Праваабаронцы патрабуюць вызвалення Юліі Слуцкай, Алы Шарко, Сяргея Альшэўскага, Пятра Слуцкага, Ксеніі Луцкінай. Яны выступілі з адпаведнаю заяваю.
Таксама праваабаронцы патрабуюць ад уладаў адмовіцца ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання і свабоду асацыяцыяў ды неадкладна спыніць рэпрэсіі, а таксама вызваліць усіх палітычных вязняў.
Пад зваротам падпісаліся адзінаццаць арганізацыяў, сярод якіх – ПЦ «Вясна», Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя.
Юлію Слуцкую ды іншых сябраў «Прэс-клубу» вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і спрыянні гэтаму.
Фігурантаў «справы «Прэс-клубу» затрымалі 22 снежня. Абвінавачанні заснавальніцы ўстановы Юліі Слуцкай, а таксама яго фінансаваму дырэктару Сяргею Альшэўскаму, праграмнай дырэктарцы Але Шарко, аператарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму выставілі 31 снежня. Іх трымаюць пад вартай у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Пакуль заснавальніцы «Прэс-клубу» не паказалі дакументаў, якія пацвярджаюць сумы недаплачаных падаткаў, не былі агучаныя і падставы, паводле якіх установа павінна была выплаціць іх у большым аб’ёме. Сваякі затрыманых перавялі на рахунак Следчага камітэту 109 769 беларускіх рублёў: такая сума, паводле следчых, складае недаплачаныя падаткі «Прэс-клубу».
Юлія Слуцкая ды іншыя сябры «Прэс-клубу» прабудуць пад вартаю мінімум да 22 лютага. Акрамя іх, на гэты момант пад вартай у крымінальных справах трымаюць журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч, супрацоўніц «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, а таксама былую карэспандэнтку БТ Ксенію Луцкіну, якую затрымалі ў адзін дзень з кіраўніцтвам «Прэс-клубу».
ДР belsat.eu