і 1935-га гадоў нараджэння. Абодва не пазналі ў падсудных асобаў, якія рабілі з імі інтэрв’ю ці якія-кольвек іншыя відэазапісы.

Уладзімір Сянюта і Томаш Маркевіч. Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

І тут узнікае пытанне: якім чынам паказанні сведкаў у справе не супадаюць з іх сведчаннямі на працэсе? Бо паводле справы ўсе сведкі (3 чалавекі, з іх 2 прысутныя на судзе) адназначна сведчаць супраць Дзянісава, Кайрыса і Ляўдацкай – пазнаюць іх паводле фотаробатаў.

«Нейкія хлопцы здымалі, але я не памятаю, – казаў у судзе Маркевіч. – Ці гэтыя?.. Не. Тыя без бародаў былі. І дзяўчына не тая – гэтая дзіцё зусім. Далі мне падпісаць [пра паказанні. – Belsat.eu] – я і падпісаў. А каму падпісваць?! Бог іх ведае…»

Суд над Кайрысам, Дзянісавым і Ляўдацкай. Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

Паводле абвінавачаных, у Старых Васілішках на 80-я ўгодкі Немэна сёлета яны сапраўды былі, але па сваіх справах. Дзянісаў з Кайрысам збіралі матэрыял для будучага фільму пра кампазітара, а Ляўдацкая наагул не мела і не мае ніякіх справаў з відэажурналістыкай, таму запісвала сталых людзей на дыктафон наўпрост для прыватнага архіву.

Суддзя Зміцер Бубеньчык, які ўжо неаднаразова займаўся палітычнымі працэсамі, некалькі разоў прызначаў перапынкі, але ў рэшце рэшт перанёс фінальнае паседжанне на 24 красавіка. Ключавое пытанне Дзянісава наконт асобаў, пазначаных у цітрах, суддзя наўпрост праігнараваў: «Гэта не ваша кампетэнцыя!»

Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

«Зразумела, што гэта сфабрыкаваная справа, – каментуе сітуацыю Дзянісаў. – Шчучынскія міліцыянты нават з пункту гледжання падтасоўкі не змаглі ўсё зрабіць «прыгожа». Бачна, што быў ціск на сведкаў: старых людзей наўпрост выкарысталі. Іхныя словы ў пратаколах нібы пад капірку напісаныя, а сёння яны ў судзе кажуць, што не ведаюць нас, не памятаюць, не бачылі. Да праграмы я не меў ніколі ніякага дачынення, больш за тое, у цітрах прапісаныя ўсе, хто над ёй працаваў – нікога з іх на лаве падсудных наўпрост няма!»

Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

Самае цікавае, што на судовым паседжанні прысутнічалі Андрэй Фралоў і Ян Роман, імёны якіх акурат фігуруюць у сюжэце пра Чэслава Немэна, паказаным у праграме Nad Niemnem каналу «Белсат», але дапытаць іх ніхто так і не дадумаўся.

Фота: Васіль Малчанаў/belsat.eu

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары