Суд Савецкага раёну Менску прызнаў журналіста Змітра Галко вінаватым у гвалце у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і пакараў яго 4 гадамі «хіміі» – абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Змітра вызвалілі ў залі суду. З’явіцца на «хімію» ён будзе абавязаны самастойна. Прысуд Галко вынес суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Падтрымаць Змітра на паседжанне прыйшлі ягоныя блізкія, у тым ліку сын Ян Хрысціян, а таксама сябры і калегі.
У каментары belsat.eu ён падкрэсліў, што не згодны з прысуд і адзначыў палітычны складнік гэтай крымінальнай справы.
«Калі б не было палітычнага складніку, то ўвогуле не з’явілася б крымінальная справа. Адзіным справядлівым рашэннем з боку суда было б поўнае апраўданне. У «хіміі» ёсць свае мінусы – неўзабаве пра маю справу ўсе забудуць, бо я не ў турме, але свабода ўсё адно будзе абмежаваная, не атрымаецца ўзʼяднацца з сямʼёй», – сказаў Галко.
Пакуль Зміцер не ведае дакладна, ці збіраецца абскарджваць прысуд.
Раней дзяржаўны абвінаваўца прасіў для Галко 3 гады пазбаўлення волі. Сам журналіст сваю віну ў роўным аб’ёме не прызнаў.
***
Галко знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2,5 месяца. Судовы працэс над журналістам распачаўся 10 ліпеня.
Інцыдэнт, які стаў нагодай для крымінальнага пераследу, адбыўся ў 25 лістападу 2017 года. Сын Галко святкаваў сваё 15-годзе на кватэры ў Менску. На свяце былі ягоныя сябры, таксама прысутнічаў і сам Галко (усяго было каля 17 чалавек). Шумная кампанія падлеткаў прыцягнула ўвагу мясцовага ўчастковага Юрыя Чыркова. Паводле следства, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру, у іх адбыўся канфлікт са Змітром Галко, прычым журналіст нібыта ўжыў сілу да праваахоўнікаў. Паводле адваката Галко Наталлі Мацкевіч, міліцыянты незаконна ўварваліся ў кватэру, пачалі відэаздымку, таму ў дачыненні журналіста нельга ўжываць артыкул аб нападзе на працаўніка МУС.
У хуткім часе пасля гэтага Галко разам з сынам з’ехалі ва Украіну. Аднак 22 красавіка, падчас вяртання на радзіму, Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і кінулі за краты.
На мінулым тыдні міжнародная журналісцкая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» заклікала да «неадкладнага вызвалення» журналіста і блогера Змітра Галко, якога вінавацяць у гвалце ў адносінах да міліцыянтаў.У адмысловай заяве «Рэпарцёраў без межаў» адзначаецца, што Галко стаў «відавочнай ахвярай пераследу». У дакуменце адзначаецца, што пераслед журналіста «мае прыкметы акту помсты» за прафесійную дзейнасць.
ІІ, belsat.eu