Зборная Нямеччыны вылецела з ЧС па футболе. Такога не было ніколі


Зборная Нямеччыны, дзейны чэмпіён свету па футболе, сенсацыйна прайграла камандзе Паўднёвай Карэі 0-2 і вылецела з ЧС у Расеі.

Немцы на працягу матчу больш кантралявалі мяч і нанеслі больш удараў, але прапусцілі два галы ад карэйцаў у дададзены час. Прычым другі мяч Паўднёвая Карэя забіла ў пустую браму – брамнік Нямеччыны ў гэты момант пайшоў дапамагаць сваёй камандзе ў атацы.

У выніку з 3 баламі Нямеччына заняла апошняе месца ў сваёй групе. Упершыню за ўсю гісторыю ўдзелу немцаў у чэмпіянатах свету па футболе яны не выйшлі з групы. Пачынаючы з 1954 года Нямеччына заўсёды даходзіла мінімум да 1/4 фіналу. Чатыры разы яны станавіліся чэмпіёнамі свету (у тым ліку на мінулым турніры ў 2014 годзе).

Праўда, Нямеччына працягнула новую тэндэнцыю ЧС, калі дзейны чэмпіён не выходзіць з групы на наступным турніры. Гэтак адбылося з Італіяй у 2010 годзе і з Іспаніяй у 2014-м.

Карэйцы, нягледзячы на перамогу, у 1/8 таксама не трапілі. У плэй-оф выйшлі каманды Мексікі і Швецыі (шведы сёння нечакана перагулялі мексіканцаў 3-0).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў